Нямала было ў мехкалоны за гэты час узлётаў і не вельмі спрыяльных перыядаў, некаторыя ў пошуках больш высокіх заробкаў пераходзілі ў іншыя арганізацыі. Але Уладзімір Эдуардавіч не здрадзіў свайму калектыву, сумленна выконваў свае абавязкі і набываў вопыт. Зараз у яго багажы шмат ведаў, практыкі, умення. Цясляр – асноўны чалавек, які стварае ўтульнасць любога пабудаванага памяшканння, удыхае жыццё ў толькі што ўзведзеныя бетонныя сцены, займаецца выкананнем большасці ўнутраных работ.
Рэдка калі даводзіцца чуць Уладзіміру Сіняку нараканні на якасць зробленага. Стараюцца не адставаць ад свайго брыгадзіра і іншыя члены брыгады цесляроў, а калі што ідзе не так або не атрымліваецца, заўсёды звяртаюцца да яго за дапамогай або парадай: ведаюць, знойдзе іх старэйшы таварыш патрэбны рэцэпт, дапаможа разабрацца з сітуацыяй, бо ў яго не толькі залатыя рукі, а і шчыры сяброўскі характар.