Нямала і такіх гаспадароў, што лічаць набыццё пажарнага апавяшчальніка непатрэбным. Нагадваем, што прыбор ратуе каля сотні чалавек штогод на пажарах у нашай краіне. Усталюйце яго на столь ці на сцяну кожнага жылога пакоя і спіце спакойна. Парыкладна раз за год трэба замяніць батарэйку у апавяшчальніку.
Часта людзі становяцца пагарэльцамі з-за ўзгаранняў электапрыбораў і іншых прычын, звязаных з аварыйнымі рэжымамі работы электрасетак. Памятайце, што не ўсе прыборы могуць быць уключанымі ў разетку пастаянна. Любы працуючы электрапрыбор трэба кантраляваць, і нават мабільны тэлефон пажадана не ставіць на зарадку на ноч.
Начальнік Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Мазанік расказвае:
– У бягучым годзе на тэрыторыі Бярэзінскага раёна адбыліся 27 пажараў, у агні загінулі 4 чалавекі. Для параўнання: летась такіх надзвычайных здарэнняў было на два больш, загінулі тры чалавекі. Банальная ісціна «Ваша бяспека – у вашых руках!» ніколі не згубіць актуальнасці. Больш за 90 працэнтаў пажараў – вынік нядбайнасці і неасцярожнасці самога пагарэльца.
Курэнне ў жылых пакоях – сапраўдная праблема, якую выкараніць амаль што немагчыма. І наогул да бяды рукой падаць, калі курэц нецвярозы… Часцей людзі так і гінуць на пажараў: выпіў – закурыў – заснуў. Вельмі небяспечны перш за ўсе ядавіты дым, які атручвае чалавека.
У раёне пачалася акцыя «За бяспеку разам»: разам з іншымі службамі ратавальнікі наведваюць жылле грамадзян, даюць парады, аказваюць адрасную дапамогу.
Тэлефон службы ратавання – 112. Зрабіце свой дом бяспечным, каб не прыйшлося тэлефанаваць на гэты нумар.