– Захапляюся ў вольны час песнямі з уласнай маладосці, пад якія танцавалі на дыскатэцы, – з усмешкай тлумачыць Уладзімір Мікалаевіч. – Ад яе робіцца лягчэй на душы, з’яўляюцца настрой, бадзёрасць, дазваляе заспакоіцца, разняволіцца, адпачыць, пераключыць увагу. Зараз з гэтым прасцей, уключыў камп’ютар і, калі ласка, любая мелодыя.
Дарэчы, маюцца ў кабінеце звычайныя прайгравальнік і грампласцінкі, як сведкі ўжо мінулай эпохі, але якую дастойна ацэняць сапраўдныя знаўцы, аматары музыкі. Хоць знакаміты на Бярэзіншчыне ўрач-хірург вялікім меламанам сябе не лічыць, проста любіць музыку, дома можа нават пад гармонік выканаць пару песенек. А вось прафесіяналам высокага ўзроўню ў хірургіі ён з’яўляецца на самой справе. Як прыехаў на Бярэзіншчыну пасля вучобы і адпрацоўкі ў 1988-м годзе, так з той пары і шчыруе, і без хірургіі не ўяўляе ўласнага існавання.
– Такой банальнасці няма, што трызніў з дзяцінства стаць лекарам, ці продкі былі медыкамі. У выбары прафесіі ўсё значна прасцей – у юнацтве так склаліся абставіны, – расказвае пра сябе Уладзімір Мікалаевіч.
Нарадзіўся ў 1956-м на Поўначы ў Рэспубліцы Комі, тады Комі АССР, Пячорскім раёне, населены пункт называўся станцыя Талый. Маці родам з украінскай Ровеншчыны, бацька беларус з Бярэзіншчыны. Патрапілі на той край свету ўслед за сваімі бацькамі, якія ў пасляваенны час выправіліся на вялікія сацыялістычныя будоўлі.
Пасля заканчэння васьмігодкі вялікага выбару не было. Нават каб закончыць дзесяцігадовую школу, патрабавалася ехаць у суседні пасёлак, а прафтэхвучылішчы наогул меліся толькі ў вялікіх гарадах. Пачуў расповеды хлопцаў, якія паехалі ў Варкуту і там паступілі ў медвучылішча вучыцца на фельчараў, зацікавіўся адразу, напісаў ліст, неўзабаве запрасілі на вучобу. Так і пачаўся поўны разнастайных прыгод шлях.
На поўначы і дома
– Пасля вучобы размеркавалі ў Сыктыўкар, у той жа самай Рэспубліцы Комі. Помню, прыехаў у Міністэрства размяркоўвацца, лічыў, што накіруюць у дзіцячы сад які-небудзь, бо спецыяльнасць была “медсястра”, на той час, нават калі ты мужчына, афіцыйная назва прафесіі гучала менавіта так. Аднак у Міністэрстве паўсміхаліся і сказалі: карта Комі большая за карту Францыі, вось раёны, дзе наогул няма ніякіх медыкаў, выбірай любое месца і за работу.
Такім чынам Уладзімір Цэдрык і распачаў працоўную дзейнасць, два гады праляцелі ў імгненне вока. За той час быў нават фельчарам на “хуткай”. Край паўночны, умовы для жыцця экстрэмальныя, сітуацыя такая: адзін чалавек – фельчар – і ёсць уся хуткая дапамога. Так што прафесійны вопыт, які замацоўваў пярвічныя медыцынскія веды, атрыманыя ў вучылішчы, набываўся хутка. Да пацыентаў “дастаўляўся” на машыне “ГАЗ-69”. Да таго ж, дарог там тады не было і да пункта назначэння часам даводзілася дабірацца нават на верталёце.
Потым прызвалі ў армію, быў санінструктарам у будаўнічым батальёне на Свярдлоўшчыне. Ва ўрачэбным плане тут склалася свая спецыфіка, далёкая ад тэрапіі. Давялося лячыць траўмы, удары, вывіхі, зашываць раны, што ў канчатковым выніку і паўплывала на рашэнне заняцца хірургіяй.
– Мне падабалася лячыць такое, – прызнаецца Уладзімір Мікалаевіч. – Таму ў арміі я ўжо дакладна ведаў, калі буду паступаць у медінстытут, то адназначна каб стаць хірургам.
Дарэчы, пакуль служыў у войску, бацькі перабраліся ў Беларусь на радзіму таты ў вёску Задор’е, каля Дулеб. Таму пасля службы прыбыў на Бярэзіншчыну. Папрацаваўшы крыху ў раённай бальніцы, пайшоў на падрыхтоўчае аддзяленне Віцебскага медінстытута, куды потым і паступіў.
У інстытуце і ажаніўся. Забягаючы наперад, адзначым, што жонка Галіна Цэдрык працавала загадчыцай інфекцыйнага аддзялення Бярэзінскай ЦРБ, пасля выхаду на заслужаны адпачынак працуе ў пансіянаце “Беразіна”. З ёю нарадзілі трое дзетак.
Пасля вучобы адпрацоўвалі з жонкай на Магілёўшчыне, у Дрыбіне, два гады, потым перабраліся з сям’ёй на Бярэзіншчыну. Тут Уладзімір Цэдрык уладкаваўся ў хірургічнае аддзяленне Бярэзінскай ЦРБ, загадчыкам якога стаў у 2002-м годзе, і паспяхова яго ўзначальвае ўжо два дзесяцігоддзі.
Адкуль сівыя валасы
Ці было спачатку страшна аперыраваць? Наогул, гэта цікавае пытанне, калі ўлічыць, што звычайна іншаму чалавеку бывае не па сабе ад выгляду крыві і ад усяго адпаведнага, што непазбежна суправаджае прафесію хірурга. Але ж кожны ўрач мае ўласныя погляды на падобныя рэчы.
– На першых аперацыях было не вельмі страшна, бо аперыраваў не адзін, заўсёды можна было параіцца з калегамі.
Адзін стары доктар гаварыў так: калі хочаш добра навучыцца, ты павінен каля аперацыйнага стала стаяць адзін. Калі выйшаў з аперацыйнай спатнелы з ног да галавы, значыць у наступны раз будзеш адчуваць сябе задаволена і ўпэўнена.
І ў пацвярджэнне слоў герой матэрыялу прыгадаў далёкі выпадак з практыкі, калі аднойчы паступіў 13-гадовы хлопчык з 3-дзённым апендыцытам. Абставіны склаліся так, што давялося аперыраваць аднаму, без парад і падказак, асісціравала медсястра. У той час анестэзіёлагам быў Анатоль Гарбацэвіч, але яго тэрмінова выклікалі на аперацыю ў іншы раён. Давялося выдаляць хлопчыку апендыцыт пад мясцовай анестэзіяй. Той самы выпадак, калі пасля аперацыі выходзіш спатнелы і задаволены, што ўсё атрымалася, але потым знаходзішся пад уражаннем яшчэ некалькі дзён і ўспамінаеш кожны этап аперацыі, раніцай бяжыш правяраць, як адчувае сябе пацыент. І толькі калі хлопчык пайшоў на папраўку, адлягло ад душы, перажыванні скончыліся.
– Сівыя валасы на галовах хірургаў не проста так з’яўляюцца, – з усмешкай уздыхае Уладзімір Мікалаевіч.
Цікавыя выпадкі
Без гэтага не абыходзіцца ніводны хірург. Былі і сур’ёзныя выпрабаванні, калі, напрыклад, трапіла ў аварыю каманда юных 15-гадовых спартсменаў і давялося хутка іх ратаваць усім медкалектывам установы. Тады выдатна спрацавала ўся Бярэзінская ЦРБ, і пра той выпадак ужо неаднойчы пісалася на старонках раённай газеты. Але былі выпадкі і даволі нестандартныя.
Аднойчы ў ліхія 90-я даставілі параненага чалавека, у якога выстралілі з ружжа. Тэрмінова прасканіравалі рэнтгенам і ўбачылі, што зарадам шроту абсыпана ўся грудная клетка, а ахвяра выстралу сядзіць і вачамі лыпае, як ні ў чым не бывала. Пачалі сцягваць адзенне пацыента, а шрот абсыпаўся ўніз, бо захрас у ватоўцы. Смяяліся доўга.
Яшчэ быў выпадак у перабудовачны час. Да аднаго бярэзінца панадзіліся ў падвал лазіць зладзеі, і ён зладзіў самастрэл, потым забыўся, падаўся ў падвал сам і патрапіў у сваю ж пастку. Куля прайшла ў двух сантыметрах ад сэрца. Уратавалі.
Падобных выпадкаў шмат. Аднойчы яны нават сталі ўпрыгожваннем ведамаснай газеты “Медыцынскі веснік”. Наогул жа можна напісаць цэлую кнігу выпадкаў.
Татавай сцежкай
З траіх дзяцей пайсці бацькоўскай сцежкай вырашыла толькі малодшая Марыя. Шчыра кажучы, тата гэткага лёсу дачушцы не жадаў, але ж ізноў так склаліся абставіны, ды і Марыя цікавілася ўрачэбнай справай, менавіта хірургіяй.
– Калі Маша была дзіцем, выпадала браць з сабою на дзяжурствы. Нават пару разоў браў з сабою на аперацыі. Шчыра прызнаюся, спадзяваўся, што дачка ўбачыць працэсы ўласнымі вачыма, спужаецца і страціць цікавасць да хірургіі, але здарылася ўсё наадварот, цікавасць толькі ўзмацнілася. Таму пярэчыць з жонкай не сталі, калі меншае дзіця мэтанакіравана імкнулася ў хірургію.
Марыя закончыла Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, шмат працавала ў Бярэзінскай ЦРБ, зараз працуе ў Германіі, куды пераехалі разам з мужам. Астатнія дзеці займаюцца хто чым: сын Сяргей працуе праграмістам у банку, дачка Ганна выхоўвае дзетак у дзіцячым садку.
Настаўнік маладых
За ўвесь час працы Уладзіміра Цэдрыка праз хі-рургічнае аддзяленне прайшло шмат маладых і таленавітых урачоў, якія не затрымаліся тут, а імкнуліся далей. Напрыклад, Уладзімір Жураўлёў, які зараз працуе ў інстытуце нейрахірур-гіі ў Мінску і мае навуковую ступень. Хтосьці працуе ў інстытуце траўматалогіі, у абласной клініцы, буйных медыцынскіх цэнтрах не толькі Беларусі, але і Расіі, Францыі, Германіі. Усе яны атрымлівалі пярвічныя практычныя навы-кі ў Бярэзінскай ЦРБ пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мікалаевіча, якога смела можна назваць настаўнікам маладых. Сувязей не губляюць, абменьваюцца віншаваннямі на розныя святы. І зараз пры неаб-ходнасці герой матэрыялу мо-жа сам пракансультавацца па прафесійных пытаннях у сваіх былых вучняў.
– На дадзены момант у нашым аддзяленні працуе 5 хірургаў, гэта добра, можна ўсім усюды паспець. Калі пачынаў працаваць, дык мы разам з тагачасным загадчыкам аддзялення, таленавітым ура-чом Міхаілам Гермалідам дзя-журылі праз суткі, з бальніцы літаральна не выходзілі. Сённяшнія ж нашы хірургі Канстанцін Запрудскі, Уладзімір Савасцеенка, Аляксандр Балоткін, Павел Рабцэвіч і іншыя таксама прыемна ўражваюць жаданнем працаваць, набываць практычны вопыт у рабоце.
Хоць герой матэрыялу ўжо пенсіянер, аднак на свой узрост сябе пакуль не адчувае.
– Варта працаваць пакуль ёсць сілы, – зазначае Уладзімір Мікалаевіч. – Але ж працаваць да ста гадоў таксама не трэба, бо ўсяму маецца мяжа, калі можна пачаць займацца чым іншым на заслужаным адпачынку. У астатнім жа скажу шчыра, калі адматаць гады назад, усё адно стаў бы хірургам, гэта дакладна мая, правераная часам справа, з выбарам якой вельмі ўдала склалася ў маладосці.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.