Уся сям’я сябруе з раёнкай

Date 25.07.2023 Man
Comment 1159
Уся сям’я сябруе з раёнкай

На стале ў настаўніцкай Ушанскай школы падчас майго візіту ляжала «Бярэзінская панарама» – прыемны факт, які парадаваў маё вока: шануюць раёнку ў педагагічным калектыве.

У ліку прыхільнікаў нашага выдання Марыя Хадаронак, якая настаўнічае тут і мае агульны педагагічны стаж дзевятнаццаць гадоў. Сёлета на конкурсе «Настаўнік года» яна заняла другое месца сярод усіх педагогаў Бярэзіншчыны і першае – сярод настаўнікаў пачатковых класаў.

– У нас раённае выданне выпісвае і чытае ўся сям’я: і матуля, і я з дочкамі, – прызнаецца мая суразмоўца. – «Бярэзінская панарама» для нас – надзейная крыніца афіцыйнай інфармацыі і навін з жыцця родных мясцін.

Натхненне

прыходзіць ад радасці, – менавіта так сцвярджае Марыя Хадаронак. Справа ў тым, што гэтая прыгожая жанчына з чароўнай усмешкай ужо два гады мае творчае захапленне – піша вершы. Радкі нараджаюцца самі сабой, калі надыходзіць узнёслы настрой. Тэматыка творчасці рознапланавая.

– Наогул, я люблю вучыцца, у час вучобы проста адпачываю душой, - запэўнівае Марыя Яўгеньеўна. – Таму, паехаўшы на вучэбныя курсы па рабоце, таксама напісала верш, які назвала «Быць сабой», бо на самой справе быць сабою – гэта шчасце.

 

І швачка, і качагар, і повар

Дарэчы, імкненне вучыцца заўсёды было для гераіні матэрыялу ўнутраным рухавіком.

Пасля заканчэння Барысаўскага педагагічнага каледжа ў 2003 годзе, калі яна атрымала дыплом настаўніка пачатковых класаў і педагога-арганізатара, адразу паступіла завочна ў Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, з якога выйшла ўжо выкладчыкам гісторыі.

Прага да набыцця ведаў перадалася ад мамы – Алены Ключнік. Пра матулю Марыя Хадаронак можа расказваць бясконца і, паверце, ёсць што паслухаць.

Лёс матулі, якая нарадзілася ў Баравіно, даволі складаны. З самага ранняга дзяцінства яна працавала на ферме, кароў даіла рукамі. Вучылася ж вельмі добра, любімымі прадметамі з’яўляліся матэматыка і фізіка. Пасля заканчэння Ляжынскай школы настаўнікі раілі паступаць на фізіка-матэматычны факультэт сталічнага ўніверсітэта. Але жыццё скалалася інакш. Сустрэла мужа і засталася ў вёсцы. Аднак і на тым нечаканыя жыццёвыя павароты не скончыліся.

– Калі мне было пяць гадоў і нарадзілася мая малодшая сястра Наташа, бацька пайшоў з сям’і, і мама гадавала нас адна. Працавала на двух-трох работах і не цуралася ніякай працы, нават качагарам працавала, сама секла дровы і рэзала, – расказвае Марыя Яўгеньеўна. – Некаторы час мама была правадніцай на дальніх цягніках, працавала яшчэ швачкай у Беразіно. Але большую частку жыцця была поварам у ААТ «Уша». Тут мама вядома ўсім механізатарам, сучасным і былым дырэктарам гаспадаркі. Дома ж даглядала вялікі агарод, мы трымалі дзве каровы, свіней, курэй. Матуля наша ўставала а чацвёртай раніцы і клалася далёка за поўнач. Ёй было вельмі цяжка, але яна нас выгадавала. Дарэчы, 26 ліпеня маме спаўняецца 65 гадоў. Яна актыўная і цяпер, завіхаецца ў агародзе, любіць дзяцей, унукаў. І мы нашай маме вельмі ўдзячны за тое, што сталі тымі, кім мы ёсць.

 

Цудоўная сям’я

Дарэчы, Алена Іванаўна заўсёды была падпісчыцай «Бярэзінскай панарамы», чытае газету ад першай да апошняй старонкі. Чытае ўсё, з асаблівым імпэтам праглядвае рубрыку віншаванняў. Яшчэ яна аматарка песень і музыкі, любімая перадача – «Привет, Андрей», якую глядзіць з блакнотам, куды занатоўвае словы ўпадабаных песень для душы. Таксама вялікая аматарка спеваў нашага гарманіста-земляка Міхаіла Папругі.

– Перадачу Малахава з захапленнем глядзелі ўсім сямействам, перажывалі за бярэзінскага выканаўцу, – прызнаецца Марыя Яўгеньеўна. – Мама валодае цудоўным голасам, таксама любіць спяваць.

Здольнасць да спеваў перадалася праз гены ад мамы да дачок і ўнучак. У гэтым маглі нядаўна пераканацца і былыя выпускнікі Ушанскай школы, што сабраліся на сустрэчу з нагоды 50-годдзя выпуску, на якой Марыя выступіла з сольным нумарам. І не толькі яны. Даводзілася разам з дочкамі выступаць і на конкурсе «Нашы таленты», які ладзіўся ў галіне мужавай дзейнасці. Да слова, муж Аляксандр працуе майстрам лесу ва Ушанскім лясніцтве, і несумненна радаваўся поспехам каханай жонкі і дачушак, якія прадстаўлялі на згаданым конкурсе Бярэзінскі лясгас, ды прывезлі адтуль узнагароды – граматы і сувеніры.

Такая вось цудоўная сям’я жыве ва Ушы. Хочацца пажадаць ім і надалей натхнення, светлых радасных дзён, новых вершаў і, вядома ж, заставацца з раённай газетай, цікавасць да якой прыйшла ад мамы.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER