На імправізаванай сцэне выступалі ўжо сямейны ансамбль Палянскіх, Ірына Ермаловіч і Міхаіл Папруга, ансамблі “Лявоніха” і “Рэтра”, калектыў клуба ветэранаў педагагічнай працы “Сустрэча”… Разнапланавы рэпертуар і задушэўныя песні прыцягваюць да сябе многіх бярэзінцаў. А ў мінулую суботу гасцей маладзёжнага цэнтра сваім майстэрствам радавалі і здзіўлялі прадстаўнікі аўтаклуба на чале з яго кіраўніком Любоўю Пінчук, якая па сумяшчальніцтву была ў той вечар і вядучай.
Як расказала Любоў Дзмітрыеўна, калектыў аўтаклуба больш вядомы на вёсцы, бо менавіта там – у аграгарадках і невялічкіх вёсачках, у час жніва ці іншых палявых работ – арганізуе свае выступленні перад вяскоўцамі: на прыстасаваных падмостках, а то і наогул без сцэны, што называецца ў палявых умовах. Ладзяць “аўтаклубаўцы” канцэрты, спартыўна-гульнявыя праграмы, удзельнічаюць у святах вёсак. На жаль, да гэтай пары калектыў быў мала вядомы гараджанам. Але дэбют аказаўся даволі ўдалым і выклікаў у гледачоў гучныя апладысменты і шчырыя словы падзякі за выступленне. А акрамя Любові Пінчук, сваім майстэрствам бярэзінцаў зачароўвалі акампаніятары Віталь Быстроў і Генадзь Гоцман, культарганізатар Кацярыня Смелякова, салістка Алеся Лагун (дарэчы, гэта не ўвесь калектыў аўтаклуба).
Удаламу канцэрту ніколькі не перашкодзіў невялікі дожджык, які нібы выпрабоўваў на стойкасць гледачоў. Яны нават з задавальненнем пускаліся ў скокі пад гукі вясёлых песень.
Наталля БАРАНАВА, Зінаіда ЗОСІК, Валянціна БУЛОЙЧЫК, Марыя КАРАНЕЦ, Алена ЛАПІЧ:
– Мы з‘яўляемся заўсёднікамі гэтых вечаро адпачынку. Ніводнага не прапусцілі! Вось і на гэты раз, хоць і надвор’е не самае лепшае, таксама прыйшлі. Падабаецца ўсё. Выдзеліць які-небудзь адзін з канцэртаў не можам, бо кожны па-свойму ўнікальны – ці то сямейны гурт Палянскіх, з якога і пачыналіся вечары, ці то “Рэтра” або Міхась Папруга. Шкада толькі, што збіраецца сюды не вельмі многа людзей, бо многія не ведаюць пра такія вечары. Больш рэкламы трэба даваць і развешваць па горадзе. Упэўнены, што жадаючых пабываць на падобных канцэртах (ды тым больш бясплатных!) будзе намнога больш.
Сафія ЦЭДРЫК:
– Я таксама тут не ўпершыню. Вельмі спадабаўся і гэты канцэрт, малайцы, аўтаклуб! Лічу, што чалавек павінен сам сабе ствараць невялічкія святы. А калі іх хтосьці арганізоўвае для цябе – выдатна. Мы тут і спяваем, і ў скокі пускаемся, і адпачываем, і энергіяй зараджаемся на некалькі дзён. Я – за актыўны лад жыцця і не люблю сядзець дома. Да прыкладу: двойчы на тыдзень хаджу ў басейн, дзе для людзей нашага ўзросту створана група, з якой працуе трэнер Арцём Віктаравіч. Цудоўны чалавек, паболей бы такіх! Так што, заклікаю і іншых да большай актыўнасці і абавязкова прыходзіць на летнія вечары адпачынку. Не пашкадуеце!
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.