Дапамагае “сямейны падрад”

Date 02.12.2022 Man
Comment 569
Дапамагае “сямейны падрад”

У той час, калі большасць з нас вяртаюцца дамоў адпрацаваўшы чарговы рабочы дзень, жывёлаводы Бярэзіншчыны выпраўляюцца для выканання сваіх абавязкаў на фермы на вячэрнюю дойку. У іх ліку і працаўнікі малочнатаварнага комплексу “Котава” ААТ “Уша”.

- Рабочы день нашых жывёлаводаў пачынаецца з ранішняй дойкі, якая праводзіцца ў 7 гадзін раніцы, а яго працягам становіцца вячэрняя, да якой мы прыступаем у 18 гадзін. Гэта не азначае, што людзі на працягу ўсяго дня знаходзяцца на рабочым месцы, іх рабочы дзень, як і належыць, не перавышае васьмі гадзін, - расказвае брыгадзір комплексу Анжэла Сушкевіч.

Традыцыйна на сваё рабочае месца яна прыходзіць раней іншых: выдаць канцэнтраты, праверыць стан статка, якасць кармавой сумесі, наяўнасць вады ў паілках, солі і мелу, запоўніць і падрыхтаваць патрэбную дакументацыю, хапае і іншых спраў. Наогул, за 14 гадоў работы ў якасці брыгадзіра Анжэла Іванаўна паспела прырасці да свайго калектыву і той справы, якой прысвячае свой кожны рабочы дзень. А пачынала ж тут калісьці з простай даяркі. Таму і ведае ўсе нюансы работы да драбніц, імкнецца прымнажаць дасягнутыя поспехі і дакладна захоўваць тэхналогію вытворчасці.

- На сёння наш комплекс, як і ў цэлым гаспадарка, плюсуе па малаку да аналагічнага ўзроўню мінулага года, - расказвае жанчына. – Надой складае амаль 13 кілаграмаў на карову. Прыкладна з такім паказчыкам і завершым гэты год. Для паспяховай работы ў нас ёсць усё неабходнае, у тым ліку камбінаваныя і травяністыя кармы.

Так, у наяўнасці для цялятак заўсёды камбікармы КР-1 і КР-2, для навацельных кароў закупляем КР-61. На сваім млынку робім муку, якую затым перамешваем з камбікормам для лепшай аддачы. Так што і мука, і камбікорм заўсёды ёсць на кармавым стале (іх колькасць залежыць ад віду пагалоўя – навацельныя, дойныя, цяляты, і прадуктыўнасці). У рацыёне таксама па 20 кілаграмаў сенажу і 25 – сіласу (для дойнага статка). Ніколі не бывае праблем з наяўнасцю мелу і солі. І калі летась у нас былі праблемы з саломай, то сёлета і яе хапае пад патрэбу.

Дададзім, што клапоцяцца тут не толькі пра належнае запаўненне кармушак. Не меншая ўвага надаецца і санітарнаму стану. Пацвярджэннем таму, што ён тут утрымліваецца ў належным выглядзе, з’яўляецца той факт, што “Уша” вось ужо каторы год малако здае выключна класам “экстра”.

Котаўскі комплекс уяўляе сабой невялічкі “гарадок”, які складаецца з шасці хлявоў. У кожным з іх жывёла пасартавана па сваіх уласцівасцях і ўзросце. Цэнтрам з’яўляецца, безумоўна, даільна-малочны блок, праз які праходзіць у сярэднім 360 рагуль, каля 70 каровак, якія знаходзяцца на раздоі, займаюць другое памяшканне.

Асобныя гурты складаюць маладняк, цялушкі пад асемяненне, навацельныя і г.д. І кожны спецыяліст ведае сваю групу, яе асаблівасці, і не дапускае збояў. Таму комплекс працуе як адзіны зладжаны механізм, дзе паралельна з атрыманнем малака клапоцяцца аб прыбаўленні ў вазе жывёлы, своечасовым яе лячэнні і пакрыцці, абнаўленні статка.

Таццяна Бялькова

Асноўнымі фігурамі тут з’яўляюцца аператары машыннага даення: у ДМБ - Марына Муха і Анастасія Панцялей, у цэху раздою - Таццяна Бялькова. Яшчэ адной даяркай, падменнай, з’яўляецца Вольга Скрубская. У іх руках – і паказчыкі надою, і якасць сыравіны.

Анастасія Панцялей

Высокія паказчыкі залежаць таксама і ад такіх спецыялістаў, як асемянатары. На комплексе іх два - Алена Раманава і Аляксандр Муха. Так, так, ён сын Марыны Мухі і з’яўляецца ўжо прадстаўніком трэцяга пакалення котаўскіх жывёлаводаў (у свой час даяркай працавала і яго бабуля Таццяна Іванаўна). Дарэчы, на комплексе працавалі і дзве нявесткі

Марыны Мухі, але зараз яны знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках.

І гэта, як сцвярджае брыгадзір комплексу, не адзіны прыклад “сямейнага падраду”. Ды і сама Анжэла Іванаўна паказвае таму прыклад, працуючы поплеч з мужам.

Яшчэ адзін аналагічны прыклад уяўляюць сабой Ірына Шукан і Алег Малькевіч. Ужо будучы мужам і жонкай яны прыйшлі на комплекс, ды так і засталіся тут. Гадуюць пяцярых дзяцей, адзін з якіх набывае спецыяльнасць агранома.

Падобныя сямейныя тандэмы толькі спрыяюць працы, робяць калектыў больш з’яднаным і дружным. А гэта не можа не адбівацца на выніках дзейнасці.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER