– Мы толькі аднойчы прымалі прысягу, і прымалі яе на вернасць служэння свайму народу ў складзе савецкай міліцыі, – у свой час гаварыў Леанід Мікалаевіч.
Родам ён з вёскі Раванічы Чэрвеньскага раёна. Пасля службы ў арміі паступаў на юрыдычны факультэт у Белдзяржуніверсітэт, але па конкурсе не прайшоў і пайшоў служыць у міліцыю. Першым месцам службы стала аддзяленне аховы мемарыяльнага комплексу “Хатынь” – спачатку радавым супрацоўнікам, потым камандзірам аддзялення, затым працаваў участковым інспектарам міліцыі ў гарадскім паселку Плешчаніцы, потым – у Лагойску. Тут яго жыццёвым прынцыпам быў выраз “Заўсёды будзь чалавекам, і ўсе цябе падтрымаюць”.
Потым была яшчэ служба старшым інспектарам крымінальнага вышуку і пасада намесніка начальніка Чэрвеньскага РАУС па палітычнай частцы. Галоўным у рабоце зампаліт лічыў прынцып “Калі памыліўся – патрэбна вучыць, выхоўваць, наўмысным жа парушальнікам не месца ў міліцыі”. З такімі перакананнямі перайшоў і на больш высокую пасаду – начальнікам Бярэзінскага раённага аддзела ўнутраных спраў.
За час яго кіраўніцтва аддзел тройчы быў прызнаны пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва сярод іншых РАУС, за што атрымліваў прызы і грашовыя прэміі. Адным з прызоў быў камп’ютар, на той час дарагі падарунак для работы. У тым ліку адзін раз за перамогу ў спаборніцтве па забеспячэнні службовых і бытавых умоў супрацоўнікаў бярэзінскія вартавыя правапарадку атрымалі ў падарунак аўтамашыну ВАЗ-21-061.
Леаніду Мікалаевічу давялося служыць і ў няпросты перабудовачны час, калі, па словах Леаніда Мікалаевіча, тады на вуліцах засталіся яны адны. “Але служылі не за страх, а за сумленне”.
За службу ў міліцыі Леанід Мікалаевіч адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі – Граматай Вярхоўнага Савета БССР, трыма медалямі “За выслугу гадоў”.
На жаль, гэтыя ўзнагароды не могуць рэальна адлюстраваць уклад гэтага чалавека ў развіццё бярэзінскай міліцыі, які быў не толькі прынцыповым вартавым правапарадку, але і заўсёды і пры любых абставінах абараняў сваіх супрацоўнікаў, дбаў пра іх прэстыж і павагу грамадства, слыў сапраўдным лідарам для некалькіх пакаленняў бярэзінскіх вартавых правапарадку.
Калектыў Бярэзінскага РАУС, ветэраны міліцыі глыбока смуткуюць з выпадку смерці свайго таварыша, выказваюць шчырае спачуванне родным і блізкім нябожчыка, а яшчэ абяцаюць не забывацца пра яго прынцыпы міліцэйскай службы.