Ды і не бачыў юнак перашкод у жыцці, каб не стаць пілотам і рэальна кіраваць жалезнай птушкай. Юнацкая мара не збылася, але расчараванняў на гэты конт ва Уладзіміра Сяргеевіча няма. Сваё прызванне і аўтарытэт ён знайшоў на міліцэйскай службе.
– Я паступіў у Мінскі авіяцыйны каледж, нават два гады адпрацаваў на авіязаводзе, – расказвае ён пра сябе, – але потым вырашыў вярнуцца дамоў. Потым быў прыняты на службу ў міліцыю ўчастковым інспектарам. А ўсё адбылося з лёгкай рукі тагачаснага намесніка начальніка РАУС Аляксандра Казюкі. З таго часу шмат вады ўцякло, але мае адносіны да службы ніколькі не змяніліся. Пачынаў жа з пасады ўчастковага інспектара, а сёння ўжо адказваю за ўсю прафілактычную работу аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі. Тут лунаць пад аблокамі не прыходзіцца, бо кожны дзень прыносіць мноства розных задач.
Участковы інспектар міліцыі бліжэй за ўсіх знаходзіцца да людзей, першым сустракаецца з чалавечай бядой. Гэтая служба няпростая. Яна патрабуе кругласутачнай гатоўнасці, вельмі часта ў ёй не бывае выхадных або свят, ды і не адпускае яна ў час водпуску.
Працоўны дзень участковага інспектара непрадказальны: ніколі не ведаеш, што цябе чакае, бо гэта і выезды на паведамленні людзей, і рэйдавыя мерапрыемствы, і цэлы стос папер, і прыём грамадзян, і бясконцыя тэлефонныя званкі. Участковыя ж заўсёды на перадавой!
– Быў час, мы з медыкамі на роўных змагаліся супраць распаўсюджвання кавіду, – расказвае афіцэр, – цяпер інфармуем аб ашуканцах, якія прадстаўляюцца работнікамі банкаў, выпытваюць персанальную інфармацыю, дадзеныя картак, ці ходзяць па дамах у пошуках нажывы, выдаючы сябе за сацработнікаў. Таму наша задача – абудзіць у людзях пільнасць і акуратнасць.
Мабільны тэлефон Уладзіміра Мацкевіча ведаюць многія мясцовыя жыхары. Тэлефануюць у любы час сутак.
– Бывае, даводзіцца вырашаць розныя жыццёвыя праблемы, – расказвае міліцыянер, – напрыклад, нехта з родзічаў злоўжывае спіртнымі напоямі або родныя не могуць падзяліць паміж сабой маёмасць. Калі людзі звяртаюцца да мяне з пытаннямі, якія не датычацца маёй сферы дзейнасці, то стараюся даць кансультацыю, да каго можна звярнуцца па той ці іншай праблеме.
У асаблівым спісе міліцыі – адзінокія, пажылыя, інваліды, а таксама тыя, хто злоўжывае алкаголем, і непрацуючыя, шматдзетныя сем’і і тыя, у якіх дзеці прызнаныя ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Іх неабходна наведаць і пацікавіцца, як там складваюцца справы, засцерагчы ад няшчасцяў.
– За гады работы я зразумеў, што быць па-сапраўднаму добрым участковым інспектарам – гэта значыць быць ідэйным, працаздольным. Быць гатовым пастаянна вучыцца і развівацца. Быць здольным праяўляць гнуткасць розуму, бо па абавязку службы мы маем зносіны з людзьмі розных узростаў, прафесій, сацыяльных статусаў. І да кожнага чалавека патрэбны індывідуальны падыход, – робіць выснову міліцыянер.
Участковы дзеліцца назіраннямі і фактамі: у апошнія гады моцна непакояць сямейна-бытавыя адносіны. Пры гэтым прафілактыка ў гэтым накірунку застаецца актуальнай, але што зробіш, калі людзі злоўжываюць спіртнымі напоямі, грубіяняць сваякам і могуць пабіць. Яго ўласны індывідуальны падыход тоіцца ў павазе да кожнага чалавека. Гэтаму яго навучылі яшчэ ў сям’і. А сям’я ва Уладзіміра Мацкевіча добрая, тата і маці разам у ладзе і каханні жывуць не адно дзесяцігоддзе. Матуля выкладала ў школе і дагэтуль захапляецца літаратурай. Менавіта ад яе ў сына такі спакойны і рамантычны характар. А вось нешматслоўе, уменне трымаць слова і неканфліктнасць – гэта ад бацькі. Ён прайшоў выпрабаванне Афганістанам, удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС. Уладзімір заўсёды ганарыцца ім, стараецца быць падобным на яго.
– У сям’і, дзе пануе павага адзін да аднаго, нічога дрэннага не здарыцца, – лічыць ён, – ад выпрабаванняў яна становіцца толькі мацнейшай. На жаль, не ўсе сучасныя сем’і могуць гэтым пахваліцца. Мне ж пашанцавала і з бацькамі, і з сям’ёй. Гэта мой надзейны тыл, які дае мне сілы верыць у лепшае. Ды і не вабіць мяне ўжо неба. Бліжэй мне ўжо не лунаць у вышыні, а вяртаць спакой людзям на зямлі.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.