Шмат бяды з-за гарэлкі!

Date 09.12.2022 Man
Comment 596
Шмат бяды з-за гарэлкі!

Чарговае пасяджэнне гарадскога савета грамадскага пункта аховы правапарадку №1, як і заўсёды, было насычанае і эмацыянальнае.

Разглядаліся адмістрацыйныя справы 5 чалавек. І хоць людзі, фігуранты спраў, розныя па ўзросце і занятках, яднае іх адно – згубнае сяброўства з зялёным змеем.

У пасяджэнні прынялі ўдзел сакратар савета Ала Барысёнак, дырэктар Бярэзінскага ТЦСАН Алена Жолудзева, галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук, старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Бярэзінскага РАУС Уладзімір Мацкевіч і ўчастковыя міліцыянеры.

 

Жыццёвая памылка

Разглядалася справа маладога мужчыны, які ў п’яным выглядзе нецэнзурна лаяўся ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі. Мужчына ездзіць на працу ў Смалявічы, дзе працуе грузчыкам, упакоўвае гародніну. Мае сям’ю, маленькаму дзіцяці няма яшчэ года. Аднак на ўліку ў нарколага не знаходзіцца, у лячэбна-працоўным прафілакторыі не бываў. Раней не судзімы. З выгляду - акуратны сціплы мужчына. Як паслухаеш - цуда, а не чалавек, не стае толькі німба над чалом. Дык чаму ж апынуўся на пасяджэнні савета? Тлумачэнні ў такім выпадку цяжка даюцца і прамоўцу і слухачам. Хто з нас застрахаваны ад уласных памылак? Карацей, на глебе бытавога п’янства "знесла дах" у сумленнага працаўніка.

- Запомніце, прымаць алкаголь звыш меры – гэта зло, - папярэдзіла Крысціна Крук. – Калі падобнае яшчэ раз паўторыцца, наступствы могуць быць непрадказальнымі.

- Яшчэ два такія пратаколы на працягу года, і патрапіце на камісію па адпраўцы вас на прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці, - дадаў Уладзімір Мацкевіч.

Дарэчы, мужчына заплаціў штраф за свае свавольствы і зрабіў высновы, даўшы слова, што падобнага больш не паўтарыцца.

 

Назад у ЛПП

Пасля разглядалася справа жанчыны, якая а пятай раніцы выклікала міліцыю на свайго сужыцеля. Як высветлілася – беспадстаўна. Па словах участковага, жанчына ўсю ноч сварылася, не давала спаць каханаму мужчыну, а потым набрала нумар дзяжурнага РАУС.

- Крыху выпіла тады, - прызналася фігурантка адміністрацыйнай справы.

Між іншым, пра пасяджэнне савета грамадскага пункту аховы правапарадку жанчыну папярэджвалі, але яна з’явілася сюды ўжо выпіўшы. Прыйшла не сама – у суправаджэнні ўчастковага. Як кажуць, ні сораму, ні гонару. Пры ўсім тым, жанчына прасілася хутчэй адпусціць яе з пасяджэння, патлумачыўшы, што вечарам збіраецца на працоўную змену на вытворчасць. Тое, што выпраменьвае смурод, нібы бочка з брагай, віноўніцу пасяджэння зусім не засмуціла.

- Вы працаздольная жанчына, якая можа прыносіць карысць грамадству, але што цягне вас у абдымкі гарэлачнага д’ябла? – не пераставалі здзіўляцца прысутныя.

Пераканаўчага адказу так ніхто не дачакаўся. Няма ў кабеты ні дзяцей, ні афіцыйнага мужа, затое знаходзіцца на ўліку ў нарколага і ўжо тры разы была на прымусовым лячэнні. Таксама аднойчы была асуджанай за кражу. Як запэўніў участковы, жанчына паедзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый ужо чацвёрты раз.

 

Бацька і сын

Разглядалі справу маладога чалавека, прызыўніка, які збіраецца ў армію. Жыве з бацькамі, на ўліку нарколага не знаходзіцца. Аднойчы дома бацька прасіў выключыць музыку, але юнак не чуў, быў у навушніках. Не знайшлі агульную мову, пачалася сварка. Цікавая акалічнасць: і тата, і сын былі выпіўшы.

- Усё ж, чаму ўспыхнула сварка? – пацікавіліся ўдзельнікі пасяджэння.

Сын патлумачыў, што тата, калі вып’е, адразу распачынае выхаваўчую дзейнасць.

Малады чалавек абяцаў выправіцца і прыняць неабходныя меры.

- Вы ж павінны разумець, калі вы выклікалі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і ў той час самі знаходзіцеся на падпітку, гэта ўжо з’яўляецца прычынай складання адмістрацыйнага пратакола, - патлумачылі прысутныя і рэкамендавалі наладжваць сямейныя адносіны з бацькам. Пры неабходнасці накіроўваць тату на прафілактыку да нарколага, прымяняць розныя метады лячэння. Крысціна Крук у чарговы раз папярэдзіла пра шкоду злоўжывання алкагольнымі напоямі.

Падводзячы выснову, варта заўважыць, што пісаць пра справы людзей, якія разглядаюцца на падобных мерапрыемствах, можна бясконца. Ва ўсіх пакручастыя, але зусім не гераічныя лёсы. Некаторых не пужае нават пагроза прымусовага лячэння. Дык што ж рабіць у такім выпадку? Рытарычнае пытанне. Што і казаць, чалавек выбірае сам.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Спрашивали? Отвечаем! А ты выпісаў “БП”? »