Дзякуючы тэлефоннаму званку Вольгі Баранавай з просьбай расказаць пра вясковую майстрыху, мы адпраўляемся ў дарогу...
Галіна Шаўчэнка некалі жыла ў Пухавіцкім раёне, але карані яе тут, у Багушэвічах.
– Таму сюды і вярнулася, – распавядае яна пра сябе. – Мне проста падабаецца ствараць штосьці прыгожае сваімі рукамі, – гаворыць Галіна Аляксандраўна. – Вышываю і гладдзю, і крыжыкам. Шмат чаго раблю з паперы ў розных тэхніках, пляту кошыкі з розных матэрыялаў. Раней шыццём і вязаннем, здаецца, займаліся ўсе. А цяпер многія ўпустую бавяць час у гаджэтах, а можна ж і з карысцю іх выкарыстоўваць.
Я вось так шмат чаму навучылася, дзякуючы інтэрнэту.
Неяк купіла набор для вышыўкі стразамі... Дакладней, такая тэхніка мае назву «алмазная вышыўка». Вельмі захапілася таксама. Не магу дакладна сказаць, колькі часу патрабуецца, каб зрабіць карціну, бо не кожны дзень удаецца пасядзець за гэтай справай. Але і алмазнай вышыўкай цяпер таксама займаюся з задавальненнем. Наогул часу на творчасць я не шкадую, бо ўжо даўно на пенсіі. Хатнія справы шмат гадзін не забіраюць. А любімы занятак заўсёды паднімае настрой і дорыць пазітыўныя эмоцыі.
У гаспадыні шмат падзелак, шмат вышываных карцін, шмат ікон, на стварэнне якіх яна атрымала боскае благаславенне.
Сакрэты свайго майстэрства жанчына часткова перадае свайму сыну Мікалаю, як некалі яе матуля перадавала ёй самой. А яшчэ нейкі час Галіна Аляксандраўна вяла ў мясцовай школе (раз у тыдзень) гурток, дзе вучыла дзяцей вышываць крыжыкам.
Прыемна, што ёсць яшчэ асобы, якія, акрамя шматлікіх вясковых спраў, знаходзяць час і на творчасць. Такіх не вабяць ні шум вялікіх гарадоў, ні пустая трата часу за сучаснымі гаджэтамі. Яны жывуць у глыбінцы ў гармоніі з сабой, прыродай і людзьмі. Вучаць аднавяскоўцаў таму, што пры жаданні можна сваё жыллё ўпрыгожыць так, каб там было прыгожа і ўтульна, і заўсёды туды хацелася б вяртацца.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.