Прафесію выбіраў па душы

Date 07.07.2023 Man
Comment 957
Прафесію выбіраў  па душы

Дзмітрый Крот сёлета ў чэрвені назначаны на пасаду ляснічага Дзмітравіцкага лясніцтва Бярэзінскага лясгаса. Дагэтуль працаваў тут жа майстрам лесу. А прыехаў ён сюды па ўласным жаданні.

Пасля заканчэння вучобы ў Полацкім лясным каледжы малады спецыяліст трапіў у Чачэрскі лясгас.

– Родам я з вёскі Юр’евічы Гомельскай вобласці, – гаворыць Дзмітрый Сяргеевіч. – Прафесію выбіраў па душы. І Бярэзінскі лясгас сам выбраў, па рэйтынгу лясгасаў у інтэрнэце. У каледжы атрымаў таксама і другую спецыяльнасць – вальшчыка.

– Калі працаваў майстрам у маім падначаленні знаходзіліся тры леснікі, а калі вяліся на майстарскім участку высечкі, далучаліся і вальшчыкі. Я рабіў адводы, – дадае ён, – а потым прымаў аб’ём выкананых на лесасеке работ. Зараз аб’ём абавязкаў пашырыўся і дабавілася больш адказнасці.

Дарэчы, калі ў Бярэзінскім лясгасе праводзяцца спаборніцтвы сярод вальшчыкаў, ужо другі год запар Дзмітрый (у якасці юніора) таксама прымае ўдзел у мерапрыемстве. Нароўне з “асамі” ён праходзіць усе этапы выпрабаванняў, каб удасканальваць сваё майстэрства вальшчыка.

Тут, на Бярэзіншчыне, Дзмітрый сустрэў сваю “палавінку”. Таццяна Віктараўна спачатку таксама працавала ў Дзмітравіцкім лясніцтве майстрам лесу, а нядаўна перайшла ў Бярэзінскае на тую ж пасаду. У хуткім часе ў маладой сям’і чакаюць першынца.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER