Гэта вышываныя, плеценыя, шытыя, намаляваныя творы, створаныя рукамі наведвальнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі выставы, зборы экспанатаў і даступнасці ўсім жадаючым наведаць яе прымае старшыня прафсаюзнай арганізацыі Алена Курневіч.
– Правядзенне падобных мерапрыемстваў і наогул работа з людзьмі, якія маюць абмежаваныя магчымасці, – гэта дзецішча нашага старшыні аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі “Белаграпрамбанка” Наталлі Мармузевіч. Праграма пачыналася 4 гады таму як праект «Мой свет у фарбах». У рамках акцыі кожны можа набыць выстаўленыя творы і тым самым дапамагчы іх аўтарам. Некаторыя з іх выкупілі і мы, зараз яны знаходзяццца ў фае банка. Частка работ была прадстаўлена і на аналагічнай выставе ў Мінску, некаторыя з іх сталі падарункамі замежным гасцям. Тварыць дабро, займацца дабрачыннасцю, падтрымліваць людзей – важны фактар нашай дзейнасці.
І Алена Курневіч з’яўляецца адным з такіх спецыялістаў. Дапамагае яна не толькі ў арганізацыі выстаў. У меру сваіх абавязкаў аказвае садзейнічанне кліентам банка ў крэдытаванні, страхаванні, бягучым абслугоўванні, прапануе ім новыя віды паслуг. Адна з іх, напрыклад, мабільны банкінг, калі кліент можа працаваць не толькі з выкарыстаннем камп’ютара, а і звычайнага мабільнага тэлефона, які заўсёды пад рукой і дазваляе выконваць неабходныя фінансавыя аперацыі ў рэжыме «тут і зараз».
За плячыма Алены Вадзіславаўны не адзін год работы ў банкаўскай сістэме. Да гэтага мела вопыт бухгалтара ў ПМК-182. А сёння яна, прайшоўшы многія прыступкі прафесіі, – галоўны спецыяліст сектара карпаратыўнага бізнесу і працуе з юрыдычнымі асобамі. Работы нямала, калі ўлічыць, што ў сектары ўсяго тры чалавекі. Але справа ёй падабаецца. Нават у рабоце з лічбамі яна бачыць сваю прыцягальнасць, бо за кожнай з іх – людзі, іх планы, магчымасці.
А дапамагчы людзям знайсці адзінае правільнае рашэнне, прыцягнуць новага кліента, забяспечыць яго суправаджэнне і клапаціцца аб іміджы сваёй установы для Алены Курневіч – справа гонару. І са сваімі абавязкамі яна спраўляецца паспяхова.
Не менш насычанае жыццё ў нашай гераініні і ў вольны час. Ён заўсёды праходзіць насычана. Алена займаецца вышыўкай карцін, пляценнем (у тым ліку і кошыкаў), маляваннем, вырабляе васковыя свечкі, адмысловы кулінар з процьмай арыгінальных рэцэптаў… Жыццё чалавеку дадзена для таго, каб пражыць яго насычана і яскрава. У Алены Курневіч гэта атрымліваецца.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.