Усё было ў навінку для «сухапутнага» бярэзінца, які ні разу не бачыў на свае вочы мора і вялікіх караблёў. Дадавала дадатковай рамантыкі і прыносіла нямала выпрабаванняў акліматызацыя і прывыканне да новых умоў, бо служыць давялося ў Запаляр’і. Але і гэта яшчэ не ўсё, бо Генадзь быў залічаны ў падводнікі.
– Наша падводная лодка, – расказвае ён, – адносілася да самых сучасных і вельмі магутных. Уявіце сабе толькі яе параметры: водазмяшчэнне – 48 тысяч тон, даўжыня – 170 метраў, вышыня – 28 метраў. На ўзбраенні знаходзілася 20 балістычных і кантынентальных ракет. Каманда такога агрэгата налічвала 70 чалавек. Зонай нашага абслугоўвання была Паўночная Атлантыка. Знаходзіліся мы не толькі пад вялікай таўшчынёй вады, а і вечных ільдоў, якія наша лодка была здольная прабіць. У час рэйдаў бывалі аж на Паўночным полюсе. Аднойчы там нават у футбол гулялі – каб пакінуць аб гэтым успамін.
Службу ў арміі Генадзь Сямёнавіч і сёння ўзгадвае з доляй рамантыкі. Ён не лічыць праведзеныя там гады пустой тратай часу. У выхаваўчым плане армія – перш за ўсё дысцыпліна, адзначае ён. Тут зусім па-іншаму ўспрымаецца мірнае жыццё і бесклапотнае дзяцінства. Тут ты – на пасту, гартуешся, у адказе за рубяжы, якія ахоўваеш. Гэта добрая школа станаўлення.
А яшчэ, дзякуючы службе, яму ўдалося пабачыць шмат нязведанага, пазнаёміцца з такімі гарадамі, як Санкт-Пецярбург, Кранштат, Мурманск, пабываць на Крайняй Поўначы і ў Карэліі…
Тая пара засталася ў далёкім мінулым. З таго часу прайшло ўжо больш за 40 гадоў, прысвечаных працы на роднай зямельцы. Спачатку Генадзь Смычок быў вадзіцелем тагачаснага саўгаса «Баравіно», а праз дзесяць гадоў змяніў аўтамабіль на трактар. Займацца даводзілася ўсімі відамі работ: і сеяў, і араў, і лён ірваў. І хаця сёння гэтая каштоўная культура на Бярэзіншчыне ўжо не вырошчваецца, механізатар добра памятае тыя дні. Ды і яго «дзядуля» МТЗ-892, на якім і сёння шчыруе мужчына, з’яўляецца сведкай тых падзей, бо бездакорна служыць свайму рупліваму гаспадару вось ужо чвэрць стагоддзя. А для таго, каб тэхніка праслужыла чалавеку такі вялікі тэрмін, патрэбна быць сапраўды майстрам высокага класа.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.