Сын за бацькам

Date 20.10.2024 Man
Comment 286
Сын за бацькам

Больш за тры дзесяцігоддзі шчыруе ў сельскагаспадарчай галіне Сяргей Лаўцоў.

– 31 год прарабіў у ААТ «Бярэзінскі», – говорыць ён, – і вось ужо гады два ў СУП «АграМАЗ».

Па слядах бацькі пайшоў і сын Вячаслаў. У калектыве добра адзываюцца пра іх сямейную дынастыю, даручаюць самыя адказныя віды работ, ім падуладна практычна ўсё, нездарма і тэхніку даверылі новую.
Так, Сяргей Мікалаевіч працуе на трактары МТЗ-2022, а Вячаслаў на яшчэ больш магутным МТЗ-3522.

Раніца для іх пачынаецца сумесна: цяпер з Косаўкі, дзе яны жывуць, аўтобус дастаўляе да Любушан, а потым – у кожнага свая дарога і свой участак работы. Так, у той дзень, калі мы наведаліся ў гаспадарку, Сяргей Мікалаевіч накіраваўся на поле каля вёскі Задор’е, а Вячаслаў – у напрамку Цярэсіна. Асноўныя работы ў восеньскі перыяд – ворыва глебы, пад’ём зябліва. Працэс гэты таксама лічыцца адным з самых важных, бо ад таго, наколькі якасна будзе праведзена ўзорванне, залежыць вынік будучага ўраджаю. Па словах намесніка кіраўніка гаспадаркі, бацька з сынам на добрым ліку сярод механізатараў сельскагаспадарчага ўні-тарнага прадпрыемства, выконваюць па паўтары нормы за дзень.

Дарэчы, у Сяргея Мікалаевіча сям’я мнагадзетная: акрамя Вячаслава, есць яшчэ дзве дачкі – Таццяна і Дар’я. І ужо пяцёра ўнукаў – Цімафей, Уладзіслаў, Сяргей, Раман і Ксенія. Для сваіх сямей кожны з мужчын – надзейная апора, здабытчык і абаронца.

– Дзень бацькі – свята пакуль не такое папулярнае, як жаночыя святы, – гаворыць Сяргей Мікалаевіч. – Але, я ўпэўнены, большасць тат не менш за жонак клапоцяцца і шануюць сваіх дзяцей. Вячаслава я гадаваў з двух гадоў, але ён для мяне такі ж родны, як і астатнія. Кожнае маё дзіця для мяне дарагое, таксама як і нашы ўнукі – наш з жонкай працяг.

На жаль, гэта дата ў календары – не чырвоная. Але, напэўна, гэты дзень яскрава будзе сведчыць, як да нас, тат, адносяцца нашы дзеці, як паважаюць, на якую ўвагу яны да нас здольныя.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER