– І дзякаваць Богу! – з усёй адказнасцю заяўляе жыхарка нашага горада Паліна Шаўцова, – бо што ўяўляе сабой генацыд фашыстаў, мне давялося зведаць ва ўласным жыцці яшчэ ў далёкім маленстве, калі трапіла ў адзін з лагераў смерці канцлагер “Азарычы”.
Так, сёння многія беларусы ведаюць назву гэтай мясціны і пра тое, што адбывалася там у час акупацыі, – смерць, смерць, смерць… Праз гэтыя выпрабаванні прайсці і застацца жывой давялося і маленькай Паліне. Нарадзілася яна ў 1940-м годзе і была самай маленькай, апошняй дачушкай сярод дзевяці дзетак іх дружнай сям’і. Калі пачалася вайна, яна была, лічы, немаўляткам. Ды і астатні час акупацыі памятае слаба, толькі асобнымі ўрыўкамі сваёй дзіцячай памяці. Што ж адбывалася ў той час і якім чынам апынулася яна ў такім вар’яцкім месцы?
Гэта толькі некалькі гадоў назад Паліна Майсееўна стала жыхаркай Беразіно, калі зусім занемагла і перабралася да адзінай дачкі, якая па волі лёсу аказалася ў нашым краі. На той час трое яе сыноў адзін за адным пайшлі ў нябыт. Тры гады запар насіла матуля жалобу па сваіх дзетках. Так і аказалася нашай зямлячкай.
А на час вайны жыла яна ў Жлобінскім раёне. Неспакойным быў рэгіён для акупантаў, партызанскім. То тут, то там рабілі народныя мсціўцы вылазкі, грамілі гарнізоны, вялі “рэйкавую вайну” на чыгунцы. Вось і вырашылі карнікі ў якасці помсты адыгрывацца на простых мірных людзях. Хацелі спачатку ўсю вёску спаліць, ды ў апошні момант перадумалі, сагналі яе жыхароў, пагрузілі ў вагоны і павезлі ў Азарычы.
Доўгім і пакутлівым было знаходжанне ў тым канцлагеры. Не кожнаму ўдалося выжыць у тых лютых умовах. Як прыгадвае Паліна Майсееўна, з семярых дзетак, што трапілі разам з матуляй туды (дваім хлопчыкам удалося збегчы яшчэ да пагрузкі), чацвёра так і не дачакаліся вызвалення, памерлі. Выжыла маці. Выжыла і Паліна. Але след таго лагера застаўся з ёй на ўсё жыццё. Ужо ў сорак гадоў жанчына была прызнана інвалідам і стала непрацаздольнай: канчаткова «вылезлі» наступствы абмаражэння, якое атрымала яна яшчэ дзіцем у Азарычах. Адбілася яно на руках і нагах, з-за чаго яны распухлі і дастаўляюць шмат пакут. З таго часу, больш як палову свайго жыцця, не абыходзіцца кабета без кіёчка, а зараз – ужо і двух.
– У Беразіно, калі я афіцыйна зарэгістравалася па месцы жыхарства, мясцовыя органы ўлады праяўляюць клопат і ўвагу. Вось не так даўно прыязджалі, уручылі грашовую дапамогу да Дня Перамогі. Ды і да гэтага таксама бывалі. Старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Зябко, напрыклад. А супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прапаноўвалі аформіць сацыяльнага работніка. Толькі я адмовілася, бо мая дачушка Наталля заўсёды побач, не дае сумаваць. Заходзілі таксама школьнікі, валанцёры раённага Чырвонага Крыжа. Вунь нават інвалідную каляску выдзелілі. Але пакуль што стараюся абыходзіцца без яе: па доме з кіёчкамі хаджу, а ў вялікія вандроўкі не выбіраюся.
Так, сапраўды, мы часам узгадваем пра фашысцкі генацыд. Узгадваем як пра штосьці жудаснае і аддаленае ад нас пэўным адрэзкам часу. Але ж яго наступствы не засталіся ў мінулым. І Паліна Майсееўна Шаўцова – ахвяра таго генацыду – жывое таму пацверджанне.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.