Раман Несцяровіч:
- Працуем тут з 10 ліпеня. Чым займаемся? Вельмі важнай справай: падтрымліваем належны парадак і чысціню на пляцоўцы. Работа нескладаная, таму не перапрацоў. Да таго ж, у кожнага з нас свой рабочы час – у залежнасці ад узросту. Працаваць падабаецца, цікава. Пра тое, што студатрад – гэта крута, сведчыць той факт, што некаторыя з нас тут ужо не першы сезон. Так што і налета, думаю, тут таксама будзе падобны атрад.
Яўгенія Бяляева:
- Хоць я тут чалавек не мясцовы, бо вучуся ў СШ №3 г. Беразіно, улілася ў каманду вельмі хутка і без праблем. Вельмі падабаецца і работа, і наш дружны калектыў. Як трапіла сюды? Вельмі хацелася летам быць чымсьці занятай. Вось і звярнулася з просьбай да брата: ён у гаспадарцы працуе бухгалтарам. Так і трапіла, можна сказаць, па блату (смяецца). Але з венікамі у руках працую на роўных з іншымі, які тут блаце можа быць? Прыемна ўсведамляць, што ты чагосьці вартая і можаш сама зарабіць грошы ўласнай працай.
Вераніка Петрушэня:
- Сёлетні сезон у студатрадзе для мяне юбілейны – пяты. Пачынала, як і астатнія юнакі і дзяўчаты, яшчэ будучы вучаніцай Любушанскай сярэдняй школы. А зараз я ўжо камандзір атрада і адначасова студэнтка Магілёўскага ўніверсітэта, дзе вучуся на настаўніка пачатковых класаў. Аднак званне камандзіра не вызваляе мяне ад выканання работы, і я працую разам са сваімі “рабятамі”. Прымала ўдзел у фарміраванні атрада, у чым дапамагалі і спецыялісты мясцовай гаспадаркі, якія прымалі заяўкі, і райкам БРСМ, які каардынуе нашу дзейнасць. Прыемна адчуваць, што ў арганізацыі такой карыснай справы, як студатрад, ёсць і мой удзел. Веру, што сёлетні сезон жніва – далёка не апошні на календары любушанскага студатрада і маім асабістым таксама.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.