Толькі лічаныя адзінкі могуць па-хваліцца такім значным багажом. А тут яшчэ і такая акалічнасць: і сёння, нягледзячы на свой сталы і паважаны ўзрост, ветэран застаецца ў страі і ў свае 76 па-ранейшаму працуе ў сельскай гаспадарцы.
Пачатак працоўнай біяграфіі гэтага мужчыны прыпадае на 1970 год. Працаваў спачатку трактарыстам у родным Брадцы, затым доўгі час быў брыгадзірам адной з лепшых брыгад Бярэзіншчыны, а з 1991 года з’яўляецца працаўніком СУП «АграМАЗ», дзе выконвае абавязкі спецыяліста ў аддзяленні Васілеўшчына. Да сваіх абавязкаў заўсёды ставіўся толькі адказна і з любоўю да роднай зямлі. Таму і дзячыла яна гаспадару поўнай мерай. Былі і высокія паказчыкі, і дасягненні на ніве раслінаводства і жывёлагадоўлі, за што Іван Собаль двойчы быў удастоены высокіх урадавых узнагарод – спачатку ордэна “Знак Пашаны”, які атрымаў у 1976 годзе, а затым, праз шэсць гадоў, - ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Дзячыць зямелька Івану Анісімавічу і тым, што дорыць яму нястомную энергію і жвавасць, якія і з’яўляюцца тымі стымуламі, што не даюць ветэрану пакінуць свой пост і адправіцца на заслужаны адпачынак, бо ўжо 16 гадоў мог ён прысвячаць толькі сабе, свайму здароўю і сваёй сям’і. А яна ў мужчыны даволі вялікая. Па-першае, Іван Собаль – мнагадзетны бацька і не менш мнагадзетны дзядуля 10 унукаў, якія яго абажаюць і заўсёды з’яўляюцца жаданымі гасцямі ў яго ўтульным і цёплым доме, дзе яны разам з жонкай падтрымліваюць адмысловы парадак, не забываючы пра ўласную гаспадарку.
У Івана Анісімавіча шмат сяброў, а таксама калег, якія ставяцца да яго не толькі як выдатнага спецыяліста, а і адкрытага чалавека. Яго слова лічыцца аўтарытэтным, да яго прыслухоўваюцца, бяруць у разлік. Ды і як інакш, калі навука ветэрана і яго парады пачэрпнуты не з падручніка, а назапашаны ўласным жыццём і вопытам, назіраннямі і практыкай. Іх у ветэрана было вельмі шмат і сёння ёсць усе падставы для таго, каб насіць ганаровае званне самага старэйшага працуючага прадстаўніка галіны сельскай гаспадаркі Бярэзіншчыны.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.