Дзяды не толькі ваявалі…

Date 05.05.2023 Man
Comment 647
Дзяды не толькі ваявалі…

“Дзяды ваявалі” – гэты слоган выклікае ў розных людзей розныя пачуцці. Асабіста ў мяне адно - павагу, бо гэта сапраўды так – ваявалі, бо ўспамінаюцца мае дзяды. І пра аднаго з іх хочацца расказаць.

Мой дзед Пётр Мікітавіч Бычкоўскі – паляшук з Гомельшчыны. Нарадзіўся і жыў у вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна.

 

Пра вайну не ўспамінаў

Калі пачалася вайна, дзед як непаўналетні разам са сваімі бацькамі патрапіў у эвакуацыю ў Новы Аскол Белгародскай вобласці. Потым нейкі час партызаніў у Малдавіі, а пасля патрапіў на службу і ваяваў на 2-м Украінскім фронце ў складзе гвардзейскага танкавага батальёна, быў радавым-стралком.

Наогул пра вайну стары Пятро ўспамінаць не любіў, цвярдзіў у адзін дух – лепш вам не ведаць. Але расказваў заўсёды толькі адзін эпізод, які нам, малым, здаваўся камічным.

Калі вызвалялі Будапешт, за ноч да атакі натрапілі яны выпадкова на трафейны шнапс. Задумаліся, што век не каштавалі нямецкай гарэлкі, дый калі яшчэ выпадзе такі шанец. У дадатак зіма, люты на дварэ, халодна. Карацей, у імгненне вока выпілі ўсе трафейныя запасы. Назаўтра ж так натхніліся, з такой моцай і хуткасцю ўварваліся ў зададзены раён, што немцы не чакалі і толкам не падрыхтаваліся, выскоквалі з вокнаў дамоў нават у сподніках, што толькі надавала баявога духу нашым воінам.

Між іншым, гістарычныя крыніцы сведчаць, баі за Будапешт доўжыліся больш за тры месяцы. Праціўнік на асобных участках фронта кідаў па 50-60 танкаў на адзін кіламетр, такой была шчыльнасць. На важнейшых тэрыторыях на адзін кіламетр даводзілася па 160-170 гармат праціўніка. Чырвоная Армія панесла страты ў 240 тысяч чалавек, з іх 80 тысяч – беззваротна. Гэта не проста лічбы, гэта лёсы. Задумайцеся, што маглі ўспомніць і расказаць выжыўшыя? Мо таму і не расказавалі падрабязнасцей, бо барані Божа ўспамінаць такое…

Яшчэ быў выпадак. Калі вызвалялі Беларусь, батальён майго дзеда праходзіў у некалькіх дзясяткаў кіламетраў ад роднай вёскі. Пятро дамовіўся з камандзірам, вельмі прасіўся, маўляў, побач родны дом, сваякоў не бачыў ад пачатку вайны. Камандзір пайшоў насустрач, адпусціў роўна на суткі. Дзед расказваў так: дабірацца было складана, часу хапіла толькі зайсці ў хату, павітацца, сказаць: я жывы, а потым развярнуцца і імкнуцца да сваіх, нават не прысеў.

Дзядуля быў кантужаны, меў раненні. Перамогу сустрэў у Празе, але вайна для дзеда і яго баявых таварышаў там не скончылася. Вельмі хутка салдат пагрузілі ў цягнік, закрылі і павезлі. Везлі доўга. Першыя два тыдні не выпускалі з вагонаў і толькі недзе амаль праз месяц неафіцыйна абвясцілі, што вязуць на Далёкі Усход ваяваць з Японіяй.

 

Дзякуй дзядам

Баявы шлях дзеда можна ацаніць толькі па ўзнагародах за ўзяцце Будапешта, Вены, Прагі… У спісе амаль два дзясяткі гарадоў. Яшчэ мядаль “За адвагу” і падзяка за японскую аперацыю.

У мірны час дзядуля працаваў у сельскай гаспадарцы – брыгадзірам на ферме, быў перадавіком, атрымаў ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені.

Асабіста я помню пра дзеда толькі тое, што ўсё жыццё ён працаваў. І ўласную гаспадарку трымаў, гадаваў парсюкоў, цялят, займаўся пчоламі, даглядаў сад. Разам з бабуляй выгадаваў дваіх дзяцей. Унукаў і праўнукаў меў шмат. Старэйшы сын, мой дзядзька Іван, стаў ваенным-танкістам, служыў у ГДР, звольніўся ў запас у званні палкоўніка. Малодшы сын, мой бацька, стаў будаўніком. Калі мы, малыя, прыязджалі ў госці да дзеда, пачыналася свята. Бабуля пякла ў печы прысмакі, а дзед гнаў самагонку. А як жа было прыемна ўсім разам гуляць на Прыпяці і ў гушчарах палескіх лясоў!..

Дзеда не стала ў 82-гадовым узросце. Апошнія гады ён ляжаў. Урачы казалі, што гэта менавіта з-за позніх наступстваў кантузій і раненняў. Да самага скону захоўваў ясны розум.

І вось зараз, успамінаючы дзеда, скажу напрыканцы, дзяды не толькі ваявалі, дзяды яшчэ і працавалі, здзяйснялі цуды і ў мірны час, ад цямна да цямна шчыравалі не пакладаючы рук, забыўшыся на стому. Колькі такіх дзядоў і бабуль было на самой справе, калі падумаць? Ды безліч – такі дзед ці прадзед ёсць у кожнага ўнука. Нашы дзяды ваявалі, гаравалі, працавалі, жылі, імкнуліся ў будучыню, і ў канчатковым выніку ўсё дзеля нас сённяшніх.

Вы ўсвядомце, на СССР у 1941-м напала краіна з самай моцнай арміяй за ўсю гісторыю чалавецтва, колькасць якой была парадку 8,5 мільёна чалавек (для параўнання – зараз у ЗША армія ў 1,5 мільёна). Безумоўна, гэта шмат. Савецкі народ здзейсніў цуда. Вайна таму і мае ў назве вызначэнне Айчынная, бо ваявалі ў ёй усе, у тым ліку жанчыны і дзеці, старыя і малыя, на фронце і на вытворчасці. І змагаліся яны не за нейкую савецкую ўладу – змагаліся за ўласнае жыццё, за выжыванне. Вось за тое, што зараз над намі не гаспадараць якія Гансы і Фрыцы, і свастыка не лунае над дахамі дамоў, і мы зараз жывём у свабоднай краіне – дзякуй вам, дарагія нашы дзяды, і вечная вам памяць!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з архіва аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER