Пачнём з таго, што сям’я Алены Аляксандраўны пераважнай большасцю (за выключэннем мужа) жаночая, бо тут гадуюцца дзве дачушкі. Шануюцца ў гэты дзень таксама матуля і свякроў, якая 8 Сакавіка ўступіла ў шлюб. Асаблівыя словы віншаванняў знаходзіць Алена Аляксандраўна і сваёй 87-гадовай бабулі. Так што святочны дзень праходзіць у прыемнай мітусні і заўсёды дорыць шмат прыемных хвілін. Такім будзе ён і на гэты раз.
Апошнім часам, праўда, мужчын у сям’і пабольшала. Спачатку з’явіўся зяць, а крыху больш года назад і ўнучак –самая галоўная ўцеха, клопат і радасць маладой бабулі.
Так, сапраўды, Алена Губіч ужо адносіцца да разраду бабуль. Толькі слова гэтае ў адносінах да яе ніяк не падыходзіць, бо жанчына яна жвавая, крэатыўная і сваёй энергіяй здольная запаліць чалавека на ўвесь дзень нават за няпоўную гадзіну зносін з ёй.
Універсальны спецыяліст
– Бухгалтар – чалавек асаблівы, шматгранны і неацэнны ў любым калектыве, – расказвае Алена Аляксандраўна. – Акрамя сваіх асноўных абавязкаў ён спалучае ў сабе якасці і веды эканаміста, юрыста, праграміста, кадравіка, пастаянна сочыць за зменамі ў заканадаўстве і не дапускае памылак.
Да месца тут будзе дадаць, што і да “Бярэзінскай панарамы” ў жанчыны таксама шмат светлых пачуццяў. І справа не толькі ў тым, што яна з’яўляецца даўняй падпісчыцай і прыхільніцай раёнкі. Менавіта ў раёнцы жанчына прачытала аб’яву аб тым, што торфапрадпрыемству “Бярэзінскае” патрабуецца бухгалтар. Так з дапамогай газеты і трапіла яна ў гэты дружны і зладжаны калектыў і сёння ўжо з’яўляецца начальнікам групы бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці, надзейнай апорай дырэктара філіяла.
– Пра што я мару? Пра мір для нас і нашых дзетак, пра тое, каб жылі яны доўга і шчасліва,каб усё было ў парадку ў нашай дружнай сям’і, каб меншая дачушка паспяхова закончыла вучобуў лінгвістычным універсітэце і знайшла сваё месца ў жыцці.
“Тарфяная” футбалістка
Энергіі і пазітыву Алене Аляксандраўне хапае не толькі для выканання прафесійных абавязкаў: дружны калектыў торфабрыкетчыкаў пастаянна ўдзельнічае ў праводзімых спартыўных і культурных мерапрыемствах, якія ладзяцца не толькі на ўзроўні УП “Мінск-аблгаз”, а і на рэспубліканскім узроўні. Так, без удзелу нашай гераіні не праходзілі апошнія турыстычныя злёты, на якіх яна брала на сябе вельмі адказную і ганаровую місію кухаркі і захавальніцы ачага. А калі прадпрыемству неабходна было выставіць каманду для ўдзелу ў рэспубліканскім турніры па тарфяным футболе (аказваецца вынайшлі і такі від спорту!), не раздумваючы стала яе членам.
Святло ў акенцы
Вось так, у пастаянным руху, сярод людзей, спраў і клопатаў і бягуць дні. Спачатку жанчыне было нават непрывычна, калі яна трапіла на торфапрадпрыемства, вынесенае за межы горада, размешчанае ў лясным масіве. Ні прывычнай табе мітусні, ні шматлюднасці. Але з часам гэтыя акалічнасці сцёрліся. Ды і работы заўсёды хапае.
А свой вольны час жанчына часта бавіць з любімым унукам, чытаннем кніг і развядзеннем пакаёвых кветак. Частка іх за гаспадыняй перабралася і ў яе рабочы кабінет. Летам жа будзе большае кветкавае раздолле, калі стануць частымі паездкі да маці ў Высокую Гару, таксама вялікага кветкавода.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.