Пяшчотнае зачараванне ад пісьменніцы

Date 02.09.2023 Man
Comment 564
Пяшчотнае зачараванне ад пісьменніцы

Аднойчы на кніжнай выставе-кірмашы ў сталіцы я пазнаёміўся з жанчынай, якая выпраменьвала пэўнае святло і выклікала добрыя пачуцці падчас размовы. Разгаварыўшыся пра літаратуру, мы міжволі перайшлі на асабістыя тэмы, і раптам высветлілася, што мы родам з аднаго раёна, што імгненна ўзмацніла ўзаемную цікавасць. І калі звесткі пра тое, што хадзілі ў адну школу здаваліся проста дзіўнымі, то зусім ужо для нас дваіх неверагодным выглядала далейшая навіна – аказваецца, нейкі перыяд мы нават вучыліся ў адным класе.

Здаецца, гэта цікавая прадмова да матэрыялу пра беларускую пісьменніцу, нашу зямлячку, Галіну Пярун.

 

Ніхто не чакаў

Пісьменніца родам з Журоўкі, зараз жыве і працуе ў Магілёве. Між іншым яна – медсястра афтальмалагічнага кабінета паліклінікі №7, мае таксама вышэйшую педагагічную адукацыю. Для дзяцей і юнацтва напісала кніжкі “Лясныя свавольнікі”, “Прыгоды сяброў” і “Закаханы скідзень”. Для дарослых – “Прости” і “Воля судьбы” .

Як прызнаецца ў гутарцы Галіна, пісаць пачала з першага класа, як толькі навучылася выводзіць літары. Прычым, пераважна на беларускай мове: вершы, казкі і апавяданні.

- Вершы былі патрыятычныя, прысвечаныя Радзіме і прыродзе, - успамінае пісьменніца. – Бацькі слухалі мае творы і гаварылі, што вельмі добра. Аднойчы я адважылася і паслала нізку вершаў у часопіс “Вясёлка”.

Вершы не надрукавалі, але Вася Вясёлкін (лірычны герой часопіса) мне некалькі паштовак прыслаў і сказаў, што я абавязкова стану вялікім чалавекам, бо адважылася напісаць у рэдакцыю! Дарэчы, лісты недзе захаваліся дома.

Пісала да адзінаццатага класа, а потым перастала. Пісала толькі ў думках – раманы. Калі нарадзілася трэцяя дачка, пачала ізноў пісаць на паперы, але ніхто пра гэта не ведаў.

І калі выйшаў першы раман, не маглі паверыць!

Трапяткая тэма

Першы ж твор у Галіны Пярун пабачыў свет на старонках газеты “Прыдняпроўская ніва” у 2011 годзе.

Гэта было апавяданне “Здрада” на адвечную жыццёвую трапяткую тэму, як мужчына кінуў старую жонку ды падаўся да маладой, але ў яго не вытрымала сэрца…

Першым раманам быў “Прости”. Падзеі ў ім разгортваюцца ў абласным цэнтры. Галоўныя дзеючыя асобы – школьныя настаўнікі. У цэнтры сюжэта –жанчына, якая пакінула дзіця ў раддоме. Гэта кніга пра каханне, расчараванне і здраду, пра тое, як цяжка парою бывае зразумець і дараваць. Эфект ад твора быў нібыта ад узрыву бомбы, у падобных выпадках кажуць: кніга “выстраліла”. Блізкія, сябры, знаёмыя пісьменніцы, і нават незнаёмыя аматары літаратуры прачыталі кнігу літаральна за адну ноч.

- Мне пачалі тэлефанаваць. Асобныя людзі нават узрушана плакалі. Званілі нават мужчыны, калі раман патрапіў у бібліятэкі. Мяне шукалі праз сацыяльныя сеткі, прасілі пераслаць кнігу з подпісам.

– Тэма твора неадназначная, кранае за жывое, – дзеліцца Галіна Пярун. – Шмат экзэмпляраў кнігі раздарыла сябрам і была вельмі ўзрадаваная. Гэта ўсё ў сукупнасці надало натхнення і сіл пісаць далей, і праз год новы раман “Воля судьбы” быў выпушчаны выдавецтвам “Беларусь”.

 

Супадзенні выпадковыя

У творчасці пісьменнікаў часам надараецца тое, што называюць празорлівасцю, прадбачаннем, з-за чаго на вокладках кніг варта пазначаць “Усякія супадзенні выпадковыя”. Не мінуў гэты эфект і нашу зямлячку.

Недзе праз паўгода пасля шумнага поспеху першай кнігі да аўтара прама на работу завітала жанчына і настойліва папрасіла аўтограф. Як высветлілася, яе імя і імя па бацьку і нават прафесія настаўніцы супадаюць з тымі, што маюцца ў галоўнай гераіні рамана.

І хоць дзіця ў раддоме нечаканая госцейка не пакідала, аднак жыццёвая сітуацыя таксама склалася такая, што не пазайздросціш і ворагу не пажадаеш, карацей – не цукар.

І гэта надарыўся менавіта той самы выпадак, глыбіню якога могуць спазнаць і ўсвядоміць толькі пісьменнікі. Як зазначыла Галіна Пярун, выпадак проста містычны.

Для дзетак і не толькі

Пісьменніца шмат піша і для дзетак, бо любіць іх усім сэрцам. Апошняя кніга “Закаханы скідзень” сёлета выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Гэта казачная фэнтэзійная гісторыя пра ваўка-пярэваратня, у якой ёсць месца каханню, мужнасці і іншым важным пачуццям. У айчыннай міфалогіі скідзень – з’ява ўнікальная, бо ў адрозненне ад іншых міфалогій, беларускія скідні-ваўкалакі не рабуюць мірных людзей, а абараняюць свае дамы і блізкіх, свой род. Летась аповесць перамагла ў конкурсе на лепшы празаічны твор для моладзі, які праводзіўся Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

На пытанне, як у сям’і ўспрымаюць факт, што мама і жонка – пісьменніца, Галіна Пярун з усмешкай распавядае гісторыю, як аднойчы дачка ўзяла на ўрок пазакласнага чытання маміну кнігу і атрымала дзясятку па літаратуры.

– Праўда, дзеткі сціплыя і не хваляцца, што мама піша кнігі, але мае творы чытаюць. Нават калі пішу штосьці новае, зачытваю ім урыўкі, дзеці даюць парады па тэксце і сюжэце. А вось муж доўга не хацеў прымаць, што я пішу, але зараз з задавальненнем дорыць мае кнігі сябрам!

Лепшая ж уласная кніга, як мяркуе гераіня матэрыялу, яшчэ наперадзе.

У 2021 годзе адбылася значная падзея – Галіну Пярун прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Дагэтуль тры разы запрашалі, аднак сціплая жанчына не лічыла сябе дастойнай падобнага статусу, бо для яе сапраўдныя пісьменнікі - гэта нашы класікі Уладзімір Караткевіч, Іван Мележ, Алена Васілевіч і іншыя, творы якіх яна рэкамендуе для прачытання.

– Мяне цікавяць людзі з цяжкім лёсам. Напрыклад, якія страцілі зрок або слых, або страцілі дзіця і не могуць стаць маці. Люблю звярнуць увагу чытача на іх, што яны ёсць і таксама хочуць быць шчаслівымі. У сваім рамане “Воля судьбы” я пісала пра дзяўчыну, якая не магла гаварыць. Яна жыла ў тайзе і не бачыла іншага свету, але кахала шчыра, ад усяго сэрца…

Мару многа чаго напісаць, калі Бог дасць мне такую магчымасць.

На свята Дня беларускага пісьменства хочацца пажадаць Галіне Пярун далейшых творчых здабыткаў, цікавых кніг, захапляльных сюжэтаў і добрых людзей на жыццёвым шляху.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER