Факты такія, на жаль, бываюць: ужо з пачатку года складзена 15 пратаколаў на спагнанне штрафу. А адзін раз давялося ратаваць навязанага на ланцуг сабаку, якога гаспадары пакінулі на верную пагібель, бо забытым ён быў на працягу аж двух месяцаў. Выратавалі небараку, вылечылі ад абязводжвання і іншых хвароб, і сёння Чаку не пазнаць.
Так, Лілія не столькі з’яўляецца лаўцом жывёлы, колькі больш нагадвае знакамітага Айбаліта, які песціў, лячыў і гадаваў чыцвераногіх, бо пасля адлову бадзяжныя кошкі і сабакі трапляюць не на мылаварню або на ўсыпленне, а ў вальеры для часовага ўтрымання, лячэння і, пры неабходнасці, стэрылізацыі.
Падобнай рабоце сёння ўжо крыху больш года. Распачалася яна са звароту адной дзяўчыны ў чат “Шукаю цябе ў Беразіно”, якая прапанавала стварыць у горадзе прытулак для хатніх гадаванцаў. Далей закліка ў яе справа не зрушылася, бо яна патрабавала немалых намаганняў. А вось Лілія не пабаялася гэтых цяжкасцей і стала першым валанцёрам новага руху. Пасля звароту да старшыні райвыканкама яе накіравалі на адпаведныя курсы і зрабілі работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, выдаўшы спецыяльны сачок і пятлю для адлову жывёлы.
Многія жыхары горада сёння адзначаюць, што стала намнога менш бадзяжных сабак, бяздомных шчанюкоў і кацянят. Часта Лілія пасля зваротаў мясцовых жыхароў выязджае і ў сельскія населеныя пункты, дзе таксама праводзіць “зачыстку”.
– Кожную жывёліну, якая трапляе да нас, – расказвае Лілія Раманёк, – мы змяшчаем у вальер, абясшкоджваем, вакцынуем ад хвароб, стэрылізуем, пры патрэбе робім аперацыю. Затым даглядаем іх, кормім, шукаем новых гаспадароў і перадаём ім. На кожнага гадаванца ў нас заведзены пашпарт, ёсць і акты на перадачу новым гаспадарам (іх у нас ужо звыш 150), усё адсочваецца і празрыста, як і тыя сумы грошай, якія пераводзяць нашы спонсары на гэтую міласэрную справу.
А іх у жанчыны нямала, званкі раздаюцца штодзень. Уся асноўная інфармацыя ўтрымліваецца ў групе “Дапамога хвастатым”, а таксама на старонцы Інстаграм, сюжэты аб рабоце бярэзінскіх валанцёраў можна пабачыць і ў Tik-Tok. Заходзьце, выходзьце на кантакт і аказвайце дапамогу. У ліку пастаянных памочнікаў Ліліі каля 30 чалавек. Самыя цесныя кантакты ўсталяваліся з начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Інай Дамаронак, урачом Бярэзінскай ветэрынарнай станцыі Вольгай Чарнушэвіч, аддзелам прамысловасці філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства. Для збору харчавання гадаванцам у магазінах “Санта”, “Святлафор”, на першым і другім паверхах рынку “ТрыА” і ў ветстанцыі ўстаноўлены спецыяльныя скрыні. Лілія была прыемна ўзрадавана, калі для падсцілання сабакам адзін прыватнік прывёз прычэп пілавіння, а другі даставіў столькі ж адходаў ад дрэваапрацоўкі для ацяплення вальераў.
Хапае ў жанчыны і нядобразычліўцаў. Толькі на іх яна ўвагі не звяртае, бо паступае па сумленні і бескарысліва, выкарыстоўваючы на справу свой вольны час, аўтамабіль і шмат фізічных намаганняў.
– У старшыні райвыканкама на разглядзе знаходзіцца пытанне аб выдзяленні памяшкання для адкрыцця вальераў і пункта для часовага ўтрымання жывёлы. Веру, што з часам праблема будзе вырашана, мы набудзем афіцыйны статус і рады нашых аднадумцаў і памочнікаў істотна павялічацца, –гаворыць Лілія. – Веру і ў тое, што культура нашых грамадзян стане больш высокай у адносінах да тых, каго яны прыручаюць і бяруць
пад сваю апеку.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.