Стваральнікам яго стала добра вядомае ў Беларусі Мінскае адкрытае акцыянернае таварыства “Керамін”, якое займаецца выпускам керамічнай пліткі і многіх фарфоравых вырабаў для бытавых патрэб грамадзян. Прадпрыемства сапраўды новае, але многія людзі, што працуюць у ім, маюць вялікі стаж і вопыт работы з драўнінай і яе перапрацоўкай. У ліку іх і Наталля Хендогая.
Нягледзячы на тое, што пасаду яна мае больш прыдатную для мужчыны – начальнік цэха дрэваапрацоўкі – спраўляецца яна са сваімі абавязкамі паспяхова, без нараканняў і канфліктаў, упэўнена вядзе сваіх падначаленых да паспяховага выканання даведзеных заданняў і планаў. І атрымліваецца ў Наталлі Мікалаеўны, трэба сказаць, добра, пацвярджэннем чаму з’яўляецца той факт, што на раённым свяце працы яна была адзначана за дасягненне лепшых паказчыкаў у вытворчай дзейнасці па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2023 год.
Пра Наталлю Хендогую можна смела сказаць, што яна – чалавек, які знайшоў сябе і мае любімую справу. Былі на яе жыццёвым шляху работа загадчыцай фермы, маслароба ў вытворчым участку “Здравушка-мілк”. Але асноўны працоўны стаж жанчыны прыпадае на вытворчасць, звязаную з дрэваапрацоўкай. Справа няпростая, працаёмкая, адказная. І тым не менш. Першыя крокі рабіла ў “Белвудгардзе”, які толькі-толькі адкрыўся. Прыйшла на вытворчасць простым зборшчыкам-станочнікам. Стараннасць і цакавасць да справы маладога працаўніка заўважыла кіраўніцтва прадпрыемства. Пачалося прасоўванне па службовай лесвіцы і паралельна з гэтым – вучоба. Стала адразу ўчотчыцай, потым была прызначана загадчыцай склада і нарэшце дарасла да пасады начальніка цэха. Але праз які час прадпрыемства было закрыта і давялося шукаць новае месца. Ім стаў “Будінвест”, але на зусім кароткі час. А калі кіраўнік “Профітсістэм” Віктар Капітан прапанаваў ёй месца ў гэтым калектыве, адразу пагадзілася, нават не раздумваючы.
– На той час я працавала ў зусім іншай галіне, - расказвае Наталля Мікалаеўна.
– І, ведаеце, так сумавала па сваёй колішняй рабоце, што мне нават сніўся пах свежай драўніны. Таму была вельмі ўдзячна Віктару Уладзіміравічу за яго прапанову і без ваганняў згадзілася на яе. Ні разу не пашкадавала аб зробленым за ўсе 14 гадоў, што працавала ў “Профіце”.
Але ж і гэтае прадпрыемства напаткаў крах закрыцця. На яго базе, якую выкупіў “Керамін”, стваралася новая вытворчасць. Зразумела, добрыя кадры і выдатныя спецыялісты былі запатрабаваны і тут. Касцяк новага калектыву якраз і склалі найбольш старанныя працаўнікі былой вытворчасці. Наталля Хендогая не толькі ўвайшла ў гэты лік, а стала тым асяродкам, вакол якога паступова вырастаў новы штат.
– На самым пачатку разгортвання вытворчасці было вельмі няпроста. Хоць, здавалася б, і там, і тут справа тычылася дрэваапрацоўкі, але новая вытворчасць, новыя тэхналогіі і новыя працэсы трэба было спасцігнуць і вывучыць. На змену ацыліндровачным станкам прыйшлі лентачна-пільныя, гарбыльна-перапрацоўчыя. Істотна памянялася і сама прадукцыя (мы выпускаем паддоны, а таксама абразную і неабразную дошку для “Кераміна”). Справілася з усімі складанасцямі. І зараз калектыў для мяне – нібы вялікая сям’я, якую, можна сказаць, я і сабрала, гэта маё дзецішча. Таму, відаць, невыпадкова і завуць мяне ў цэху “мамкай”. Кожная раніца для мяне пачынаецца з арганізацыі працы: трэба кожнаму вызначыць аб’ём работы, каб ён быў задзейнічаны найлепшым чынам і паказаў найвышэйшую прадукцыйнасць, сачыць за якасцю, бо яна – самае галоўнае, як і клопат пра людзей, ахову іх працы, каб тыя ведалі, за што працуюць, і дамоў вярталіся ў такім жа стане, у якім прыйшлі раніцай на змену.
У дрэваапрацоўчым цэху занята больш за 30 чалавек. Складаецца ён з трох адказных участкаў. Працэс пачынаецца з прыёмкі лесаматэрыялу, затым ён трапляе на ўчастак сартыроўкі, адтуль – на ўчастак пілавання і нарэшце на ўчастак зборкі. Прадукцыя прадпрыемства ідзе выключна для “Кераміна”, але ў сувязі з тым, што “Керавуд” поўнасцю яго патрэбы не закрывае, тут плануецца павялічыць выпуск прадукцыі. Садзейнічаюць гэтаму і пакуль не ў поўнай ступені задзейнічаныя плошчы і магутнасці. Так што пры жаданні бярэзінцы могуць выкарыстаць магчымасць і прыйсці сюды на працу. Тым больш, што на месцы можна набыць неабходныя веды ў авалоданні тэхнікай. Толькі вось летуноў і абібокаў тут не любяць.
З пачатку года калектыў “Керавуда” ўзначаліў новы кіраўнік, Ігар Аляхновіч. Яму, як і многім іншым спецыялістам вышэйшага звяна, даводзіцца вырашаць шмат пытанняў па далейшым станаўленні прадпрыемства, яго “раскручванні”, пашырэнні колькасці і асартыменту выпускаемай прадукцыі і г.д. Але ў перспектыву і сам кіраўнік, і яго паплечнікі глядзяць з аптымізмам. А ён заўсёды з’яўляўся добрым памочнікам у дасягненні пастаўленых мэт.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.