Гора бацькам з-за дзяцей, а дзецям – з-за бацькоў

Date 23.05.2023 Man
Comment 958
Гора бацькам з-за дзяцей,  а дзецям – з-за бацькоў

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Адзіным прыемным момантам, які адбыўся падчас мерапрыемства, стала аб’яўленне сям’і аб тым, што рыхтуюцца дакументы на вяртанне пад родны дах дзетак, якія па віне злоўжывання бацькамі спіртным былі аформлены на ўтрыманне ў дзяржаўную ўстанову. Астатнія ж факты прымушаюць задумацца і дзяцей, і дарослых над сваімі паводзінамі, каб устрымацца ад падобных учынкаў і бяды страціць дзіця, або аказацца яму ў ліку правапарушальнікаў і трапіць пад кантроль работнікаў праваахоўных органаў.

"Першакласны" хлапчук

Першакласны ён толькі па прычыне таго, што вучыцца ў першым класе. Аднак ужо за восем месяцаў, што знаходзіцца ў сценах школы, зарэкамендаваў сябе як непаслухмяны манюка, здольны на шкодныя подзвігі. Вось адзін з іх.
Разам з сябруком-гараджанінам забраўся на чужы падворак, дзе стаяла машына, адчыніў яе і, адшукаўшы ў багажніку каністру з бензінам, падпаліў яго. Толькі пакліканыя на дапамогу дарослыя змаглі папярэдзіць вялікі пажар, які ўжо пачаў пакрысе знішчаць агароджу ўчастка. У другі раз наш герой, зноў жа, гуляючы па чужых сядзібах, павыпускаў на вуліцу хатнюю жывёлу. Хоць і дзеткі маленькія, ды бедкі ад іх, як бачым, не такія і бяскрыўдныя.
Да слёз сорамна было маці за паводзіны свайго сыночка: не дагледзела. Ды і як трымаць яго пастаянна перад вачыма, калі жанчына працуе жывёлаводам і шмат часу праводзіць на ферме. Старэнькай жа бабулі няма сілы дагнаць хлапчука. Вось ён і вынаходзіць сабе прыгоды, не задумваючыся аб тым, куды і да якіх наступстваў яны могуць давесці яго, сямігадовага.

Дальнабой пад пытаннем

А вось наступнаму фігуранту прыгод у маі спаўняецца 16 гадоў. Цяпер яго дзеянні – яго асабістая адказнасць, за матуліны плечы не схаваешся. Чым вызначыўся юнак? Застаўшыся дома адзін (маці паехала на дачу, не падазраваючы, што яе сынок здатны на такі крок), каб не сумаваць, згаварыўся з сябрамі і ўсю ноч гойсаў з імі на машыне. У дадатак да гэтага яго а палове шостай раніцы(!) затрымалі ў стане алкагольнага ап’янення работнікі міліцыі.

Не такая гэта і дробязь, як можа падацца на першы погляд, калі ўлічыць, што юнак з’яўляецца навучэнцам каледжа і плануе атрымаць вадзіцельскія правы катэгорыі С, каб быць кіроўцам-міжнароднікам. Адзін толькі ўчынак – і мара можа стаць так і не ажыццёўленай, бо пасля затрымання ў стане алкагольнага ап’янення непаўналетні трапляе на тры гады па месцы назірання ў паліклініку да ўрача-нарколага, з ім наладжваецца індывідуальная праграма рэабілітацыі і атрыманне права на кіраванне аўтамабілем аказваецца пад вялікім пытаннем.

Думаю, гэта наглядны прыклад таго, да чаго можа прывесці неабдуманы крок, павінен стаць добрым урокам для многіх юнакоў і дзяўчат, якія толькі ўступаюць у жыццё. Ды і дарослым не раіў бы трапляць у аналагічны стан.

 

Грашаць не толькі дзеці

На жаль, адказнасць за свае ўчынкі з узростам у многіх так і не з’яўляецца. Нават калі ты сам ужо з’яўляешся бацькам ці матуляй, нясеш адказнасць за сям’ю. Толькі адной сям’і з чатырох разгледжаных падчас пасяджэння камісіі было вырашана вярнуць дзяцей пасля таго, як яны былі адабраны ў прытулак. Сапраўды, было прыемна чуць, што і маці, і бацька адумаліся, сталі праяўляць клопат пра сваіх дзяцей, выправіліся, прайшлі курс лячэння ад алкагалізму, наладзілі належныя ўмовы пражывання ў доме.

А вось астатнія так і не знайшлі ў сабе сілы (чытай – жадання), каб вярнуць сабе дзяцей, годна несці званне бацькоў і стварыць утульнасць і лад у сем’ях.

Сваркі, візіты супрацоўнікаў міліцыі, пратаколы, п’янства, абыякавыя адносіны да маленькіх дзетак, нават немаўлятак – такія факты суправаджаюць жыццё нядбайных бацькоў.

Вяртанне дзяцей у падобныя ўмовы адбіваецца на іх псіхіцы самым адмоўным чынам, і яны, пад уплывам убачанага, трапіўшы ізноў у казённую ўстанову, становяцца больш агрэсіўнымі, хітрымі, замкнутымі. Зразумела, што да таго часу, пакуль не памяняецца менталітэт бацькоў, іх адносіны да жыцця, вяртаць ім дзяцей нельга.

Не дапусціць дзяцей да бяды – клопат не толькі камісіі па справах непаўналетніх. Дзеці – гэта наша будучыня, за якую ў адказе ўсе мы. І ў нашых магчымасцях дапамагчы маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам, атуліць іх увагай і клопатам. У тым ліку і з дапамогай лініі даверу “Мы ў адказе за нашых дзяцей”, якая дзейнічае па нумары 68-411.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Памяці Леаніда Шаўлякова Чаму ў перніках шчасце? »