Медаль уручаны праз… 80 гадоў

Date 02.07.2024 Man
Comment 142
Медаль уручаны праз… 80 гадоў

Гэты фотаздымак унікальны тым, што быў зроблены 9 мая 1945 года, ужо размяшчаўся на старонках нашай газеты. Упершыню ён пабачыў свет 8 мая 2020 года – напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі. Але сёння мы ізноў друкуем яго. І нагода для гэтага больш чым дастатковая.

Памятны здымак – адзіны з ліку тых, што захаваўся ў сям’і нашага земляка Уладзіміра Жукоўскага, дзе яго бацька сфатаграфаны ў час Вялікай Айчыннай вайны ў ваеннай форме. Мікалай Апалінаравіч (на здымку ён крайні справа) у радах Чырвонай Арміі знаходзіўся з 1939 года. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у баявых дзеяннях у час Карэла-Фінскай кампаніі. Затым доўгімі кіламетрамі вайны прайшоў слаўны шлях да Вялікай Пермогі. І ўсе гэтыя гады – за рулём аўтамабіля. Спачатку славутай «палутаркі», а затым «Студэбекера», на фоне якога і зроблены фотаздымак. Быць вадзіцелем на вайне не менш рызыкоўна і небяспечна, чым простым пехацінцам. Праўда, узнагароджвалі іх намога радзей. Толькі ў выключных выпадках. Таму і не былі ўвешаны грудзі Мікалая Жукоўскага вялікай колькасцю медалёў, калі ён вярнуўся дамоў. Галоўнае – застаўся жывым.

Сёння Мікалая Апалінаравіча ўжо няма ў жывых. Пасля яго засталася толькі добрая памяць у аднавяскоўцаў і тых, з кім працаваў, адраджаючы разбураную сельскую гаспадарку Бярэзіншчыны. А яшчэ застаўся і невялікі архіў, важнае месца ў якім займае Грамата Вярхоўнага Савета БССР, датаваная 26 лютага 1947 года, якая прысвоена яму «у сувязі з 30-годдзем Беларускай ССР і дасягнутымі поспехамі ў развіцці і аднаўленні прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, культуры і мастацтва Беларускай ССР». Дададзім, што Ганаровая грамата і Грамата Вярхоўнага Савета БССР на той час з’яўляліся дзяржаўнымі ўзнагародамі рэспубліканскага значэння і мелі вагу ордэна або медаля.

А яшчэ ў гэтым бацькавым архіве Уладзімір Жукоўскі выявіў наступны дакумент: «Временное удостоверение Г 229696. Предъявитель сего красноармеец Жуковский Николай Апполинарович награжден приказом войскам 52 армии №0140-н от 28 сентября 1944 года за образцовое выполнение боевых заданий командования на фронте борьбы с немецкими захватчиками медалью «За боевые заслуги», медаль за №1488570. Командующий войсками 52-й армии генерал-полковник Коротеев. 22 октября 1944 г.»

– Наколькі я памятаю бацькавы ўзнагароды, у іх ліку медаля «За баявыя заслугі» ніколі не было, – расказвае Уладзімір Мікалаевіч. – Відаць, часовае пасведчанне так увесь час і было толькі часовым і не мела далейшага ходу. Таму я вырашыў даведацца больш падрабязна пра ўзнагароду. Звязаўся з Мінскай камендатурай, паказаў гэтае пасведчанне і пацікавіўся, якім можа быць яго далейшы лёс. Мой зварот прынялі да разгляду і неабходны запыт адправілі ў Падмаскоўны Падольскі цэнтральны архіў Міністэрства абароны, у якім захоўваюцца ўсе дакументы, звязаныя з перыядам Вялікай Айчыннай вайны. Прайшло добрых паўгода, калі мяне афіцыйна запрасілі ў Мінск для ўручэння бацькавага медаля. Нават і не верылася, што ён захаваўся. Але выгравіраваны на адваротным баку медаля яго нумар поўнасцю супадае з нумарам, указаным у часовым пасведчанні. Сёння гэты медаль, як вялікая сямейная рэліквія, захоўваецца ра-зам з іншымі ўзнагародамі майго бацькі і з’яўляецца падзячнай памяццю пра яго подзвіг, подзвіг савецкага салдата, які прынёс нам свабоду і вызваленне.

Гэты ўнікальны выпадак яшчэ раз пацвярджае праўдзівасць фразы аб тым, што ўзнагарода заўсёды знаходзіць свайго героя. Нават праз 80 гадоў, як гэта здарылася ў нашым унікальным выпадку.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER