Бывай, Германія!

Date 23.02.2025 Man
Comment 211
Бывай, Германія!

На чатыры гады раней Сяргея трапіў у армію яго калега, таксама механізатар, Валерый Стасевіч. І хоць развал Савецкага Саюза і разбурэнне некалі выстраенай стройнай сістэмы адбылося крыху пазней, не менш знакавую падзею давялося ў гэты час перажыць і яму.

Служыць Валерыю Вячаслававічу давялося ў Заходняй групе войскаў. Сёння няма такога паняцця, а раней яно абазначала кантынгент войскаў, якія знаходзіліся ў братніх еўрапейскіх сацыялістычных дзяржавах, у тым ліку і Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы. Прынцып “чым далей ад цэнтра, тым лягчэйшая служба” ў даным выпадку не працаваў. Складанасцей хапала. І не толькі з-за таго, што знаходзіліся за мяжой Радзімы. Галоўная праблема ўзнікла тады, калі Міхаіл Гарбачоў, зрабіўшы жэст добрай волі і праявіўшы перад Захадам сваю дэмакратычную лаяльнасць, пайшоў на аб’яднанне ў адну краіну Федэратыўнай Рэспублікі Германіі і ГДР і разбурэнне Берлінскай сцяны. За свой такі ўчынак неўзабаве Гарбачову афіцыйным германскім бокам было прысвоена званне ганаровага немца. Падзея гэтая адбылася ў 1989 годзе, якраз падчас знаходжання ва Усходняй Германіі нашага земляка.

Як узгадвае сёння Валерый Стасевіч, пасля аб’яднання стаўленне да савецкіх салдат было не з лепшых. Маглі заблакіраваць на дарозе армейскую машыну, або «дапамагчы» ёй адправіцца ў кювет. Служба абмяжоўвалася толькі тэрыторыяй воінскай часці, пакідаць якую катэгарычна забаранялася. А Валерый жа быў вадзіцелем, даводзілася ў дарозе сустракацца з рознымі праблемамі.

Паралельна з гэтым пачаўся вывад нашых войскаў з краіны, які працягваўся яшчэ і пасля дэмабілізацыі Валерыя Вячаслававіча. Так што смела можна сказаць, што ён – адзін з апошніх воінаў Заходняй групы войскаў, які праходзіў тэрміновую службу ў ГДР.

Рэдка калі ўзгадвае мужчына гэтыя падзеі. Па-першае, пакрысе сціраюцца з памяці, а па-другое, ці варта варушыць тое мінулае: вунь наперадзе колькі спраў. Хутка ж уступіць у сілу вясна, а там – толькі паспявай рупіцца. Спраў у гаспадарцы хапае заўсёды.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Жыццё – што ўзлётная паласа На пераломе »