У падобнай сітуацыі аказаліся і жыхары вёскі Лешніца, у якіх літаральна каля прысядзібных участкаў у шырокім ручаі, больш падобным на невялікую рачулку, гэтыя жывёліны трывала абаснаваліся гадоў пяць назад і ўпэўнена гаспадараць, не зважаючы на суседства людзей.
У працэсе іх актыўнай дзейнасці тут было пашкоджана шмат дрэў, а ў выніку створаных імі запруд і пад’ёму ўзроўню вады аказаліся падтопленымі падвалы, у якіх гаспадары захоўвалі свае нарыхтоўкі. Ды і колькасць папуляцыі звяркоў за гэты час істотна павялічылася.
Члены спецыяльна створанай раённым выканаўчым камітэтам камісіі, якая павінна была разабрацца з узніклай праблемай і адрэагаваць на пісьмовы зварот, выехаўшы на месца, пераканаліся ў тым, што без дадатковай дапамогі спецыялістаў праблему не вырашыць.
Таму прадстаўнікам раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканска-дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” даручана сёлета з 1 верасня па 31 сакавіка 2024 года правесці разбурэнне бабровых нор і хатак на ручаі ў в. Лешніца з выемкай іх з асяроддзя знаходжання ў адпаведнасці з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання.
Дададзім, што тэрміны правядзення названых работ пачынаюцца толькі з верасня па той прычыне, што ў вясенне-летні перыяд бабры выношваюць сваё патомства, у іх нараджаецца маладняк, і ў гэты час паляваць на іх забаронена. І яшчэ: рост папуляцыі баброў адзначаецца ў цэлым па раёне, асабліва на малых рэках і азёрах.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.