- На прадпрыемстве я з 1979 года, - гаворыць Анатолій Уладзіміравіч. – Як прыйшоў пасля арміі на завод, так з ім нібы і зрадніўся. Свае першыя рэйсы рабіў на “Газоне”, 15 гадоў “прабеглі” за рулём ГАЗ-53. Потым шчыраваў на “МАЗе”, у 2021-ым годзе перасеў на другі па ліку, новы “МАЗ”.
Анатолій Уладзіміравіч штогод актыўна ўдзельнічае ў нарыхтоўцы, перавозцы збожжа, а таксама ў грамадскім жыцці арганізацыі.
- Вельмі мне запомнілася, як прымаў удзел у святочным шэсці ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, - гаворыць ён, - на сваём ЛУАЗе (аўтамабіль вытворчасці Луцкага аўтазавода (Украіна). Прыўзняты настрой, маштабнасць святкаванняў... Вельмі запамінальныя моманты на ўсё жыццё...
З 1997 года Анатолій Уладзіміравіч вядзе асабістыя дзённікі, дзе адлюстроўвае дні свайго жыцця – паспяховыя і не вельмі. Шмат тут пра рыбалку, бо Анатолій Уладзіміравіч - заўзяты рыбак.
- Вось напрыклад, - чытае ён свае запісы, - “2023 год. 1 студзеня. Затока (у межах Арэшкавіч). Прыгожая рыбалка. Прырода! Рыба клюе.” “18-19 лютага. Рыбалка не адбылася. Паклёўкі былі, рыбкі – няма.” У тоўстым сшытку ўмяшчаецца сем гадоў жыцця, а ў паўагульным – чатыры.І працяг – будзе...
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.