Яго сумленна пражыты век

Date 02.11.2026 Man
Comment 77
Яго сумленна пражыты век

Нікому воч не запарушыў,

Нідзе вады не замуціў,

Ні ў чым закона не парушыў,

Свой век сумленна я пражыў.

Гэтыя радкі з верша «Запавет» (яго родныя прачыталі толькі пасля смерці бацькі) высечаны на помніку Міхаілу Пятровічу Сакаву – нашага былога калегі, які ўнёс неацэнны ўклад у развіццё і станаўленне раённай газеты і якога цанілі бярэзінцы не толькі па шматлікіх публікацыях, а і ведалі асабіста як чалавека сціплага, сумленнага і сапраўднага патрыёта сваёй малой радзімы.

Сапраўды, ён ніколі не скардзіўся на лёс. Лічыў, што ўсе савецкія людзі, якія перажылі вайну і засталіся жывымі – шчаслівыя людзі, нягледзячы на выпаўшыя цяжкасці і жахі.

Што ж вядома нам пра гэтага чалавека? Нарадзіўся Міхаіл Пятровіч 7 лютага 1919 года ў вёсцы Брадзец у сям’і Пятра і Марыны Сакавых. Міша быў чацвёртым сярод дзяцей. Старэйшымі былі Рыгор, Васіль і Ганна, малодшая Галя нарадзілася на два гады пазней. Сям’я была вельмі беднай. А тут яшчэ і вялізнае гора пасцігае яе – 21 студзеня 1924 года памірае бацька. Пяцёра дзяцей застаюцца на руках маці. А ў яе да таго ж быў вельмі дрэнны зрок.

Мішу было толькі шэсць гадоў, калі ён быў аддадзены на заробкі: дапамагаў пасвіць і карміць жывёлу заможнаму селяніну. Потым – першы клас і цяжкая праца на сваім і чужым падвор’ях. Голад браў сваё: пачалася дыстсрафія. Ад смерці хлопчыка выратавала сваячка маці: заехала ў госці і забрала Мішу да сябе ў Смілавічы на некалькі гадоў.

Вярнуўшыся ў Брадзец, закончыў сямігодку, стаў камсамольцам. Затым быў Віцебск і праца на заводзе, фабрычна-заводская школа, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю. Вучыўся добра і старанна, таму неўзабаве стаў студэнтам сталічнага педагагічнага вучылішча. У Мінску яго і застала вайна. Усе ваенкаматы былі зачыненымі, таму не змог прызвацца ў Чырвоную Армію. Пяшком прыйшоў у Брадзец, які праз некалькі дзён занялі немцы.

У гэты час Міхаіл разам з сябрамі-камсамольцамі пачынае рыхтавацца да барацьбы з ворагам – збірае зброю, піша лістоўкі. Нарэшце вясной 1942

года становіцца партызанам спачатку 345-га, а потым 120-га атрада. Ваяваў чэсна і смела. Перажыў тры блакады. Прымаў удзел у разгроме нямецкіх гарнізонаў, хадзіў у засады, на чыгунку, двойчы ўдзельнічаў у штурме Клічава. Адзначаны баявымі ўзнагародамі. Галоўным сваім учынкам лічыў тое, што змог захаваць жыццё трохгадовай дзяўчынцы, якую вынес на сабе ў час прарыву трэцяй блакады. Выратаваная дзяўчынка і цяпер жыве ў Рызе.

Дададзім, што 120-ы атрад з’яўляўся штабным. Пры ім дзейнічалі падпольныя райкамы партыі і камсамола, выдавалася раённая газета. У ёй і пачаў друкаваць свае артыкулы і вершы Міхаіл Сакаў.

Скончылася вайна.

Помню, горад, цябе ў сорак пятым,

Як заціхла віхура вайны:

Галавешкі ад спаленых хатаў,

Ды шкілеты ад печаў між іх.

На вызваленай тэрыторыі трэба было аднаўляць жыццё, а спецыялістаў не хапала. Так і застаўся працаваць у раёнцы аж да выхаду на пенсію ў 1979 годзе. Займаў розныя пасады: карэспандэнт, намеснік рэдактара, адказны сакратар, загадчык аддзелаў. Пісаў не толькі журналісцкія матэрыялы, а і вершы, жарты, гумарэскі, фельетоны, апавяданні, аповесці і нават неялікія п’есы. Апошняя акалічнасць стала нагодай таго, што Міхаіл Пятровіч быў па сумяшчальніцтве прызначаны на некалькі гадоў рэжысёрам аматарскага тэатра пры РДК, кіраўніком якога на той час быў бацька Валерыя Дайнекі.

Бярэзінцам вельмі падабаліся рубрыкі «На плынь Бярэзіны» і «Тарасова жыгучка», адказным за якія ён быў. Шмат часу ўдзяляў дзейнасці школы рабочых і сельскіх карэспандэнтаў, якую вёў не адзін год. І пісаў, пісаў, пісаў. Яму былі падуладныя любыя тэмы. Публікацыі за подпісам Міхаіла Сакава чытачы заўсёды ўспрымалі сардэчна, бо яны былі напісаны з душой і нераўнадушшам. Не забываў і паэтычную творчасць. Як патрыёт Бярэзіншчыны, шмат вершаў (а некаторыя з іх нават сталі песнямі) прысвячаў роднаму краю. Вось адзін з іх.

Выйду за ваколіцу –

Жыта долу клоніцца ,

Будзіць ніву ласкавы жаваранка звон.

Дружна каласіцца,

Як чарот, пшаніца,

Хваляй разліваеца сінявокі лён.

Забялела грэчкаю

Поле па-над рэчкаю,

Шэпчуць між сабою ячмяні, аўсы.

На мурожным поплаве,

Бы зялёным востраве,

Пасвяцца малочныя тлустыя гурты.

Не злічыць, на шчасце,

Шчодрае багацце,

Што даюць нам сёння нівы і сады.

Набірай жа сілы,

Распраўляй жа крылы,

Край па-над Бярозай, родны назаўжды!

У 1946 годзе Міхаіл Пятровіч стварыў сям’ю. Пабудавалі хатку на вуліцы Інтэрнацыянальнай, выгадавалі траіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Здавалася б, жыць ды жыць. Але вайна брала сваё. Здароўе рэзка пагаршалася. Як чалавек вельмі вясёлы і пазітыўны, не падаваў віду, што яму кепска. Не хацеў, каб гэта заўважалі. Яго сэрца перастала біцца раніцай 14 студзеня 1985 года.

Мяне – прашу вас, жонка й дзеці, –

Каб не хавалі ў гушчары.

Там змрочна, сонца скупа свеціць,

Звіняць нялюба камары.

Лепш пахавайце пры дарозе,

Дзе з сонцам шэпча ветравей,

І веснім ранкам на бярозе

Спявае шчыра салавей…

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота з сямейнага архіва САКАВЫХ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Подписка

Видео о районе

Календарь

« Ноябрь 2026 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30