Самым паўночным яе пунктам лічыўся мыс Кушка, размешчаны ў Туркменістане. Дык вось, пасёлак Маргуноўка, дзе знаходзілася воінская часць, быў у сямі кіламетрах ад гэтай самай Кушкі. Спякотнае сонца тых шырот данімала з раніцы да вечара, прабіваючы на пот. Але служба ёсць служба, яе ніхто не адмяняў, і як бы цяжка табе ні было, ты павінен заступаць у каравул, каб кругласутачна весці ахову дзяржаўнай граніцы. А мяжа тут праходзіла з Афганістанам. Праўда, на той час (1990-1992 гады) баявыя дзеянні ў гэтай рэспубліцы савецкія войскі ўжо завяршылі. Але гэта не выключала магчымых выпадкаў парушэння граніцы, што калі-нікалі здаралася на гэтым участку. Верным памочнікам Мікалаю ў нясенні службы быў сабака. Так наш зямляк стаў кінолагам.
Час знаходжання ў войску Мікалая Жукоўскага супаў з перыядам распада Савецкага Саюза. Даслужыць увесь тэрмін пагранічнікам яму не ўдалося: кожная саюзная рэспубліка станавілася самастойнай дзяржавай са сваім нацыянаольным каларытам. 27 жніўня 1992 года Мікалая, як і многіх яго саслужыўцаў з іншых рэгіёнаў, вывезлі па дамах і 2 верасня ён быў дэмабілізаваны, аказаўшыся ў ліку тых апошніх салдат, якія давалі воінскую прысягу на вернасць Савецкага Саюзу. Тыя ж, каму яшчэ заставаўся істотны тэрмін службы, прысягалі на вернасць Рэспубліцы Беларусь.
Сёння Мікалай Станіслававіч – адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі. Чалавек ураўнаважаны і адказны. Ён спецыяліст шырокага профілю і выдатна спраўляецца на сваім магутным МТЗ-3235 з усімі асноўнымі глебаапрацоўчымі работамі. Аднолькава паспяхова ўпраўляецца ён з плугамі, сеялкай, культыватарам, дыскамі, іншымі прычапнымі агрэгатамі.
Дададзім, што ў нашага героя ёсць сын. Працуе ён у Мінску. Як і бацька, у свой час адслужыў у арміі – ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Па збегу абставін таксама быў кінолагам. А варту нёс на вельмі адказным аб’екце – на будуемай яшчэ тады атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Годны сын годнага бацькі.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.