Жанчына трывожнай прафесіі

Date 11.10.2022 Man
Comment 787
Жанчына трывожнай прафесіі

Менавіта так з усёй адказнасцю можна назваць тую справу, якую выконвае Крысціна Цэдрык. Яна – дзяжурная пульта кіравання бярэзінскага аддзялення Дэпартамента аховы. Сюды сцякаюцца ўсе “нітачкі” ад аб’ектаў, якія пастаўлены на ахову, і тут знаходзіцца цэнтр, куды паступае сігнал з так званай “трывожнай кнопкі”.

– Мая работа – гэта кантроль за ўсімі аб’ектамі, якія пастаўлены на ахову. А таксама тэрміновае рэагаванне на факты, калі спрацоўвае сігналізацыя, – расказвае Крысціна. – Сітуацыі тут бываюць розныя – ад чыста тэхнічных “глюкаў” і да пранікнення злачынцы. І адзін, і другі выпадак добра адсочваюцца. Калі проста спрацоўвае адзін з так званых шлейфаў (а іх устанаўліваецца некалькі), значыць, хутчэй за ўсё, гэта проста тэхнічная няспраўнасць. Іншая справа, калі на аб’ект хтосьці пранікае. Даводзіцца адгукацца і на “трывожную кнопку”. Яе выкарыстоўваюць для аператыўнага выкліку супрацоўнікаў міліцыі на той ці іншы аб’ект, калі там ствараецца неардынарная сітуацыя: пачынаецца бойка ці ў магазіне затрымліваюць злодзея. Сітуа-цый бывае нямала і кожная па-свойму ўнікальная. Сумаваць на рабочым месцы няма калі.

Сапраўды, за час нашай гутаркі маёй суразмоўцы раз-пораз даводзілася адгукацца на паступаючыя звароты. На шчасце, нічога надзвычайнага не адбывалася, усе яны насілі інфармацыйны характар. У такім рэжыме праходзіць 12 гадзін змены. Іншы раз пастаўлены з раніцы кубак чаю, – жартуе жанчына, – паспяваю выпіць толькі ўвечары, калі напал крыху змяншаецца. Але на лёс і напружанасць яна не наракае: ведала, на які адказны ўчастак ішла. А з’явілася Крысціна ў аддзяленні чыста выпадкова, калі тут адкрылася вакантная пасада.

І ўсё ж сказаць, што работа не мае свайго адбітку на жыцці, таксама нельга. І перш за ўсё звязана гэта з тым, што Крысціна – мнагадзетная матуля і гадуе траіх дзяцей. На жаль, лёс склаўся так, што іх выхаваннем яна займаецца адна. Тата дачушак, праўда, убаку не застаецца, часта бярэ іх на выхадныя, дапамагае фінансава і не з’яўляецца пабочным чалавекам. І ўсё ж, увесь цяжар выхавання прыпадае на матулю.

– Няпроста, зразумела, – прызнаецца яна. – Графік работы і частыя дзяжурствы не дазваляюць мне быць ідэальнай маці. А гэтага так хочацца! Тым не менш, увесь свой вольны час трачу на сваіх дзяўчынак. Яны ў мяне малайцы, ужо добрыя памочніцы, паслухмяныя, добра вучацца, не падводзяць мяне.

Самай старэйшай, Дашы, ужо споўнілася 16 гадоў. Вучыцца ў 10 класе і пакуль што выбірае сваю будучую прафесію. Марыць стаць сцюардэсай. Але гэты варыянт яшчэ далёка не канчатковы, час вызначыцца яшчэ ёсць. А пакуль што яна – найпершая памочніца матулі, асабліва калі неабходна “прыструніць” малодшых. Дзевяцігадовая Сафія – першая памочніца ў дамашніх справах. Непаседлівая і мае шмат захапленняў – вакал, танцы, валейбол, барацьба. Як толькі паспявае ўсюды? Не адстае ад сястрычак і малодшая Яна – цікаўная і няўрымслівая асоба, з характарам, вельмі любіць парадак у кватэры, каб усё ў ёй знаходзілася на сваім месцы.

Разам з матуляй яны часта бываюць на прыродзе, упадабаным месцам стаў гарадскі пляж, куды выбіраюцца ўсёй сям’ёй. Іншы раз выязджаюць да маміных сябровак. А самымі радаснымі з’яўляюцца для ўсіх святы Новага года, Вялікадня, Нараджэння Хрыстова, калі разам збіраюцца за сталом. А на ім заўсёды шмат розных смачнасцей – маці пастаралася. Крысціна – вялікая аматарка тартоў. Якіх толькі гатункаў не выпякае яна! Іншы раз (праўда, адбываецца падобнае вельмі рэдка з-за недахопу часу) робіць іх і на заказ. Раней, калі не было дзетак і такой загружанасці, рабіла гэта часцей, займалася і вырабам гумак (резиночек) для ўпрыгожвання.

Наогул, Крысціна – чалавек вельмі актыўны, і нягледзячы ні на што, таксама мае шмат захапленняў. Яна любіць займацца нарыхтоўкамі з матулінага агарода (тая жыве тут жа, у Беразіно), заўзяты грыбнік і нават аматар рыбалкі. Марай жанчыны з’яўляецца прыгнуць з парашутам. Пакуль што не атрымалася. Спрабавала “тарзанку”, але вышыня каля шасці метраў яе не ўразіла.

А яшчэ Крысціна кожны год на Вадохрышча акунаецца ў купелі. На жаль, рэдка калі выпадае трапіць у гэты дзень у Крупу, а рэчка – заўсёды пад бокам. Сямейныя клопаты перашкаджаюць Крысціне рэгулярна наведваць і царкву, але яна, як вернік, жыве пастаянна з Богам. Моліцца дома па “Малітваслове”, запальвае царкоўныя свечкі і просіць ва Усявышняга шчасця сабе, сваім дзецям і блізкім. Да малітвы прызвычаіліся і дочкі, якія вымаўляюць яе кожны раз перад тым, як легчы спаць.

Вось так – у пастаянным руху і клопатах, не губляючы добрага настрою і аптымізму – і праходзяць ці нават пралятаюць дні гэтай жанчыны, мнагадзетнай матулі, якая не страціла веру ў жыццё і дабро і імкнецца дарыць яго іншым.

– Я шчаслівы чалавек, – прызнаецца Крысціна, – бо, па-першае, я – маці. Гэта так класна! І сваю радасць мацярынства я ні на што не прамяняю, лічу гэта сваім галоўным скарбам. А яшчэ я шчаслівая таму, што здаровыя ўсе мае блізкія. Маё шчасце – ва ўсім: у здароўі, у поспехах, у дзецях, у пераадоленні цяжкасцей і праблем. Таму жадаю напярэдадні свята кожнай маці, кожнай жанчыне толькі шчасця. Няважна, з чаго яно складаецца ў кожнага. Галоўнае – валодаць ім і не страчваць. А гэта залежыць толькі ад нас саміх.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Маці, бабуля і педагог Сем “я” — значыць «сям'я» »