«А жыллём мы забяспечым усіх жадаючых»

Date 06.06.2023 Man
Comment 971
«А жыллём мы забяспечым усіх жадаючых»

Вуліца Кастрычніцкая нашага горада працягвае сваё пераўвасабленне. Яшчэ адным яе ўпрыгожваннем, як і райцэнтра ў цэлым, стане чарговая шматпавярхоўка, будаўніцтва якой распачалося днямі ў раёне рэчавага рынку і рынку “ТрыА”. Пра новы аб’ект мы папрасілі расказаць начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вераніку Фаміну.

На месцы гэтых дамоў сёння будуецца новая шматпавярхоўка

 

– Думаю, не толькі мне, а і чытачам газеты цікава атрымаць поўную інфарамацыю пра новы дом: якім ён будзе, на колькі кватэр разлічаны, хто паселіцца ў ім, як хутка яго ўзвядуць?

– Генеральным планам развіцця горада прадугледжана рэканструкцыя жылой сядзібнай забудовы пад шматкватэрную. У адпаведнасці з названым дакументам раённы выканаўчы камітэт заняў зямельны ўчастак па вуліцы Кастрычнікай, дзе размешчаны жылыя дамы №4, №6 і №8 і асобна размешчаны гараж, для дзяржаўных патрэб. Зямельны ўчастак прадастаўлены ў карыстанне ўпраўленню капітальнага будаўніцтва Бярэзінскага раёна, якое і з’яўляецца заказчыкам будоўлі. Маёмасныя правы грамадзян, якія пазбаваліся сваіх зямельных участкаў і размешчаных на іх будынкаў, рэалізаваны  ў поўным аб’ёме.

Дом, да будаўніцтва якога прыступілі спецыялісты Пухавіцкай ПМК-14 у канцы мая, уяўляе сабой пяціпавярховы аднапад’ездны панэльны будынак, у якім размяшчаецца 30 кватэр – 10 двухпакаёвых плошчай 65,7 квадратных метра і 20 аднапакаёвых рознай плошчы (па 44,7 і 37,7 квадратных метра). Дом уключаны ў графік фінансавання і будаўніцтва ў адпаведнасці з указам №240 Прэзідэнта Беларусі. Хто ж тут стане навасёлам? Дваццаць кватэр зоймуць жыхары, якіх пераселяць з лядашчага і аварыйнага жылля, 3 кватэры будуецца для супрацоўнікаў РАУС і 7 кватэр – для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з дзяржаўнай падтрымкай. Здача дома ў эксплуатацыю намечана  на 31 кастрычніка 2023 года.

Акрамя таго, праектная дэкларацыя на будаўніцтва гэтага дома публікавалася ў суботнім нумары газеты за 3 чэрвеня і там змешчана падрабязная інфармацыя пра яго.

Яшчэ раней праект новабудоўлі праходзіў грамадскае абмеркаванне. Сёння мы працуем з грамадзянамі, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў жыллі, і прапануем ім стаць жыхарамі гэтага дома, даводзім да іх ведама інфармацыю пра кошт квадратнага метра жылля і памер субсідыі, на якую яны могуць разлічваць, адказваем на ўсе пытанні, якія іх цікавяць. Яно і зразумела: атрыманне кватэры і вырашэнне жыллёвай праблемы з’яўляецца адным з самых важных пытанняў чалавека на працягу яго жыцця.

– А што вы можаце сказаць пра знешні выгляд  новага дома і яго “прывязку” да мясцовасці? Наколькі прыгожа ён будзе ўпісвацца ў агульны малюнак?

– Адразу скажу, што праект гэтага дома адрозніваецца ад тых, якія выкарыстоўваліся раней. Новы будынак стане годным упрыгожваннем цэнтральнай вуліцы горада. Каля новага дома будуць размешчаны дзіцячая гульнявая пляцоўка, парковачныя месцы, пешаходныя зоны, кантэйнерная пляцоўка для збору смецця. Прыдамавую тэрыторыю дапоўніць зялёная зона з размешчанымі на ёй лавачкамі для адпачынку – штосьці падобнае таму, як гэта зроблена каля дома, што знаходзіцца на другім баку вуліцы.

Новы дом у адпведнасці з праектам будзе мець два пад’язныя шляхі – з боку вуліцы Кастрычніцкай і дадатковы, размешчаны за тэрыторыяй рэчавага рынку. Гэта акалічнасць стварае неабходнасць пераносу прыпыначнага пункта, размешчанага каля рынку (ён, сапраўды, ствараў нямала нязручнасцей для вадзіцеляў, пешаходаў і тых, кто чакаў аўтобуса), у іншае месца, калі дакладней, то размесціцца ён каля дома №10 па вуліцы Кастрычніцкай, дзе будзе створана добраўпарадкаваная прыпыначная пляцоўка.

Дарэчы, у сувязі з тым, што будаўніцтва новага дома вядзецца не ў мікрараёне новай забудовы, а шляхам ушчыльнення існуючага мікрараёна, гэта можа выклікаць некаторыя нязручнасці. У прыватнасці, пры разгрузцы канструкцый дома можа ўзнікаць патрэба ў часовым перакрыцці руху транспарту (падобнае ўжо здаралася пры буданіцтве дамоў, што знаходяцца насупраць, і тады вялікіх ускладненняў гэта не выклікала).

Так што хочацца папрасіць прабачэння ў жыхароў горада за такія вымушаныя нязручнасці. Спадзяюся на ваша паразуменне.

– Вераніка Аляксандраўна, а якія далейшыя перспектывы будаўніцтва існуюць на гэты год?

– У стадыі праектавання зараз знаходзіцца дакументацыя па будаўніцве новага шматкватэрнага дома па Кастрычніцкай, 33 (тут размяшчаўся інтэрнат ЦРБ). Работы будуць весціся, як і ў выпадку з домам па вуліцы Кастрычніцкай, 8, у адпаведнасці з генеральным планам развіцця горада за кошт ушчыльнення існуючай забудовы. Гэта цэнтральная вуліца горада, якая з кожным падобным аб’ектам становіцца прыгажэй.

Вядуцца таксама работы па праектаванні інжынерных сетак у мікрараёне вуліц Красіна, Дзяржынскага, Прамысловай, і Перамогі, выдзеленым пад шматпавярховую забудову.

Наогул, у нас ёсць шмат людзей, якія хочуць заставацца жыць на Бярэзіншчыне. І будуць жыць. Сведчаннем таму наступны факт. У нашым раёне знаходзіцца на розных стадыях будаўніцтва 212 жылых дамоў, з іх 67 – у горадзе. Значыць, людзі мяркуюць тут заставацца, ствараць сем’і, пускаць карані. І сёння актуальным з’яўляецца пытанне аб выдзяленні новага ўчастка для індывідуальных забудоўшчыкаў у горадзе. Гэта можа толькі радаваць. Значыць, будзе расці горад, будзе паляпшацца ў ім дэмаграфічная сітуацыя. А мы гатовы забяспечыць жыллём усіх  жадаючых.

Гутарыў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER