На пераломе

Date 23.02.2025 Man
Comment 206
На пераломе

Маладосць Сяргея Аўсянскага прыпала на так званыя “ліхія дзевяностыя”. Адбіўся гэты няпросты перыяд у гісторыі нашай дзяржавы і на лёсе юнака, і на службе ў арміі.

Нарадзіўся ён у Мінску, Там жа і закончыў восем класаў адной са сталічных школ. Стаўшы выпускніком вучылішча, уладкаваўся на мотавелазавод, займаўся зборкай матацыклаў. Наступіўшы ў тую пару эканамічны крызіс, калі па некалькі месяцаў на заводзе не выплачвалася зарплата і наўкола арганізоўваліся забастоўкі, прымусіў Сяргея ўспомніць пра свае сельскія карані (маці была родам з Брадца, дзе яшчэ жыла бабуля ў сваім доме) і прыехаць на Бярэзіншчыну ў пошуках больш стабільнага жыцця. У калгасе спачатку прынялі ў якасці слесара, а затым, пасля атрымання адпаведнага пасведчання, пасадзілі на магутны Т-150.

Прызываўся летам 1992 года. За час службы двойчы давялося прымаць прысягу: спачатку на вернасць Савецкаму Саюзу, а з яго распадам – Рэспубліцы Беларусь. Няпростымі тыя гады былі не толькі ў эканамічным плане. Ідучы на повадзе Захаду і ЗША, тагачасныя ўлады прынялі рашэнне аб скарачэнні свайго ваеннага патэнцыялу і расфарміраванні шэрагу воінскіх часцей. Пад нож, дакладней сказаць пад разак аўтагена, ішло ўсё: абсталяванне, зброя, тэхніка. Сведкам і ўдзельнікам тых падзей аказаўся і Сяргей Мікалаевіч. Пасля мінскай вучэбкі ён трапіў у Барысаў на танкавы рамонтны завод. Толькі не рамантавалі там танкі (а былі яны першай камплектацыі, нават запраўленыя, заводзь – і язджай), а знішчалі. Да апошняга болціка. Пад строгім кантролем замежных назіральнікаў, якія ўказвалі, у якіх іменна месцах павінен быў прайсці аўтаген. Затым атрыманыя груды металу накіроўваліся на пераплаўку. Гэта ж якія сродкі пайшлі прахам! Не іначай як шкодніцтвам і не назавеш. Адна толькі брыгада са 180 чалавек, дзе Сяргей служыў намеснікам камандзіра ўзвода, за два гады знішчыла 1500 танкаў! Праўда, у 1994 годзе, ужо пасля дэмабілізацыі, са з’яўленнем на палітычнай арэне Аляксандра Лукашэнкі з гэтай з’явай было пакончана.

Сёння Сяргей Аўсянскі – незаменны ў гаспадарцы сейбіт. Пакуль не пачаўся вясенні сезон, рыхтуе сеялку да работы. Улетку займаецца падвозкай кармоў і бесперабойна забяспечвае статак свежай зялёнкай. З наступленнем азімай сяўбы ізноў чапляе да свайго магутнага МТЗ-3235 сеялку і робіць задзел будучага ўраджаю. За мінулыя гады мужчына ні разу не пашкадаваў аб тым, што сваім лёсам выбраў працу на зямлі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Бывай, Германія! Сябруем з законам і бяспекай   »