Чаму ў перніках шчасце?

Date 23.05.2023 Man
Comment 1061
Чаму ў перніках шчасце?

Яго вялікасць – Пернік! Ласунак, які сёння грудамі ляжыць у кожнай краме і нярэдкасць ён у кошыку пакупніка, дзятва сярод мноства печыва аддае перавагу менавіта яму. А вось дарослых адразу пераносіць у мінулае, бо ў памяці самі сабой пачынаюць усплываць карцінкі з дзяцінства: вёсачка, хата з бярвення, з драўлянымі сценамі, столлю і падлогай, адмысловымі печчу, шафкамі, сталамі і лаўкамі. Здаецца, яшчэ імгненне – і выйдзе бабуля сустракаць дарагога госця, трымаючы ў руках… Што б вы думалі?.. Правільна, духмяныя пернікі.

Вось ужо некалькі гадоў у Новінскім сельскім Доме культуры пад кіраўніцтвам Вольгі Верынай вывучаюць сакрэты прыгатавання пернікаў на занятках гуртка традыцыйнай кулінарыі.

Ды і не стамляецца жанчына дзяліцца сваімі сакрэтамі з усімі жадаючымі. Яна рэгулярна на розных выставах наладжвае майстар-класы па выпяканні і роспісе пернікаў, запрашае кожнага акунуцца ў гісторыю гэтага смачнага пачастунку і зрабіць уласны эксклюзіўны пернікавы шэдэўр.

– Ці ўсе ведаюць, якога колеру жытні хлеб? Так, чорнага, таму і называюць яго чорным хлебам. Аказваецца, што і пернікавая гісторыя пачалася з хлеба. Чорны хлеб складаўся з жытняй мукі і вады. А такое цеста і сёння застаецца грубым, яго вельмі складана вымесіць, таму гэта рабілі толькі мужчыны. Але аднойчы ў час выпякання хлеба адна гаспадыня-вынаходніца вырашыла дабавіць у яго мёд, і атрымаўся мядовы хлеб. Ён стаў першым ласункам у славян, у які, праўда, дабаўлялі яшчэ ягадны сок.

Першыя ляпныя пернікі нагадвалі рагатых жывёл (коз, кароў, ласёў, быкоў), рыбак, птушак з птушаняткамі на спіне. Такія пернікі называліся “казулі”. А яшчэ былі “цяцёры”, для вырабу якіх скручваўся доўгі-доўгі жгуцік, а пасля з яго рабілі кольцы або звілістыя фігуркі.

– Кожны такі пернік штосьці сімвалізаваў: каза – матэрыяльны дабрабыт, рыбка – дзетак. Напрыклад, пернік-карову, якую называлі, як і тую, што стаяла ў хляве, рабілі і пакідалі ў хаце для таго, каб свая карова заўсёды вярталася дадому
з пашы, – расказвае Вольга Верына. – А мужчыну-паляўнічаму дарылі перніклася, як пажаданне таго, каб у яго заўсёды была здабыча. Кожны пернік прыносіў шчасце і ўдачу, таму іх звычайна дарылі ад усяго сэрца.
Прыгатаванне ласунка ператваралася ў сапраўдны рытуал, у якім прымала ўдзел уся сям’я.

– Гатаваліся пернікі заўсёды ў чыстым адзенні, а ўсе кухары павінны былі быць у добрым настроі і не сердаваць, – дадала яна. – А яшчэ на такіх перніках маглі нават варажыць. Таму іх складалі ў якую-небудзь ёмістасць і, не гледзячы, даставалі з яе адзін. Калі траплялася козачка, павернутая пыскай да цябе, значыць, на працягу года будзеш прымаць грошы і багацці, а калі пыскай ад цябе – наадварот, – расказвае жанчына. – Калі ж раптам якая-небудзь дзяўчына выцягвала птушку з птушанятамі на спіне, то лічылася, што гэта прадвяшчала ёй хуткае мацярынства, а колькасць птушанятак азначала колькасць дзетак. Нявестам і маладым дзяўчатам часта дарылі коней з грывай, заплеценай у трайную касу, як сімвал веры, надзеі і любові.


Да нашых часоў у гаспадароў захаваліся старадаўнія хатнія прадметы, якія мелі дачыненне да прыгатавання пернікаў: гліняныя збаны і кубкі, драўляныя пернікавыя дошкі, ступы для перамолвання спецый, сіта, качалкі, розныя шкляначкі, дзе калісьці захоўвалася сухая парфума. Ды і калекцыі розных пернікаў ёсць у розных рэгіёнах Расіі, Польшчы, Германіі, а сучасныя пернікі, якія вельмі нагадваюць карціны, дэманструюцца на Міжнародным фестывалі пернікавага мастацтва. Сярод іх таксама ёсць вырабы беларускага пернікавага майстра з Магілёва Сяргея Кускова – проста неверагодныя церам і гарбуз.


Не страчваюць надзею вырабіць шэдэўры і новінскія хлопчыкі і дзяўчынкі.

– Дзеці, а як вы думаеце, што надае водар і смак стравам? – пытаецца ў іх кіраўнік. – Так, спецыі: карыца, імбір, перац, ваніль, кардамон, мускатны арэх, мята – сумесь гэтых прыпраў называецца “сухой парфумай”, якую змешвалі ў ступках. Але ў нас яна з’явілася толькі ў канцы ХVII – пачатку XVIII стагоддзя, калі яе пачалі дабаўляць у рэцэпт нашых пернікаў. З гэтага часу яны ўжо больш не гатаваліся з жытняй мукі, а толькі з пшанічнай. Першыя пернікі са спецыямі называліся друкаванымі і выпякаліся на драўляных пернікавых дошках.

Раней пернікі каштавалі вельмі дорага, гэтак жа, як і прыправы і спецыі. Дарэчы, першыя друкаваныя пернікі былі пачастункам на царскіх сталах, просты люд не мог сабе дазволіць гатаваць такія дарагія ласункі. Гэта пацвярджаюць і радкі з “Казкі пра рыбака і рыбку” Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна: “За столом сидит она царицей, / Служат ей бояре да дворяне, / Наливают ей заморские вина; / Заедает она пряником печатным…

Такім чынам, спачатку былі пернікі ляпныя, пасля друкаваныя, а затым выразныя. Апошнія – самыя сучасныя і гатуюцца пры дапамозе качалкі і розных формачак.

– Ведаеце, рэцэпт пернікаў па сілах кожнаму, нават пачынаючай гаспадыні, – гаворыць Вольга, – і дзеці яго засвойваюць вельмі хутка. Але вось куды больш дзецям падабаецца роспіс пернікаў, дзе яны адчуваюць сябе кандытарамі. Ён стварае сапраўдную непаўторную творчую атмасферу, развівае дробную маторыку, дапамагае нават самым непаседлівым дзецям акунуцца ў свет творчасці.

Кіраўнік гуртка Вольга Верына захапілася гатаваннем імбірнага ласунку ў 2021 годзе. Падставай для гэтага стала не толькі яе адукацыя повара, але і той факт, што яе сям’я вырошчвае імбір на сваіх градах. Капрызная прыправа займае невялічкую плошчу і заўсёды дае нядрэнны ўраджай.

– Імбір мы вырошчваем не выпадкова, – гаворыць Вольга, – бо ў нашым доме жыве традыцыя гатаваць імбірныя пернікі на Раство і іншыя святы. Ды і на заняткі гуртка мне прыправы хапае. Дзеці да заняткаў ставяцца ахвотна. З душой аздабляюць пернікі васількамі, буслікамі і каласкамі. Ды і хто ведае, можа яны замахнуцца вырабляць і церамы з пернікаў. Таму традыцыя прыгатавання пернікаў, напэўна, не знікне, а наадварот, возьме новы штуршок.

На пытанне наконт сакрэтнага інгрэдыенту Вольга з усмешкай адказала, што гэта любоў, якую яны дабаўляюць у кожны пернік. 

– Рэцэпт нашых пернікаў мы не хаваем і дзелімся ім з усімі, хто да нас звяртаецца па яго, – гаворыць жанчына, – бо гэта класічны рэцэпт, але распрацаваны асабіста мной, бо я апрабавала розныя рэцэпты, выкрышталізавала іх, і ў выніку з’явіўся наш рэцэпт, у якім у мінімальнай колькасці прысутнічаюць карыца і імбір. Нашы пернікі ядуць дзеткі, таму мы стараемся са спецыямі не перабольшваць.

У планах кіраўніка гуртка ёсць асобны пункт – наладзіць на базе Дома культуры вялікі майстар-клас альбо выставу, каб паказаць свае вырабы шырокай аўдыторыі, расказаць, якая прыгажосць можа быць зроблена з пернікаў, якія аб’ядноўваюць старадаўнія беларускія традыцыі і сучаснае кандытарскае мастацтва. Такія рукатворныя шэдэўры могуць падарыць кожнаму надзею на шчасце.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER