Там, дзе “гарачая пара” ніколі не сканчаецца

Date 29.07.2026 Man
Comment 51
Там, дзе “гарачая пара” ніколі не сканчаецца

Жанчына на ўборачнай. Якая яна? Найперш, клапатлівая і акуратная, напэўна скажа кожны і будзе правы. І ў якасьці годнага прыкладу можна прывесці загадчыцу склада ААТ “Брадзец” Ірыну Ермаловіч, якая ў гарачую пару ўборкі ўраджаю выконвае функцыі дыспетчара. Дарэчы, гарачая пара – паняцце ў сельскай гаспадарцы адноснае, бо не сканчаецца ніколі, нават зімой, калі ў Ірыны Мікалаеўны абавязкаў ненашмат менш чым і зараз – калі штодня ад цямна да цямна ідзе нясконцая плыня аўтамабіляў са збожжам, якое вязуць з палёў, дзе шчыруюць камбайны і іншая тэхніка, напрамкі на вагавую зернесушыльнага комплекса.

Дарэчы, тут на вагавой і размешчаны адначасова, умоўна кажучы, і працоўны кабінет, і штаб дыспетчара гаспадаркі. Сюды спяшаюцца і бухгалтар, які фіксуе ўлік атрыманай на ўрадлівых палях прадукцыі, і вадзіцелі грузавых машын.

Працоўны дзень у час страды ў гэтай жанчыны пачынаецца рана, ужо а 5 раніцы выязжае з Беразіно, дзе жыве, і накіроўваецца адразу на мехдвор гаспадаркі. Тут адразу з дапамогай алкатэсцера праводзіцца медагляд працаўнікоў, затым неабходна выпісаць пуцёўкі, заправіць гаручым, каму трэба – выдаць запчасткі. Потым, як кажуць, з лёгкай душой выправіцца на зернесушыльны комплекс, дзе і праходзіць пераважная большасць працоўнага дня. Падчас уборачнай так: пакуль апошні камбайн не вернецца з поля, пакуль апошняя за дзень машына не даставіць зерне – дыспетчар знаходзіцца на рабочым месцы. Важна кожнае зярнятка, якое папоўніць агульны раённы каравай.

Дарэчы, у гаспадарцы Ірына Ермаловіч працуе з 2017 года, дагэтуль шчыравала на ільнозаводзе. Сельскагаспадарчая сфера заўсёды была неад’емнай часткай яе жыцця. Уласна сама жанчына пераехала да нас з далёкай Варкуты, паўночнага горада ў Расійскай Федэрацыі. Так сышліся зоры, вышла замуж і вырашылі пераехаць на радзіму мужа на Бярэзіншчыну. З іншага ж боку карані Ірыны Мікалаеўныя таксама з Бярэзіншчыны, бо бацька нарадзіўся ў Журоўцы. Так што Бярэзіншчына для яе гістарычная Радзіма, і калі па-шчырасці, чужой ніколі не была.

- Хацелася перабрацца з паўночнага холаду туды, дзе пацяплей, - тлумачыць яна. Згадзіцеся, з улікам таго,  наколькі “гарачай” бывае ўборачная пара, і праўда, пашчасціла патрапіць у цёплы край. На гэты нявольны каламбур Ірына Мікалаеўна з усмешкай запэўнівае : - Так і ёсць! Работа ўжо звычная.

Узважыць прыбыўшыя машыны з зернем, занесці дадзеныя ў рэестр, усё дбайна зафіксаваць, да кожнай дэталі быць пільнай і ўважлівай – з ліку асноўных патрабаванняў дыспетчара. І пасля ўборачнай працоўнае напружванне нікуды не дзяецца, бо наперадзе – шэраг наступных задач. Па яе словах, уборачная заканчваецца пасяўной, ужо цяпер падрыхтоўваецца глеба пад азімы рапс. Потым уборка кукурузы, закладванне сіласных траншэй. Таму ў загадчыка склада і дыспетчара клопату хоць адбаўляй. Прынамсі, як і у кожнага сельскага працаўніка. Узімку ж поўнай хадой рыхтуюцца да вясны.

Ці падабаецца ёй работа, можна і не распытваць.

- Каб не падабалася, даўно б ужо звольнілася, - кажа Ірына Ермаловіч. – Тым больш, што сама ўжо пэўны час таму на заслужаным адпачынку. Але ж да работы за ўсё жыццё так прывыкнеш, што міжволі становішся яе неадрыўнай часткай.

Ды і кіраўніцтва гаспадаркі бачыць у Ірыне Мікалаеўне надзейнага спецыяліста, якому можна даверыць складаныя ўчасткі работы ў рамках кампетэнцыі, і не сумнявацца – усё будзе зроблена якасна і своечасова.

У Год беларускай жанчыны мо хто і задасца пытаннем, ці жаночая гэта справа: карпець над лічбамі ў спёку ад рання да цямна? Ірына Мікалаеўна ніколькі не сумнявацца: патрэбныя дакладнасць і акуратнасць у гэтай яе рабоце найперш уласцівыя жанчынам.

Дададзім яшчэ цярплівасць, працалюбства, якіх ёй не займаць, дапаўняюць агульны партрэт не толькі спецыяліста гаспадаркі, але і шчаслівай маці і бабулі ў яе асобе. Дарэчы, у Ірыны Ермаловіч яшчэ трое дзяцей і трое ўнукаў. А калі ж выпадае час працоўнага адпачынку, яна любіць яго правесці ў родных, якія жывуць у Яраслаўскай вобласці Расіі.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « На ваши вопросы отвечает отдел ЗАГС