Жыццё – што ўзлётная паласа

Date 23.02.2025 Man
Comment 171
Жыццё – што ўзлётная  паласа

Армейская служба ў Аляксея Юнца была менш драматычнай і трывожнай. Яно і зразумела: на двары ўжо стаяў 2006-ы год і віхуры перабудоў і катаклізмаў на той час сцёрліся з памяці, а лязгання зброяй нашы бліжэйшыя суседзі сабе яшчэ не дазвалялі.

Ды і сама служба праходзіла амаль дома – у г. Бабруйску, а Аляксей на той час жыў у Клічаўскім раёне. Трапіў у інжынерна-аэрадромны полк, які займаўся абслугоўваннем запаснога аэрадрома. Займаўся, лічы, мірнай справай: быў вадзіцелем вялікага КрАЗа і дастаўляў у часць пліты, якія затым укладвалі на ўзлётна-пасадачную паласу. За паўтара года, праведзеных у войску, паспеў пабываць на сваім аўтамабілі ў многіх гарадах Беларусі. Прывозіў патрэбны матэрыял з Мачулішчаў, Пружан, Ліды… Аднак ваенную форму, дысцыпліну, жыццё па рэжыме і статуце ніхто не адмяняў. І гэта акалічнасць накладвала свой адбітак, вымушала падпарадкоўвацца новаму рэжыму і быць больш сабраным, адказным як за свае ўчынкі, так і за даручаную справу.

Гэтыя рысы Аляксей Уладзіміравіч пасля арміі не растраціў, а наадварот прымнажаў з гадамі. І пераканаўся, што яны – найпершыя памочнікі ў дасягненні пастаўленай мэты, бездакорным выкананні абавязкаў і работы ў цэлым. За гэта яго паважаюць і цэняць у ААТ «Брадзец», куды мужчына перабраўся чатырнаццаць гадоў таму назад і стаў сярод калег поўнасцю «сваім». Сёння, як і належыць па графіку, рыхтуе да работы кукурузную сеялку, а свой МТЗ-82 – да чарговага тэхагляду. На працягу года паспявае паўдзельнічаць ва ўнясенні мінеральных угнаенняў, у нарыхтоўцы кармоў, у дастаўцы кармоў на фермы. А ў самую гарачую пару жніва ён – нязменны вось ужо на працягу шэрагу гадоў аператар зернесушыльнага комплексу.

Як лепшы працаўнік гаспадаркі не раз удзельнічаў у свяце дажынак, дзе неаднаразова адзначаўся граматамі райвыканкама за свой шчыры плён. Відаць тая ўзлётная паласа, якую па маладосці даводзілася абслугоўваць, змагла даць магчымасць добрага разгону для высокага палёту на ўсё жыццё.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Кінолаг Жукоўскі Бывай, Германія! »