“Галоўнае – трымаць на кантролі здароўе пацыента”

Date 17.06.2023 Man
Comment 608
“Галоўнае – трымаць на кантролі здароўе пацыента”

Так лічыць урач агульнай практыкі, загадчык Брадзецкай АУАП Дар’я Морская.

Па панядзелках у Брадзецкай амбулаторыі больш ажыўлена, бо менавіта ў гэты дзень Дар’я Сяргееўна вядзе тут прыём вяскоўцаў.

– Працую я ў сельскай мясцовасці на паўстаўкі, – дадае малады ўрач, – бо знаходжуся ў дэкрэтным водпуску. Падтрымліваць мой працоўны графік дапамагаюць мае родныя. У мяне два сыны – Ваня заканчвае другі клас,
а Яраславу – трэці годзік... І яшчэ ў мяне шмат пацыентаў. Зона нашага абслугоўвання немалая. Першую і трэцюю пятніцу мы выязджаем у Капланецкі ФАП (там фельчарам працуе Алеся Архіпец), а ў другую і чацвёртую сераду – у Сялібскі ФАП, дзе шматгадовы працоўны стаж мае фельчар Святлана Мязян. У Брадзецкай амбулаторыі фельчарам шчыруе малады спецыяліст Дар’я Баган. Яна ж вядзе і аптэку.
На нашым абслугоўванні ў аграгарадку Брадзец знаходзіцца 440 чалавек, а ўся зона налічвае 1146 чалавек.

– На прыёме праводзіцца агляд пацыентаў, падбор і карэкцыя лячэння, дыспансерызацыя, даецца кансультацыя кожнаму, таксама робіцца забор крыві на аналізы, – распавядае Дар’я Сяргееўна. – Яшчэ выдаю накіраванні на дадатковыя метады даследавання, пры неабходнасці аказваем экстранную медыцынскую дапамогу. У нас працуе дзённы стацыянар, каму патрэбна – ставяцца кропельніцы, робяцца іншыя працэдуры, таксама аказваюцца стаматалагічныя паслугі на пастаяннай аснове, акрамя серады, бо ў сераду фельчар-стаматолаг Ірына Казначэева выязджае ў аграгарадок Пагост. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем сталым людзям, адзінока пражываючым, інвалідам, дзецям з асаблівасцямі развіцця – яны з’яўляюцца асобным клопатам амбулаторыі.

Пасля першых дзён самастойнай працы Дар’я Сяргееўна для сябе адзначыла, што справа, якую яна выбрала, – цікавая, складаная і вельмі адказная. Тэорыя, практыка – гэта адно, а праца – зусім іншае, бо адчуваеш адказнасць за кожнага, хто прыйшоў да цябе на прыём. Аднак яна пераканана, што няма цяжкасцей, якія немагчыма пераадолець, і няма пытанняў, якія нельга было б вырашыць.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER