У лесніка шмат клопатаў, узяць, напрыклад, нарыхтоўку насення. Гэтым накірункам займаюцца амаль штогод. Летам, як толькі адцвітае ліпа, пачынаем нарыхтоўваць насенне ліпы, далей - таполі, клёну; восенню – насенне бярозы, дуба, ясеня; зімой – насенне хваёвых парод дрэў.
А надыдзе вясна, першачарговай задачай становіцца пасадка дрэў. Да гэтай высакароднай справы далучаюцца і школьнікі, і шматлікія дэлегацыі з розных арганізацый.
Сапраўды, хочацца пакінуць штосьці памятнае, добрае, значны след будучым пакаленням пасля сябе...
На свой хлеб зарабляць Андрэй Міхайлавіч пачаў з 16-ці гадоў. Тады ўладкаваўся аўтаслесарам у ТАА “Белвудгард”, потым рабіў у ЗАТ “Клявіца”.
А калі былы ляснічы Пагосцкага лясніцтва Аляксандр Харловіч прапанаваў паспрабаваць сябе ў лясной гаспадарцы, не доўга думаючы, згадзіўся.
І не пашкадаваў аб сваім выбары ні хвіліны, бо знайшоў справу па душы.
- Ёсць у лесе дзялянкі, якія я садзіў разам з жонкай, - дадае Андрэй Міхайлавіч. – Іншы раз яна прапануе: пойдзем паглядзім, як там нашы елачкі-сасонкі. Пойдзем палюбуемся на свае насаджэнні, што з маленькіх кволых раслінак ростам ужо вышэй за нас сталі. А яшчэ любім выбірацца ў лес усёй нашай шматдзетнай сям’ёй за грыбамі. Назбіраем поўныя кошыкі ці не – няважна, важна тое, што пагутарым з прыродай усе разам.
За сваю добрасумленную шматгадовую працу Андрэй Кастроў сёлета адзначаны чарговай заслужанай узнагародай.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.