Залог высокага ўраджаю – насенне

Date 19.08.2022 Man
Comment 1100
Залог высокага ўраджаю – насенне

Гэта ведае кожны спецыяліст сельскай гаспадаркі. Зразумела, уплываюць на ўраджайнасць палеткаў і такія істотныя фактары, як культура земляробства, падбор папярэднікаў, умовы надвор’я… Тут важны кожны аспект.

Вялікую ролю насенняводства ў развіцці аграрнай сферы і краіны ў цэлым падкрэсліў у час наведання селекцыйна-насенняводчага комплексу РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве” Прэзідэнт краіны А. Лукашэнка. Работу спецыялістаў цэнтра і яе вынікі ён назваў даражэй за золата. І сапраўды, багацце палеткаў – гэта золата дзяржавы.

У цэнтры сёння работа вядзецца па селекцыі 38 відаў сельскагаспадарчых раслін, вытворчасць арыгінальнага насення склала каля 140 раяніраваных гатункаў. Летась на палетках рэспублікі вырошчвалася 176 гатункаў сельгаскультур селекцыі цэнтра, якія займалі больш за 80% пасяўных плошчаў, а айчынныя гатункі азімага жыта, аўса, кармавога ячменю, грэчкі, яравой пшаніцы і лубіну – больш за 90% плошчаў.

Дзейнасць цэнтра НАН па земляробстве ў Смалявіцкім раёне добра вядома бярэзінскім аграномам, яны часта звяраюцца сюды па пытаннях вырошчвання той ці іншай культуры. Напрыклад, удакладняюць тэхналагічныя працэсы пры рабоце з такімі культурамі, як азімы рапс, азімы ячмень, азімая пшаніца. Пры гэтым яны атрымліваюць неабходныя кансультацыі, а пры патрэбе спецыялісты цэнтра выязджаюць на нашы палеткі.

Сельскагаспадарчыя арганіацыі напрамую закупляюць у цэнтры насенне высокіх рэпрадукцый, у тым ліку азімай пшаніцы, яравой пшаніцы, яравога ячменю, азімай свірэпіцы, аўса. Асабліва шчыльна яны супрацоўнічаюць па насенні азімага рапсу (гатункі “Капітал”, “Імперыял”, Вітаўт”, “Онікс” і іншыя).

Цікавы і такі факт. Сёлета ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, “Пагосцкі” і “Уша” ў якасці эксперыменту высейвалі такую новую для нашых палеткаў культуру, як сланечнік (аб увядзенні яго ў севазварот гаспадарак рэспублікі таксама ішла размова ў час візіту Прэзідэнта Беларусі да навукоўцаў). Дык вось, і ў гэтым выпадку мы мелі трывалы кантакт з супрацоўнікамі цэнтра, з якімі нашы спецыялісты ўдакладнялі тэхналогію вырошчвання гэтай культуры.

Сапраўды, насенняводства – навука перспектыўная і вельмі ўплывовая для эканомікі краіны. Упэўнены, што наперадзе вытворцаў прадукцыі раслінаводства чакаюць новыя поспехі і дасягненні, а значыць, і далейшы рост аддачы кожнага гектара.

Васіль ПІСКУН,
начальнік дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Бярэзінскім раёне.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER