Святлана Міхайлаўна расказвае, што вырошчваць кветкі — справа клапатлівая. Але для яе гэта няцяжка, сцвярджае, што за любімым заняткам не адчувае стомленасці.
І вырошчвае жанчына кветкі для душы — дастаткова прайсціся каля градак, каб атрымаць зарад бадзёрасці на ўвесь дзень! Кожную раніцу і вечарам гаспадыня абавязкова абходзіць свае рознакаляровыя кусты, а калі пераканаецца, што ўсё ў парадку – проста захапляецца цудоўным водарам кветак, шапаценнем зеляніны, гудзеннем пчол, прыгажосцю суквеццяў.
Кветкаводу трэба ведаць аб тым, як “суседнічаюць” кветкі, як трэба іх падкармліваць і яшчэ шмат розных сакрэтаў. Некаторы вопыт Святлана Мі-хайлаўна пераймае ад знаёмых ці родных, і сваімі ведамі таксама дзеліцца ахвотна. Вось, напрыклад, аксаміткі і лаванду патрэбна садзіць побач, бо іх моцны пах не пераносіць тля, ад якой бывае цяжка абараніць ружы.
Дарэчы, пра ружы. Гэтыя кветкі – любімыя. Ёсць у Святланы Міхайлаўны нават незвычайны сорт – “Фокус-покус”, гэтая ружа стракатая, у ёй нібы перамешаны два колеры – жоўтыя і бардовыя.
– Стараюся кожны кавалачак зямлі каля дома выкарыстоўваць эфектыўна, – дадае гаспадыня. – Таму да работы, калі патрэбна, далучаю мужа. І ён, дзякуй, ніколі не адмовіць.
Васілій Міхайлавіч працуе вадзіцелем школьнага аўтобуса, а Святлана Міхайлаўна – вартаўніком у мясцовай школе. Выгадавалі дзвюх дачок – Насцю і Алену. Дачакаліся ўнука Яраслава. Трымаюць хатнюю гаспадарку. А яшчэ забяспечваюць спакойную старасць матулі Ніны Максімаўны. Ёй – 95 гадоў.
– А вось гэта яе любімае кароннае месца, – паказвае гаспадыня на мяккае крэсла на ганку пад навесам. – Тут, ля водару кветак, у цяньку матуля любіць пачытаць газеты і часопісы.
Сапраўды, свой рай кожны сам стварае ўласнымі рукамі. Гэты дом з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках. Вакол такая прыгажосць, якую немагчыма выказаць словамі, трэба толькі бачыць і адчуваць.
Елена ГРОМОВА.
Фото автора.