Бачыць прыгажосць ва ўсім

Date 23.10.2026 Man
Comment 75
Бачыць прыгажосць ва ўсім

Для кожнай жанчыны прыгажосць не пусты гук, але ёсць сярод іх і такія, якія прыгажосць ствараюць літаральна кожны дзень, бо не могуць па-іншаму, яны бачаць яе ва ўсім і жывуць ёю. Для жыхаркі Бярэзіншчыны Валянціны Красікавай гэта выснова бясспрэчная.

Мастачка па натуры і па прызванні, стварае сапраўдныя шэдэўры, і не толькі там, дзе гутарка ідзе пра адно толькі мастацтва. І па яе асабістым прызнанні, гэта суправаджае Валянціну амаль з самага нараджэння.

– Наогул я пейзажыст, люблю прыроду, таму і часцей за ўсё яе малявала, працавала з акрылам, алеем і іншымі фарбамі. Але ж у творчасці ўмею рабіць усё: займалася саломапляценнем, інкрустацыяй саломкай, і нават крышачку разьбой па дрэве, вырабляла ватныя і каркасныя лялькі, – пералічвае гэтая абаяльная жанчына. – Аднак на першым месцы заўсёды было маляванне. І варта прызнацца, дома няма аніводнай маёй карціны, бо гатовыя работы адразу раздорваю сябрам.

Сяброў жа ў Валянціны шмат. Як зазначае мастачка, сваіх сяброў яна вельмі любіць і шануе, бо яны – сапраўдныя. Таму і падарункі для іх самыя лепшыя – вырабленыя ўласнымі рукамі і з добрым сэрцам. Колькі ж за ўсё жыццё было створана вырабаў, малюнкаў і карцін рукамі таленавітага майстра – не паддаецца падліку. Бо Валянціна дваннаццаць гадоў адпрацавала мастаком-афарміцелем у Бярэзінскім раённым цэнтры культуры, афармляла дэкарацыі да многіх гарадскіх свят і іншых мерапрыемстваў. А да таго моманту яна працавала ў Доме дзіцячай творчасці. Зараз яна – педагог дадатковай адукацыі, і зноў захапілася вырабам ватных лялек, якія выглядаюць досыць сімпатычнымі сувенірамі і могуць аздобіць любы інтэр’ер.

Калі добрая фея займаецца сваім мастацтвам, тады ўсё наўкола заціхае і пануе цішыня, быццам спыняецца час. Хатнія ведаюць, калі дарагая мама і каханая жонка захапілася працай, лепш не перашкаджаць. Раней яна малявала па начах, калі ўсе спяць, і практычна няма аніякіх гукаў. На пытанне, як рэагаваў муж на падобныя начныя заняткі, Валянціна з усмешкай завярае: муж прывык і змірыўся. Заўважым, так бывае толькі тады, калі ў сям’і надзейна ўсталёўваюцца каханне і згода. Дарэчы, муж Уладзімір працуе майстрам у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Сёлета 14 снежня яны адзначаць 30-годдзе сямейнага жыцця. Іх старэйшай дачцэ Дзіяне 29 гадоў, малодшай Марыі – 21, нядаўна выйшла замуж.

Як сапраўднаму мастаку, Валянціне ўласціва эмацыянальная натура, што ўплывае і на выбар фарбаў, яны ў яе заўсёды яркія, як у жыцці, так і ў творчасці. Як кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Дома на кухні Валянціна таксама адмысловы майстра, творчы талент за плітой рэалізуецца не менш імпэтна, як і за мальбертам. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў гэтым плане мужу, родным і блізкім пашанцавала. Валянціна ў жарт завярае, што дома ёй часам забараняюць гатаваць, бо не могуць столькі з’есці – усё настолькі смачнае і вельмі многа. Гэтаму віду мастацтва давялося вывучыцца самастойна.

Цяпер гаспадыня творыць на кухні сапраўдныя шэдэўры. Здольная, як кажуць у такіх выпадках, зварыць «кашу из топора», і паверце, каша тая атрымаецца хоць на царскі стол.

– Выйшла замуж і давялося навучыцца. У першыя дні муж, пэўна, плакаў ад маёй ежы, але маўчаў і еў, бо не ведала нават, як зляпіць катлеты, – з усмешкай успамінае Валянціна.

І яшчэ важнае ў жыцці Валянціны – яна шчаслівая бабуля, хоць калі паглядзець на яе ўважліва, назваць «бабуляй» язык не павернецца. Тут ужо галоўны сакрэт – здаровы лад жыцця. Апошнім часам адмовілася ад мучнога і цукру, а ўнутраная энергія і рухавасць не дазваляюць набраць лішнюю вагу, каб заўсёды быць у форме. Не на апошнім месцы і заўсёды добры настрой, які, напрыклад, дорыць любімы ўнук Давід. У кастрычніку хлопчыку будзе 6 гадкоў. Валянціна часцяком гатуе дарагому ўнуку прысмакі, а ён з задавальненнем дапамагае любімай бабулі на кухні ляпіць з цеста булачкі.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота прадастаўлена Валянцінай КРАСІКАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER