СУП “АграМаз” – лідар па тэмпах жніва

Date 11.08.2022 Man
Comment 578
СУП “АграМаз” – лідар па тэмпах жніва

Сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “АграМАЗ” з’яўляецца лідарам жніва на Бярэзіншчыне па тэмпах вядзення ўборкі. На 10 жніўня тут было ўбрана 76 працэнтаў плошчаў – амаль тысяча гектараў. Намалочана пры гэтым было 3290 тон збожжа пры ўраджайнасці 33,3 цэнтнера з гектара, якая крыху перавышае сярэднераённую. Пры гэтым найбольш урадлівымі аказаліся палеткі азімай пшаніцы, якія далі па 39 цэнтнераў на круг.

Зразумела, галоўным фактарам на жніве з’яўляюцца яго ўдзельнікі. А іх задзейнічана нямала. Асноўны ж цяжар прыпадае на камбайнавыя экіпажы і занятых на адвозцы збожжа вадзіцеляў. Дарэчы, лідарам у ліку апошніх з’яўляецца неаднаразовы ўдзельнік падобных адказных кампаній Аляксандр Баранаў. Днямі на свій рахунак ён запісаў першую тысячу тон перавезенай збажыны.

-Гэта мой восьмы сезон на жніве, – расказвае мужчына. – Столькі ж часу працую і ў “АграМАЗе”. Работа вадзіцеля падабаецца, а мой верны памочнік-аўтамабіль мяне не падводзіць. Таму і дасягаю поспехаў. Запаветны рубеж у тысячу тон пераадольваць даводзілася і ў мінулыя гады. Але такі паказчык для мяне – не самамэта. Найважней для ўсіх нас – і камбайнераў, і вадзіцеляў (а ў нас на адвозцы задзейнічана пяць адзінак тэхнікі) – з’яўляецца задача – без страт і ў аптымальныя тэрміны ўбраць вырашчаны ўраджай. І толькі тады, калі засекі будуць напоўнены хлебам новага ўраджаю, можна будзе азірнуцца і сказаць, што ты ўнёс у гэтую справу сваю важкую лепту і зрабіў ўсё, што мог.

Закончыўшы кароткую размову, А. Баранаў паспяшаўся да камбайна, які сваім праблісковым агеньчыкам даваў сігнал на выгрузку збожжа з бункера. Члены камбайнавага экіпажа Валерый Несцяровіч і Аляксандр Пянкрат, атрымаўшы хвілінку перапынку пакуль ідзе выгрузка зерня, расказваюць, што ў такім тандэме працуюць на палетках вось ужо пяты год. Зладжанасць у працы, добрае разуменне адзін аднаго, належным чынам падрыхтаваны камбайн і назапашаны вопыт работы даюць абодвум магчымасць дасягаць добрых вынікаў. Як сцвярджаюць мужчыны, ім у мінулым ужо двойчы ўдавалася трапляць у лік тысячнікаў на жніве. Сёлетняя ўраджайнасць і тэмпы работ таксама даюць падставы дасягнуць гэтага рубяжа.

Але ж і астатнія шэсць экіпажаў таксама не сядзяць без справы і нарошчваюць свае здабыткі ў намалоце. Так, поплеч з В. Несцяровічам і А. Пянкратам шчыруюць экіпажы ў складзе Аляксандра Слабко і Вячаслава Крыварота, Сяргея Петручэні і Ігара Старавойтава, іншыя механізатары, якія ганарацца плёнам сваёй работы і дасягаемымі поспехамі.

А яны, гэтыя поспехі і намаганні, не застаюцца незаўважанымі. Пацвярджэннем таму стаў візіт да ўдзельнікаў жніва сталічных прафсаюзных лідараў - старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мінскага аўтамабільнага завода Віктара Антоненкі і старшыні федэрацыі “Белпрафмаш” Валерыя Курсевіча. Прадстаўнікі галаўнога прадпрыемства сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства прыбылі ў Любушаны не з пустымі рукамі, а з прыемнай і адказнай місіяй. Пра яе расказаў В. Антоненка.

-Мы тут сёння для таго, каб падзякаваць нашых хлебаробаў за актыўны ўдзел у выкананні харчовай праграмы краіны і за тыя намаганні, якія яны прыкладаюць для паспяховага завяршэння жніва. У знак удзячнасці мы прывезлі персанальныя падарункі кожнаму члену збожжаўборачных камбайнаў і вадзіцелям, якія найбольш вызначыліся пры адвозцы збажыны і выходзяць на паказчык у тысячу перавезеных тон.

Наогул, галоўны клопат прафсаюзаў – гэта чалавек, належныя ўмовы яго працы, захаванне тэхнікі бяспекі ў час выканання работ і стварэнне адпаведнай рабочай атмасферы. Таму мы трымаем пад пільным кантролем усе гэтыя пытанні і пры неабходнасці аказваем дапамогу, а пры ўзнікненні праблемы імкнёмся разам разабрацца ў ёй і не дапускаць парушэнняў Працоўнага кодэкса, які таксама ў аснову асноў ставіць асобу чалавека.

Расказ аб жніве ў СУП “АграМАЗ” быў бы няпоўным, калі не ўпамянуць пра адну важную падзею, якая адбылася тут напярэдадні ўборачнай кампаніі

У Любушанах, побач з памяшканнямі мехмайстэрняў быў здадзены ў эксплуатацыю новы зернесушыльны комплекс. Ды які! Хаця, што там гаварыць, калі ўсё і без таго добра відаць на зробленых фотаздымках. Тым не менш, унясём крыху яснасці. Расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Яўген Пілецкі:

- Новы КЗС выглядае больш выйграшна на фоне аналагічных канструкцый мінулых гадоў, у тым ліку і той зернесушылкі, якая выкарыстоўвалася ў нас да гэтага года. Назаву асноўныя адрозненні і плюсы гэтага агрэгата. Па-першае, работа КЗС поўнасцю камп’ютызаравана, дакладней, усе яго тэхналагічныя працэсы, наладкі, рэгуліроўкі. Па-другое, адначасовая загрузка шахты складае каля 60 тон. Па-трэцяе, адзначаецца эканомія паліва пры дапрацоўцы кожнай тоны зерня (КЗС працуе на дызельным паліве). Па-чацвёртае, тут устаноўлена магутная сістэма ачысткі зерня, у тым ліку і лінія па падрыхтоўцы насення непасрэдна да высеву без дадатковай яго апрацоўкі. Яшчэ адзін станоўчы момант заключаецца ў тым, што на гэтым комплексе можна дапрацоўваць усе асноўныя віды зерневых культур. Істотным дадаткам да КЗС з’яўляюцца дзве ёмістасці на тысячу кубаметраў кожная для захоўвання зерня. А гэта, зноў жа, істотная эканомія на транспарціроўку пры дастаўцы зерня на склады.

Дададзім, што комплекс створаны беларускімі вытворцамі на “Амкадоры”, ён просты ў абслугоўванні – яго ў змену абслугоўвае ўсяго два спецыялісты гаспадаркі, якія перад гэтым у Горках прайшлі спецыяльныя курсы падрыхтоўкі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER