Маці, бабуля і педагог

Date 11.10.2022 Man
Comment 367
Маці, бабуля і педагог

Мабыць, мала ў Беразіно людзей, якія не ведаюць Людмілу Самуйловіч, асабліва сярод людзей сталага ўзросту.

– Аддала дзевятнаццаць гадоў дзіцячаму садку №7, а затым у 1986 годзе перайшла працаваць у сярэднюю школу №1, якая потым пераўтварылася ў гімназію, адпрацавала там васямнаццаць гадоў выхавальнікам групы падоўжанага дня ў пачатковых класах гімназіі, – дзеліцца Людміла Уладзіміраўна. – І калі выйшла на заслужаны адпачынак, таксама была запатрабаванай, доўгі час запрашалі на замены, калі хто з настаўнікаў хварэў, ці выпраўляўся на курсы.

 

І гора, і суцяшэнне

Людміла Самуйловіч – шматдзетная матуля. Муж Генадзій Купрыянавіч працаваў начальнікам цэха на торфабрыкетным заводзе, потым быў галоўным інжынерам на льнозаводзе, пасля інжынерам на свінакомплексе “Пагосцкі”, які ператварыўся ў ЗАТ “Клявіца”. Нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. Праўда, лёс склаўся так, што дваіх ужо няма. І Генадзій Купрыянавіч ужо дванаццаць гадоў як пайшоў з жыцця. Але засталася памяць, якая шчымлівым болем калі-нікалі прасочваецца на паверхню з мінулага.

– Старэйшы сын Ігар загінуў у 1998 годзе, калі здарыўся выбух на спіртзаводзе. І ў той момант маё жыццё адразу падзялілася на “да” і “пасля”, – са скрухай уздыхае Людміла Уладзіміраўна. – А ў меншага сына Віталіка было хворае сэрца, не стала яго ў 2016-м. Як падобнае маці перажыць? Такі ўжо лёс…

Затое суцяшэнне на старасці гадоў дачка Ала, якая жыве ў Барысаве, і ўнукі: дачка Алы – Наста і Ігараў сын – Жэня. Наста працуе начальнікам аддзела ў друкарні, дзе, між іншым, друкуюць “Бярэзінскую панараму”, а Жэня – праграміст у вядомай 9-й бальніцы па вул. Сямашка ў Мінску. Часцяком наведваюцца да мамы і бабулі, падтрымліваюць цесныя цёплыя адносіны. Людміле Уладзіміраўне, як бабулі і як педагогу, заўсёды ёсць пра што расказаць. У тым ліку і цікавыя звесткі з мінулага.

 

Уратавала падпольшчыца

З доўгай сямейнай гісторыі назаўсёды захаваўся ў памяці эпізод пра тое, як у вайну немцы ледзь не забілі бацьку.

– Тата, Уладзімір Міхайлавіч, да вайны працаваў загадчыкам пякарні. Пра тое данеслі акупантам, а ў немцаў было так: раз чалавек на кіруючай пасадзе, значыць, камуніст, для іх першы вораг. Тату схапілі, білі і катавалі ўвесь вечар і ноч, раніцай збіраліся расстраляць. Мама, Ганна Сцяпанаўна, перад вайною працавала ў дзіцячым садку і добра ведала Лізавету Гансоўскую, вядомую бярэзінскую падпольшчыцу. Таму, нягледзячы на каменданцкі час, кінулася за дапамогай, і яны разам рушылі да нямецкай камендатуры. Лізавета Гансоўская давяла немцам, што яны памыляюцца, і вось дзякуючы заступніцтву падпольшчыцы, тата ўратаваўся, – расказвае Людміла Самуйловіч. – Пра гэты выпадак было ўзгадана нават у кніжцы пра падпольшчыкаў, выдадзенай у 80-х.

Да гэтай пары захавалася татава чырвонаармейская кніжка. Ён спачатку быў удзельнікам фінскай вайны, на якой яго цяжка кантузіла. У перыяд акупацыі займаўся рамонтам абутку, каб сям’я магла выжыць. Пасля вызвалення далучыўся да Чырвонай Арміі, быў санінструктарам, узнагароды меў. Пасля вайны звольніўся з арміі па інваліднасці. Атрымаў раненне нагі, якое доўга не загойвалася. Адкуль мне вядома пра ўсё гэта? Расказалі ў дзяцінстве бацькі.

 

Ведаць навіны

У паважаным узросце Людміла Уладзіміраўна поўная жыццёвай энергіі і лагодных усмешак. Аматарка глядзець палітычныя тэлеперадачы, асабліва з удзелам вядучага Уладзіміра Салаўёва.

– Страшна робіцца ад сённяшніх навін у свеце, але лепш ведаць, што адбываецца, – гаворыць яна.

Яшчэ падабаюцца дэтэктыўныя фільмы і серыялы, якімі захапляецца ўсё жыццё, у першую чаргу сучасныя, расійскай вытворчасці. Падчас прагляду разгадвае сканворды. Як толькі пачынаецца рэкламная паўза, можа за пяць хвілін справіцца з цэлай старонкай. Гэта адцягвае ўвагу ад гаротных успамінаў пра тых, каго ўжо няма. У сферы інтарэсаў таксама газеты. Пра родную раёнку і гаворкі няма, яшчэ бацькі выпісвалі. Акрамя “Бярэзінскай панарамы”, на першым месцы таксама і “Аргументы и факты”.

 

Аднакласнікі

Асобная тэма ў жыцці Людмілы Уладзіміраўны – аднакласнікі, з якімі калісьці вучыліся разам. У 2010-м годзе ў СШ №2 сабраліся разам тыя, хто закончыў школу 45 гадоў назад. Неўзабаве падобныя зборы-сустрэчы сталі традыцыйнымі. Было цікава сустрэцца былым аднакласнікам у роднай школе на круглыя даты пасля выпуску. Падтрымліваюць сувязь паміж сабою рознымі спосабамі, могуць і ў сацыяльных сетках перапісвацца.

– Мы вельмі сябруем, адзін другога падтрымліваем. І не толькі на круглыя даты, але ўжо 7 гадоў запар сустракаемся разам у жніўні. Сёлета ж быў юбілей нашага выпуску – 55 гадоў, як школу закончылі. Для нас на ўрачыстасць такі вялікі і шыкоўны торт прыгатавалі!

 

Юбілей і віншаванні

У верасні Людміла Уладзіміраўна адзначыла 75-гадовы юбілей. Цёпла і з душою павіншавалі ў вядомым ветэранскім клубе “Сустрэча”, у якім жанчына – пастаянны ўдзельнік.

Важным у жыцці педагог лічыць тое, што заўсёды шчыра і добрасумленна працавала, таму зараз не сорамна перад калегамі, роднымі і знаёмымі. Гэта вельмі важна вось так пражыць – сумленна, і несці свой крыж.

На юбілей прыйшлі і сямёра аднакласнікаў, адна нават з Мінска прыехала з віншаваннямі. Не забываюць педагога таксама былыя выхаванцы і вучні.
Мы ж таксама далучаемся да віншаванняў і жадаем шаноўнай юбілярцы моцнага здароўя і доўгіх гадоў насычанага жыцця.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER