- Уладкавалася сюды ў 2016-ым годзе, - гаворыць Раіса Іванаўна. – Як прыняў калектыў? Вельмі добра. Я займаюся сваёй справай, справай па душы.
Нядзіўна, што і старэйшая з дачушак, Дар’я, таксама, як і матуля, захапляецца дакладнымі навукамі. Яе любімыя прадметы ў школе – фізіка і матэматыка, а яшчэ астраномія. Дзяўчынка ўдзельнічала ў раённай алімпіядзе па астраноміі і заняла 1 месца, прымала ўдзел і ў абласной алімпіядзе. А зараз, у выпускным класе, самы час вызначыцца з выбарам прафесіі і рыхтавацца да паступлення.
Лізавета – васьмікласніца, таксама выдатніца ў школе. Ёй больш даспадобы вывучаць мовы. Акрамя родных моў - рускай і беларускай - вывучае нямецкую.
Самы малодшы ў мнагадзетнай сям’і Карпейчыкаў – сын Іван. Яму 5 гадоў, у хуткім часе пойдзе ў першы клас, а пакуль разам з бацькам падзяляе яго інтарэсы, з захапленнем адпраўляецца ў лес на прагулкі. А ў лесе цікава ў любую пару года. Бацька вучыць не толькі добра арыентавацца на лясных сцяжынках, а і гатаваць, і паважаць жаночую палову сямейства.
Так, на 8 Сакавіка штогод Іван становіцца галоўным памочнікам для таткі на кухні, каб дапамагчы згатаваць святочныя стравы...
- Ведаю, што на святочным стале абавязкова будзе наш любімы салат “Цэзар”, - усміхаецца Раіса Іванаўна. - І, канечне, у гэты дзень мы ўсе разам адправімся віншаваць нашых родных бабуль. Гэты дзень у нас без кветак не бывае. Самыя лепшыя - чырвоныя цюльпаны – будуць з намі.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.