З чаго складаюцца бяспечныя ўмовы пражывання?

Date 09.11.2023 Man
Comment 1156
З чаго складаюцца бяспечныя ўмовы пражывання?

Штодзень ратавальнікі  Бярэзіншчыны рознымі шляхамі і сродкамі праводзяць прафілактычную работу з насельніцтвам раёна:  сельскія сходы, выступленні ў працоўных калектывах і на бацькоўскіх сходах у школах, артыкулы ў раённай газеце, акцыі… Спіс можна працягваць, аднак надзвычай важна непасрэдна прыйсці ў дом да чалавека і ўказаць яму на тыя парушэнні пажарнай бяспекі, што могуць прывесці да бяды. Як паказвае жыцце, некаторыя людзі нават не здагадваюцца пра тое, што сваімі дзеяннямі ствараюць небяспечную сітуацыю ў доме. Перш за ўсе маецца на ўвазе курэнне ў ложку, перанакалы печаў, перагрузкі электрасетак, пакіданне дзяцей без нагляду… Прафілактычная работа ў жыллі грамадзян не спыняецца і ў выхадныя. Так, падчас “вялікіх выхадных” рэйды прайшлі па асобных вёсках усіх сельсаветаў раёна. 

 

“Найперш стараемся наведаць адзінокіх састарэлых людзей, інвалідаў, нядобранадзейныя сем’і, – кажа начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Мазанік. – Асобную групу рызыкі складаюць грамадзяне, для якіх выпіўка і цыгарэта даўно сталі звычным ладам жыцця. Як правіла, менавіта іх дамы ўяўляюць з сябе не толькі брудную карціну, але і надзвычайна небяспечную ў плане ўзнікнення пажару. Так, у мінулым годзе з-за неасцярожнасці пры курэнні ў раёне загінулі пяць мужчын…”

Прапісныя, здаецца, ісціны нагадваюць ратавальнікі: як стварыць у доме бяспечныя ўмовы для пражывання, што рабіць пры ўзгаранні. Але ж нават простае пытанне – як званіць у пажарную – некаторых грамадзян ставіла ў тупік. Асноўныя парушэнні норм пажарнай бяспекі, што былі выяўлены – даволі тыповыя: непатынкаваныя дымаходы, адсутнасць батарэйкі ў апавяшчальніку, недастатковых памераў металічны ліст ля топліўніка печы. На жаль, дзясяткі з два недакуркаў на стале і на падлозе – частая карціна ў дамах, дзе збіраюцца кампаніі ў жаданні правесці вольны час са спіртным і тытунем.

Жыхару вескі Паложына у ходзе рэйда інспектар пажарнага надзору ўстанавіў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Як высветлілася, мужчына ў гэтым годзе стаў інвалідам другой групы, пражывае разам з сябрам. Курэнне ў доме і перыядычнае ўжыванне спіртных напояў даўно сталі звычным ладам жыцця мужчын. Пра неабходнасць усталявання ў доме апавяшчальніка ведалі, але , як кажуць, “рукі не даходзілі”.

         “Дзякуй за дапамогу, – шчыра гаворыць Аляксандр. – А печку мы, як бачыце, пабялілі. Курым толькі ля печы, у ложку ніколі. У хаце патрэбен рамонт, праводку мяняць плануем.”

Хочацца шчыра верыць абяцанням мужчыны­, тым больш што парадак у доме падтрымліваецца.

Па выніках праверак будуць рыхтавацца пісьмы ў службы ўзаемадзеяння, каб аказаць сацыяльную дапамогу асобным грамадзянам і прадухіліць магчымыя правапарушэнні і пажары, што могуць здарыцца з-за нядбайнасці некаторых гаспадароў.

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER