Унікальная прафесія і ўнікальныя людзі

Date 01.12.2023 Man
Comment 779
Унікальная прафесія і ўнікальныя людзі

Работа ў сістэме Белдзяржстраху даволі спецыфічная, своеасаблівая і даступная не кожнаму. Таму выпадковыя людзі тут не затрымліваюцца надоўга.

 

Зусім інакш склаўся лёс у Аляксандра Далівайлы. Думаю, прозвішча гэтага чалавека на слыху многіх і як цяперашняга спецыяліста прадстаўніцтва, і як былога начальніка ДАІ Бярэзінскага раёна, дзе мужчына служыў да выхаду ў адстаўку.

Да гэтага часу на месцы вядучага спецыяліста за восем гадоў памянялася пяць чалавек. З прыходам Аляксандра Далівайлы цякучасць спынілася: трэцяга студзеня споўніцца 11 гадоў, як мужчына знаходзіцца ў штаце. У яго абавязкі ўваходзіць не толькі разгляд ДТЗ, але ў большай ступені транспартнае страхаванне юрыдычных асоб.

Аб’ём работы спецыялісту выконваць даводзіцца вялікі і без справы ён не сядзіць. Але час не стаіць на месцы і вось ужо ў пачатку наступнага года Аляксандр Далівайла выходзіць на пенсію. А пакуль што падшуквае сабе дастойную замену.
А вось Анжаліцы Тышчанка да выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ ёсць дастаткова часу, каб праявіць сябе як вопытны і старанны страхавы агент. На пасадзе жанчына пакуль што толькі пяць гадоў.

Зусім неспадзяваныя жыццёвыя шляхі-дарогі прывялі яе ў сістэму Белдзяржстраху. Аб зробленым кроку яна ніколькі не шкадуе, бо адчувае сябе на сваім месцы ў дружным калектыве.

- Наша работа, - расказвае Анжаліка Віктараўна, - прадугледжвае перш за ўсё зносіны з людзьмі. Вопыт абыходжання з імі я назапасіла на папярэдняй рабоце. Наогул, лічу асноўнымі прынцыпамі сваёй дзейнасці наступныя пункты.

Па-першае, ты павінен быць выдатным псіхолагам, каб твой кантакт з чалавекам прынёс жаданы вынік, па-другое і па-трэцяе, абавязкова любіць людзей і справу, якой займаешся.

Яшчэ адным фактарам з’яўляецца ўпэўненасць, у тым ліку самога чалавека, у заўтрашнім дні.

А яе ў пэўнай ступені забяспечвае і страхавы поліс, які абавязкова прыйдзе на дапамогу, надасць упэўненасць пры наступленні страхавога выпадку.

У зоне абслугоўвання Анжалікі Тышчанкі вёсці Капланцы, Гарэнічы, Высокая Гара і прылягаючыя да іх невялічкія населеныя пункты, а таксама пяць вуліц горада.

Кожнага страхавальніка яна ведае ў твар, ведае, чым жыве той ці іншы чалавек (пры неабходнасці можа нават камусьці па заяўцы даставіць прадукты ці аказаць іншую дапамогу), яго графік работы і калі з ім найлепш сустрэцца – у рабочы ці пазарабочы час (хаця ўсё роўна напярэдадні абавязкова сазваньваецца).

Будзе нялішнім дадаць, што Анажаліка Тышчанка па выніках работы за 2023 год прызнана ў прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Бярэзінскім раёне лепшым страхавым агентам. Так трымаць і надалей!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER