За апошні тыдзень інспектар прапаганды Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуаціях Вольга Ермакова наведала чатыры установы дашкольнага выхавання, каб у чарговы раз нагадаць дзеткам правілы ўласнай бяспекі. Гульня – найлепшы сродак падачы любой інфармацыі для дашкольнікаў. Гуляючы, дзеці авалодваюць надзвычай важнымі ведамі – што рабіць пры ўзгаранні, як пазваніць у пажарную, і - самае важнае – як сябе весці, каб не дапусціць вогненнай бяды. Выбіраючы на карцінках бяспечныя і небяспечныя месцы для гульняў, дзеткі наперабой тлумачылі свой выбар. Радасна топаючы і пляскаючы ў далоні падчас гульні “Топ-хлоп” яны паўтарылі, якія забавы радасныя, а якія – небяспечныя. Выбіраючы падчас мадэліравання сітуацый патрэбны нумар тэлефона, выхаванцы расказвалі, што яны паведамяць выратавальнікам па тэлефоне пры ўзнікненні пажара.
Сітуацыя з пажарамі на тэрыторыі Мінскай вобоасці застаецца даволі напружанай, і самае трагічнае, калі у бяду трапляюць дзеці. “Вучыць – самаму галоўнаму, зберагчы – самае дарагое” – наш дэвіз падчас работы з дзецьмі. Раённыя выратавальнікі нагадваюць бацькам: забяспечце пастаянны нагляд за сваімі дзеткамі, забараніце малым хадзіць адным да вадаема ў любую пару года, прыбярыце з відных месцаў запалкі, лекі, ёмістасці з гаручымі вадкасцямі. Уважлівыя адносіны да свайго дзіцяці – найлепшая прафілактыка траўматызму.