Сем “я” — значыць «сям'я»

Date 12.10.2022 Man
Comment 609
Сем “я” — значыць «сям'я»

Даказана жыццём, што самае галоўнае для чалавека – сям’я. Што б ні здарылася: ці радасць, ці гора – ніхто так не падтрымае і не дапаможа, як бацькі. А найлепшы падарунак для кожнай сям’і – шчаслівыя і радасныя ўсмешкі дзяцей. Узор гэтага – мнагадзетная сям’я Ганны і Дзяніса Старасценка з Беразіно.

Пакахалі адзін аднаго з першага позірку

Ганна і Дзяніс пазнаёміліся выпадкова. Яны аказаліся разам у адной кампаніі і паміж імі адразу ўспыхнула яркая іскра. Раман быў бурным і кароткім, бо націску і ўпэўненасці маладому мужчыну было не пазычаць. Таму яны хутка пачалі жыць разам.

– Дзяніс адразу запаў мне ў сэрца, – прызнаецца жанчына. – Тады не здагадвалася, чаму, але пражыўшы з ім шаснаццаць гадоў, зразумела яго сакрэт. Ён надзейны, старанны, працавіты, клапатлівы муж і бацька, сапраўдны галава сям’і. За ім я і нашы пяцёра дзяцей як за каменнай сцяной і ўпэўнена глядзім у будучыню. Ды і які ў яго аўтарытэт сярод дзяцей! Пазайздросціць любая матуля.

 

Быць шматдзетнымі не планавалі

Выхоўваць і ставіць на ногі цэлы атрад дзятвы сям’я Старасценка зароку не давала. Дзяніс вырас у звычайнай статыстычнай з двума дзецьмі сям’і.

– А вось нас у бацькоў было трое, – гаворыць Ганна, – я сярэдняя, а малодшы мой брацік маладзей на пятнаццаць гадоў. Яго гадавалі, ставілі на ногі літаральна ўсёй сям’ёй. Ды і нічым асаблівым мы, дзеці са шматдзетных сем’яў, не адрозніваліся, жылі як усе, з
мазаля, на вёсцы.

У сям’і спачатку нарадзіўся Арцём, затым праз чатыры гады Аляксандр, пасля Даніла, Мікіта, а менш за два гады таму з’явілася і Карына.

– Цяпер у нас, як кажуць, чатыры сыночкі і лапачка – дачушка, – смяецца Ганна. – Усе яны доўгачаканыя і любімыя, нашы самыя непаўторныя. Вядома ж, гадаваць іх было няпроста, але мы з мужам у свой час палічылі, што там, дзе трое дзяцей, знойдзецца месца і чацвёртаму, і пятаму дзіцяці. Так і атрымалася!

 

Быць бацькамі няпроста, а шматдзетнымі - удвая

Ганна і Дзяніс на цяжкасці не наракаюць і сваім бацькоўствам ганарацца.

– Мы дзяцей нараджалі не для дзяржавы, а для сябе, – заяўляюць яны. – Навучыліся за гады сумеснага жыцця жыць па сродках і разлічваць толькі на ўласныя сілы. Ды і не напалохаеш нас цяжкасцямі і
нягодамі.

Ганна сама вясковая. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Трасцянка. Пасля заканчэння школы скончыла Бялыніцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча сельскагаспадарчай вытворчасці па спецыяльнасці “гаспадыня сядзібы”.

Працаваць па спецыяльнасці не давялося, затое яна паспрабавала свае сілы ў якасці прадаўца, а праз некалькі гадоў пасля сустрэчы з Дзянісам уладкавалася на працу ў дзіцячы садок №8. Спачатку кухоннай рабочай, а пазней – поварам. Работнікі ўстановы адзначаюць не толькі выдатны смак прыгатаваных Ганнай страў для дзяцей, але і яе надзвычай спагадлівы характар, адкрытасць і акуратнасць.

– Калі мне па сілах накарміць дзяцей у садку, ці ж будзе цяжка прыгатаваць ежу для сям’і, – зазначае жанчына. – Яны ў мяне не пераборлівыя, але любяць смачна пад’есці. Так, замест грэчкі заўсёды аддаюць перавагу бульбе ў самых розных стравах. Ды і любяць хатняе печыва. Таму мука і цукар у нас разыходзяцца хутка!

 

Сямейны бюджэт - менш за 2 тысячы рублёў

Вялікімі даходамі сям’я Старасценка ніколі пахваліцца не магла. Ды і ніхто тут не гоніцца за раскошай. Так, зараз Ганна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем да трох гадоў. Таму сямейны бюджэт складае каля дзвюх тысяч рублёў. Сума для сямі чалавек невялікая, але ў сям’і ўсё неабходнае ёсць.

– Вядома, фінансава нам гадаваць дзяцей дапамагае дзяржава, – заўважае Ганна, – але мы таксама не сядзім на чужой шыі. У свой час набылі невялічкі домік па вуліцы Інтэрнацыянальнай горада, маем свой агарод, ёсць аўтамабіль. Ды і пралічваем кожную вялікую пакупку.

Ганна на такі рэжым жорсткай эканоміі не наракае. Ну няма ў яе грошай на модны манікюр, прыгожыя бровы і нарошчаныя вейкі. Ды і навошта яны ёй, калі жанчына літаральна ззяе шчасцем, ззяе з нутры.

 

На Дзень матулі – наваселле

Ды і што дае штучная прыгажосць, калі зараджае шчасцем любячы муж і здаровыя дзеці. Ды і чакае жанчыну на свята – Дзень матулі – самы раскошны падарунак. Яны ўсёй сям’ёй будуць спраўляць наваселле ў новым доме па вуліцы Якуба Коласа горада. Яго сям’я пабудавалі за дзяржаўны крэдыт усяго за два гады.

– Ведаеце, нам і раней прапаноўвалі варыянт вырашэння жыллёвага пытання, – говорыць Дзяніс, – але мы пагадзіліся на будаўніцтва дома толькі пасля нараджэння Карыны. І вось цяпер у нас новы дом з трыма пакоямі, вялікая кухня і гасціная.

Большасць будаўнічых работ зроблена ўласна Дзянісам. Ён рамшчык у Бярэзінскім лясгасе і працуе два дні цераз два. Таму ўвесь вольны час праводзіў на будоўлі.

Прыцягнуў да гэтай справы сваякоў і дзяцей. Таму ўжо сёння дом гатовы прыняць жыхароў. Тут ёсць усё неабходнае для іх вялікай сям’і, набыта ў растэрміноўку мэбля, зроблена электраацяпленне. Але асабліва радуе сям’ю вялікі зямельны ўчастак.

– У рэшце рэшт будучай вясной мы павялічым плошчу сваіх агародаў, – гаворыць гаспадар, – станем больш вырошчваць агародніны і бульбы, пабудуем хляўчук і завядзём курэй. Зямлі хопіць яшчэ і на развядзенне кветак, якія так любіць Ганна.

Тады яна і сапраўды стане гаспадыняй падворка. Тут хопіць работы па добраўпарадкаванні ўчастка і дома і нам з сынамі. Усё ў нас павінна атрымацца, бо мы гэта робім для здароўя і шчасця нашых дзяцей.

 

Сям’я, дзе ў кожнага сваё “я”

Арцём вучыцца ў 10 – ым классе СШ №2. Ён надзвычай таварыскі, адкрыты і актыўны юнак і ўжо збіраецца стаць выратавальнікам. У школе ён наведвае факультатыў “Прафесія маёй мары” і з задавальненнем займаецца ў клубе выратавальнікаў-пажарных “Сірэна”.

Ды і ў сям’і ён, як старэйшы, надзейны памочнік бацькоў. Па неабходнасці заўсёды паняньчыцца з малодшымі братамі і сястрычкай. І рукі ў гэтага шаснаццацігадовага юнака ўжо залатыя. Арцём можа самастойна сабраць мэблю і на роўных дапамагае бацьку ў рамонце. А вучыў яго гэтаму з самага маленства Дзяніс, які лічыць што мужчына ўсё ў сваім доме павінен рабіць сам. Інакш, які з яго вырасце галава сям’і?

Раўняецца на старэйшага брата і Аляксандр, які маладзей за яго на чатыры гады. Вучыцца ён у 7-ым класе. Яго вылучае ў сям’і выключная адказнасць за даручаную справу, а яшчэ - адкрытасць і добразычлівасць. Энергіі ў хлапчука хапае не толькі дапамагаць бацькам, але і ўдзельнічаць у розных класных і школьных справах. Тут ён імкнецца быць толькі ў першых радах.

Трэці сын Старасценка – Даніла вучыцца ў 4-ым класе і разам з братамі ходзіць у СШ №2. Яго пакуль больш цікавіць творчасць – бо любіць маляваць і ўжо спрабуе сілы ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. А яшчэ яго вабіць школьная мастацкая самадзейнасць. Бацькі захапленням сына не пярэчаць, бо Даніла расце сціплым і добрым хлапчуком.

Сёлета 1 верасня да хлапчуковай вучнёўскай каманды далучыўся Мікіта. Ён пайшоў у першы клас. Настаўнікі адзначаюць яго жывы і непадробны інтарэс да ўсяго навокал. Цікава Мікіту ў школе ўсё, у тым ліку і англійская мова. Бацькі інтарэс сына падтрымліваюць. Хто ведае, можа з яго вырасце паліглот?

Дачушка Карына нарадзілася на свет 1 лютага 2021 года і з таго часу стала любіміцай усёй сям’і. Характар у гэтай гарэзы ўжо ёсць, але куды больш цікавая гісторыя яе ўласнага імя.

– Ведаеце, урачы, калі мы чакалі першынца, пасля ўльтрагукавога даследавання паведамілі нам, што народзіцца дзяўчынка, – расказвае Ганна, – мы нават імя ёй ужо прыдумалі – Карына. Але медыкі памыліліся і на свет з’явіўся Арцём. А калі ўжо ў рэшце рэшт наша сям’я папоўнілася дзяўчынкай, муж узгадаў гэту гісторыю і даў дачцэ імя Карына. Думаю, гэтае імя абавязкова прынясе ёй шчасце.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER