Дыягназ не ўнушаў аптымізму – ДЦП – гэта як прыгавор. Так і казалі: ці разумееш, што гэта крыж на ўсё жыццё? Потым нейкая жанчына нават дала “карысную” параду – здаць дзіця ў інтэрнат і не мучыцца. Але Надзея Грузд не згадзілася з прапановай і не здалася. Так пачалося выжыванне і барацьба за тое, каб сын не адчуваў сябе пакрыўджаным, не меў нястач ні ў чым і атрымаў правільнае развіццё, як усе дзеці.
- Лёгка сказаць “здайце ў інтэрнат” пра чужых дзяцей, а пра сваіх такое можна? – уздыхае Надзея Іванаўна, і ў гэтым уздыху адчуваецца ўпэўненасць у правільным выбары, матчына любоў і пачуццё шчасця, якое прыйшло ў канчатковым выніку.
Мець надзею
Зараз Івану 29 гадоў. Атрымаў адукацыю, скончыўшы гімназію ў рэжыме надомнага навучання па аблегчанай праграме. Потым паехаў у Мінск, дзе чатыры з паловай месяцы вучыўся на курсах аператара ПЭВМ, зараз валодае сучаснымі тэхналогіямі, з камп’ютарам на “ты”. Атрыманыя веды рэалізуе на практыцы ў віртуальных сустрэчах з сябрамі ў інтэрнэце, праглядзе навін, добра арыентуецца ў сацыяльных сетках і разнастайным праграмным забеспячэнні. І ўсё дзякуючы бацькам, якія гадавалі, нацэльвалі на поспех, падтрымлівалі, матывавалі і забяспечвалі ўсім неабходным.
- Бяда толькі, што работу пакуль не знайсці, - дзеліцца Іван набалелым. – Думаю, справа не ў тым, што работы быццам няма, справа ў адносінах грамадства да інвалідаў. Наогул жа, існуюць праграмы працаўладкавання для інвалідаў і квоты пэўныя. І ведаю шмат людзей з абмежаваннямі, якія працуюць. Чаму ў нас з гэтым пытаннем усё настолькі складана? Магу працаваць і дыстанцыйна, нават праз інтэрнэт знайшоў адпаведную прапанову працаўладкавання ў Расіі. Праўда, прапанова падалася ненадзейнай і падазронай – там трэба адказваць на тэлефонныя званкі, а дзяўчына, якая мяне кансультавала, нават не змагла патлумачыць, якім чынам фірма будзе разлічвацца. Так што варыянт адпаў. Але надзею негубляю.
Каханая жонка
Дарэчы, Івану пашчаслівіла мець у жыцці тое, чаго часам не стае і звычайным здаровым людзям – каханую жонку, у саюзе з якой атрымалася добрая сям’я з пануючымі ўтульнасцю, добрымі пачуццямі і адвечнымі чалавечымі каштоўнасцямі.
Жанаты з 2018 года. З Валерыяй пазнаёміліся даўно. Аднойчы перасякліся шляхі, потым неяк знайшліся ў інтэрнэце, завязаліся адносіны, рамантычная перапіска на разнастайныя тэмы. Пасля Валерыя адзін раз прыехала ў госці, і неяк неўпрыкмет маладыя зразумелі, што не могуць ужо жыць па адным. Таму, калі Валерыя прыехала ў госці другі раз, то тут і засталася. Вырашылі стварыць сям’ю. Да ЗАГСа самі дабіралі-ся, без дапамогі бацькоў. Дарэчы, Валерыя таксама з такім самым дыягназам, што і Іван, праўда, больш мабільная, ходзіць з дапамогай мыліц.
Па дарозе ў ЗАГС без недарэчных пытанняў не абышлося. Зараз муж і жонка ўспамінаюць тое і са скрухай, і са смехам.
- Перад уваходам нехта пацікавіўся, дзетачкі, а вашыя бацькі ведаюць, што вы сабраліся распісацца? – успамінае Іван. – Мы самастойныя дарослыя людзі, самі прымаем рашэнні. Мне на той момант было 25 гадоў, свядомы ўзрост, а тут хацелі збянтэжыць такім пытаннем!
Мары і клопаты
Самастойнасці маладой сям’і не занімаць. Вырашылі, што ў далейшым сямейным жыцці трэба каб муж быў больш мабільным. Зараз жывуць у бацькоўскай кватэры на чацвёртым паверсе, але спусціцца ўніз на вуліцу - даволі няпростая задача. Таму з дапамогай дзяржавы за льготны крэдыт пабудавалі аднапакаёвую кватэру ў новым электрадоме па вуліцы Красіна. Жыллё на першым паверсе, дом абсталяваны ўсім неабходным, што патрабуецца для перамяшчэння чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. Цяпер на вуліцу выбірацца стане значна лягчэй. Праўда, пакуль не перасяліліся, яшчэ трэба зрабіць рамонт.
- Работу тым больш трэба знайсці, - упэўнены Іван. – Бо трэба і крэдыт вяртаць, і камунальныя аплачваць.
Пакуль жа маладым дапамагае маці. Тату ўспамінаюць добрым словам, на жаль сёлета летам яго не стала. Сястра Люба жыве ў Лагойску, мае сям’ю і траіх дзетак, пры выпадку таксама аказвае дапамогу сям’і брата.
- Ведаеце, каб не мае бацькі, не іх падтрымка, я ніколі б не меў упэўненасці ні ў чым добрым, - прызнаецца Іван. – Удзячны маме і тату, яны дапамаглі мне адчуваць сябе нармальным чалавекам, што паспрыяла мне ажаніцца і сям’ю стварыць. Чалавек жа не можа быць адзін, чалавеку жыццёва неабходна мець пару. Мне пашанцавала з жонкай. Цяпер жыву марай уладкавацца на працу, забяспечваць сям’ю, і тым самым жыць свабодна.
Звычайныя жыццёвыя будні сям’і складаюцца з клопатаў па гаспадарцы, шчырых размоў, пяшчотных усмешак, сумеснага правядзення часу. Летам могуць выбрацца на рэчку адпачываць. Таксама ездзілі ў санаторый на аздараўленне. У сям’і пануюць лад, каханне і згода.
Важныя пытанні
Герой матэрыялу ў нашай гутарцы падымае сур’ёзныя пытанні.
- Сярод нас, інвалідаў, вельмі шмат людзей з адукацыяй, гатовых выконваць нейкія пастаўленыя задачы. Але ж чамусьці ў грамадстве існуе стэрэатып: калі ты інвалід, значыць, нямоглы, табе ўсюды забарона, цябе ўсе шкадуюць, – засмучаецца Іван. – А нас шкадаваць не трэба! Кожны чалавек хоча жыць як звычайная паўнацэнная асоба, і не прыкмячаць, што маюцца пэўныя адхіленні. Здаровыя людзі ж хочуць, каб да іх ставіліся нармальна. Так і інваліды хочуць таго ж самага. Каб не казаў ніхто: вунь ідзе мама з інвалідам, як ёй цяжка. Каб не аглядваліся на цябе на вуліцы, не дзівіліся, як на здань, не надакучвалі з недарэчнымі пытаннямі. Я такі самы чалавек, як і ўсе, толькі хадзіць не магу.
- Я так і настаўляю сына - ты можаш быць як усе паўнацэнныя члены грамадства, трэба толькі старацца, - гаворыць маці Івана.
Не здавацца!
Зараз Іван можа даваць кансультацыі псіхалагічнага плана для іншых людзей з абмежаваннямі на тэму, як выжыць ва ўмовах інваліднасці, як пераносіць складаныя жыццёвыя сітуацыі, як цаніць жыццё, ставіць мэты і задачы і дасягаць іх, знаходзіць вырашэнні. Яго лёс і жыццёвы вопыт – проста ўзор таго, як трэба імкнуцца да свайго месца пад сонцам. Ён здольны падтрымліваць, матываваць іншых, і пры выпадку гэта з задавальненнем робіць.
- Часам разважаю: вось каб я мог хадзіць, ці меў бы такое стаўленне да жыцця і смак да простага чалавечага існавання, як сёння? – задаецца філасофскімі пытаннямі герой матэрыялу. – Але ж кожнаму крыж даецца па сілах, хто колькі зможа вынесці. Мне выпаў вось такі лёс, значыць, трэба імкнуцца жыць і далей, не сядзець склаўшы рукі.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.