Усё тут – для душы

Date 16.10.2023 Man
Comment 789
Усё тут – для душы

У рэдакцыю патэлефанавалі: - Вось вы шмат пішаце пра добраўпарадкаванне. Напішыце, калі ласка, пра маю суседку. Жыве па вуліцы Кастрычніцкай. У яе такі добры дагледжаны падворак, такія цудоўныя клумбы...

І вось мы ў гасцях. Знаёмцеся – Алена Аляксееўна Каламыцава.

І сапраўды, бачна, як па-гаспадарску дагледжана прысядзібная тэрыторыя, як да дробязей прадуманы дызайн, падабраны кветкі і дрэўцы.

Восень паціху ўваходзіць у свае правы, а на клумбе дэманструюць усё сваё хараство хрызантэмы бардовага і бэзавага колераў, квітнеюць браткі, гартэнзіі, званочкі, ружы, аксаміткі...

Нават клематыс, які ўжо адцвіў, выглядае незвычайна – нібы паветраныя шарыкі з тонкіх карункавых нітак...

- Тут маёй заслугі нямнога, - сціпла гаворыць Алена Аляксееўна. – Больш завіхаюцца мая дачушка Вольга з зяцем Юрам.

Доўгі час Алена Аляксееўна пражыла ў Казахстане, у горадзе Ісык, што знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад Алма-Аты (у той час сталіцы рэспублікі). Працавала жанчына ў банкаўскай сістэме, адна з яе дачушак-двайнятак – Таццяна – таксама пайшла матулінай сцяжынкай – спачатку закончыла вучэбна-крэдытны тэхнікум у Алма-Аце, пасля – інстытут эканомікі і права ў Маскве, цяпер працуе начальнікам аддзела закупак у рэспубліканскім шпіталі.

- А Вольга з дзяцінства захаплялася музыкай і спявала паўсюдна, дзе толькі можна было, - прыгадвае Алена Аляксееўна, - і на канферэнцыях, і на пленумах, і нават у санаторыях, куды выбіраліся на адпачынак. Вольга закончыла Алма-Ацінскае вучылішча па класе акардэона, потым завочна – Мінскі інстытут сучасных ведаў па класе вакалу. Цяпер – педагог ДУА "Бярэзінская школа мастацтваў". Выбралі сабе справы па душы.

- Я часта прыгадваю Казахстан, - дадае жанчына, - там столькі святла, столькі сонца!.. Хаця зараз, гавораць, і там клімат мяняецца.

Калі сюды прыехала, уладкавалася ў “Беларусбанк”, сустрэлі мяне цёпла, ветліва, тады кіраўніком быў Валянцін Уладзіміравіч Лізура. Адтуль я і пайшла на заслужаны адпачынак.

Цяпер больш навін даведваюся з інтэрнэту. Пакуль пералістаю “ЦікТок”, “Аднакласнікі”,”YouTube”, “Instagram”– усё і пазнаю. І пра кветкі таксама шмат інфармацыі адтуль чэрпаем. Вось, напрыклад, ёсць у нас клубневыя бягоніі. Гэта цеплалюбівыя расліны, не здольныя перанесці зіму ў адкрытым грунце. Так, на перыяд халадоў Юра карэнішчы выкопвае, а Вольга іх мые і адпраўляе на захоўванне ў халадзільнік. Толькі пры правільнай зімоўцы бягонія ў наступным сезоне зноў пакрыецца пышнымі кветкамі. А я, пакуль мае памочнікі корпаюцца ў зямлі, ім навару смачных страў, каб падсілкавацца... Дарэчы, у іх яшчэ шмат задумак, якія яны намераны здзейсніць на добраўпарадкаванні. Оля мая ва ўсім і заўсёды імкнецца да дасканаласці.

 

 

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER