Сваімі сакрэтамі дзеліцца Мікалай Міхалёў

Date 19.05.2023 Man
Comment 1094
Сваімі сакрэтамі дзеліцца Мікалай Міхалёў

Традыцыйна ў трэцюю суботу мая наша краіна адзначае Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту.

Гэта свята аб’ядноўвае прафесійных спартсменаў, трэнераў і тых, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных узростаў, прафесій і інтарэсаў.

Таму ў гэты дзень бярэзінцам варта паспяшацца ў спартыўныя залы і плавальны басейн, у рэшце рэшт сабрацца з сіламі, каб выцягнуць з шафы пакрытыя пылам гіры і паспрабаваць іх узняць, альбо з сябрамі адправіцца на прагулку пешшу ці на веласіпедзе.

У любым выпадку падыдзе любы варыянт актыўнага адпачынку, які заменіць утульную канапу і гадзіны, праведзеныя дарэмна ў сацыяльных сетках.

Натхніць на гэты святочна – спартыўны прыклад павінен заўзяты бярэзінскі аматар фізічнай культуры і спорту, трэнер практычна непераможнай дзявочай валейбольнай зборнай раёна Мікалай Міхалёў. Менавіта ён ведае ўнікальны сакрэт здароўя і спартыўнага даўгалецця, дасць параду, як змагацца з выгараннем і, вядома, падкажа, як далучыць дзятву і моладзь да здаровага ладу жыцця.

 

Ні дня без спартыўных заняткаў

Усе гэтыя ўнікальныя сакрэты і парады ён дае са сваёй уласнай практыкі, бо ўсё жыццё Мікалай Мікалаевіч выкладае фізічную культуру і спорт у Бярэзінскай гімназіі, падрыхтаваў пяць валейбольных каманд. Ды і ў свае амаль 68 гадоў уражвае падцягнутай фігурай і рухавасцю, якой могуць пазайздросціць нават мужчыны да 30 гадоў. Ды і энергіі Мікалаю Мікалаевічу не пазычаць, бо яго працоўны дзень настаўніка і трэнера распісаны па хвілінах да самага позняга вечара.

– Але якім бы шчыльным не быў мой рабочы графік, я заўсёды знаходжу час для ўласных трэніровак, наведвання басейна, – гаворыць Мікалай Мікалаевіч, – гэта для мяне не даніна модзе, а ўжо рэальная патрэба. Я нават пастаянна вяду дзённік сваіх трэніровак. Згодна з ім, падцягваюся ў свае гады не менш за 20 разоў. Напэўна таму мая картачка ў бальніцы танюсенькая, як у нованароджанага. 

Сумнявацца ў гэтым не даводзіцца, бо каб паспець усюды, Мікалай Мікалаевіч ездзіць па горадзе на веласіпедзе. І гэта ўжо своеасаблівы сімвал горада летам.

 

Лепшы сродак ад выгарання

– Язда на ім можа самым лепшым чынам выратаваць ад выгарання і стрэсу, - тлумачыць мужчына. – Ды і круціць педалі куды лепш, чым для ўзняцця настрою наядацца фастфудам і запіваць яго спіртным. Выкіду новай порцыі адрэналіну не чакайце, не будзе, а вось лішняя вага абавязкова прыйдзе і настрою не дабавіцца. А тым, каму веласіпед не па душы, лепш прайсціся па лесе, прачысціць свае лёгкія. Ды і самым упар-тым раю па самаадчуванні наладзіць сабе добрую трэніроўку. Не заўважыце, як ваш настрой палепшыцца, а стомленасць знікне, і невядома адкуль возьмуцца новыя сілы.

 

Уласнага прыкладу мала

Такая актыўнасць дазваляе Мікалаю Мікалаевічу быць вялікім аўтарытэтам для некалькіх пакаленняў школьнікаў. Некаторыя яго выхаванцы ў свой час з дапамогай настаўніка стваралі на базе раённага цэнтра рамёстваў першую ў раёне трэнажорную залу. Яе і сёння рэгулярна наведваюць звыш 10 чалавек. Усе яны салідныя і занятыя асобы, але, як і Мікалай Мікалаевіч, без фізічнай актыўнасці жыцця не ўяўляюць.

– Аднак сёння для дзятвы мала майго ўласнага прыкладу, – прызнаецца мужчына. – Вось кожная з дзяўчат, членаў валейбольнай зборнай, заключае са мной своеасаблівы кантракт, дзе прапісаны ўсе нюансы: ад спазненняў на трэніроўкі да неабходнасці берагчы здароўе і апранацца цяплей у халодны дзень.

 

Крыху пра матывацыю

Праўда, адным кантрактам сур’ёзна займацца валейболам не прымусіш. І тут на дапамогу Мікалаю Мікалаевічу прыйшлі спонсары. Так, пастаянна выдае грашовыя прэміі і падарункі дзяўчатам за важныя перамогі старшыня Бярэзінскай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Алег Купіч.

– Абурацца такой матывацыяй займацца спортам не даводзіцца, бо трэба яшчэ ў маленстве кожнаму зрабіць прышчэпку на заняткі фізічнай культурай, – лічыць Мікалай Мікалаевіч.

– Напэўна ўжо забыліся, што ў Амерыцы ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя ў ходзе барацьбы з атлусценнем нацыі кожнаму наведвальніку спартыўнай залы выплачвалі пэўную суму грошай. Потым гэты закон адмянілі, але людзі паспелі ўжо надзейна пасябраваць з фізічнай культурай і спортам. І вынік гэтага відавочны.

 

Самае галоўнае - здароўе

Дарэчы, сам Мікалай Мікалаевіч не ставіць мэтай кожнага зрабіць спартсменам. Куды больш яго непакоіць здароўе сучасных школьнікаў.

– Сучасныя гаджэты, маларухомасць, фастфуд, дрэнныя звычкі і пастаянны стрэс адмоўна адбіваюцца на здароўі школьнікаў, - гаворыць настаўнік, - таму перад кожным дарослым стаіць задача - навучыць дзяцей берагчы сваё здароўе. І размова ідзе не толькі пра спецыяльныя заняткі, але і пра звычайную рухомасць. Памятаеце выраз савецкіх часоў “Рух - гэта здароўе”? Ён і сёння ў трэндзе, як і тое, што берагчы здароўе трэба з маладосці.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER